Перайсці да зместу

Станіслаў Станіслававіч Давойна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Станіслаў Давойна)
Станіслаў Давойна
Герб «Праўдзіц»
Герб «Праўдзіц»
6-ы Ваявода полацкі
1542 — 1573
Папярэднік Ян Юр’евіч Глябовіч
Пераемнік Мікалай Дарагастайскі

Нараджэнне
Смерць 1573(1573)
Род Давойны
Бацька Станіслаў Іванавіч Давойна
Маці Соф’я з Неміровічаў[d][1]
Жонка 1) Петранеля Радзівіл
2) Дарота Касцевіч
3) Барбара Саламярэцкая
Дзеці няма
Веравызнанне Каталіцкая Царква[2]

Станіслаў Давойна (? — 1573) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода полацкі (з 1542)

У маладосці служыў пры кіеўскім ваяводзе Андрэю Неміровічу, удзельнічаў у барацьбе з татарамі і маскоўскім войскам. У 1528 стаў каморнікам каралевы Боны, у 1530 — каралеўскім дваранінам. Ад Неміровіча атрымаў зямельныя ўладанні, пабагацеў і ў 1539 выстаўляў са сваіх зямель 96 узброеных коннікаў.

24 мая 1542 прызначаны на пасаду полацкага ваяводы. Старанна выконваў ваяводскія абавязкі, сачыў за абараназдольнасцю полацкіх умацаванняў, пабудаваў новы паркан за Вялікім і Запалоцкім пасадамі, павялічыў конную службу Полацкага замка, клапаціўся аб гаспадарчым развіцці Полацкай зямлі, спрыяў пераходу заслужаных людзей у шляхецкае саслоўе. У 1555 узначальваў пасольства ВКЛ у Маскву, якое падоўжыла перамір'е паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай яшчэ на 2 гады.

Падчас Інфлянцкай вайны у студзені 1563 65-тысячнае маскоўскае войска на чале з Іванам IV падышло да Полацка і аблажыла яго. Давойна кіраваў 2-тыднёвай абаронай горада. У абаронцаў былі занадта малыя сілы, а Давойна да таго ж зрабіў некалькі тактычных памылак, таму, не атрымаўшы ніякай дапамогі, мусіў здаць Полацк маскоўскаму цару.

У якасці палоннага разам з жонкай Петранеляй Радзівіл, уладыкам Арсеніем і шляхтай высланы ў Маскву, дзе жонка памерла. Вярнуўся ў ліпені 1567 дзякуючы намаганням вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Астатнія гады жыцця быў пасіўны, функцыі ваяводы выконваў намінальна. Удзельнічаў у працы Люблінскага сойма 1569.

Паходзіў з роду Давойнаў, сын мерацкага старосты Станіслава Давойны.

У 1552 Ганна Сапега, удава Яна Неміровіча, абвясціла аб тым, што ўсынаўляе Станіслава Давойну, што дазволіла апошняму атрымаць у спадчыну Лунінец[3].

Быў тройчы жанаты. Першая жонка Петранеля Радзівіл, дачка Яна Радзівіла, памерла ў маскоўскім палоне. У 1568 ажаніўся з Даротай, дачкой Вацлава Касцевіча і ўдавой Яраслава Галоўчынскага. Пасля яе смерці ажаніўся ў 1572 з Барбарай Саламярэцкай, удавой Канстанціна Хадкевіча. Дзяцей не пакінуў.

Зноскі