Старыя хрысціянскія могілкі (Верхнядзвінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старыя хрысціянскія могілкі
55°46′17″ пн. ш. 27°55′51″ у. д.HGЯO
Кіруючая арганізацыяВерхнядзвінскае ДРУП ЖКГ 
Размяшчэнне
Краіна
ВобласцьВіцебская вобласць
РаёнВерхнядзвінскі раён
МесцазнаходжаннеВерхнядзвінск,
вул. Савецкая, 118/120 
Гісторыя
Ранейшыя назвыГарадскія могілкі,
Старыя могілкі 
Тыпдзеючыя 
Дата заснаванняXVIII стагоддзе 
Плошча17 га
Map

Старыя хрысціянскія могілкі, таксама Старыя могілкі, Гарадскія могілкі — могілкі ў Верхнядзвінску. Знаходзяцца ў цэнтральнай частцы горада паміж ракой Заходняя Дзвіна і вуліцай Савецкай. Старэйшы і буйнейшы некропаль горада.

Могілкі займаюць плошчу каля 17 гектараў і размешчаны на прыродным узгорку (у цэнтры), надпоймавай правабярэжнай тэрасе Дзвіны (заходняя частка) і раўніне ўздоўж вуліцы Савецкай (усходняя частка).

Дакладны час узнікнення могілак невядомы. Самыя старыя з захаваўшыхся падаванняў датуюцца канцом XVIII — пачаткам ХІХ стагоддзя. На той час могілкі знаходзіліся па-за межамі населенага пункта прыкладна за 500 метраў на поўдзень ад жылой забудовы Дрысы. З часам, з-за таго, што развіццё мястэчка (пазней — горада) было абмежавана рэкамі Дзвіна і Дрыса амаль з усіх бакоў, акрамя паўднёвага, могілкі хутка апынуліся аточанымі жылой забудовай. Пэўны час могілкі з’яўляліся фактычна мяжой населенага пункта, за якой пачыналіся Полацкі тракт (на паўднёвы ўсход) і Дзісненскі тракт (на поўдзень узжоўж Дзвіны).

Да апоўняй чвэрці ХХ стагоддзя на пагорку ў цэнтры могілак існавала драўлялая праваслаўная царква, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі ў традыцыях беларускага драўлянага дойлідства, якая ў савецкія часы не выкарыстоўвалася. Храм меў высокую страху з дранкі альбо гонты, з двума крутымі скатамі. У 1990 годзе царква была разабрана на бярвенні, перавезена ў мястэчка Асвея, дзе была адноўлена і сёння лічыцца самым паўночным храмам Беларусі.

Захавалася ўваходная брама з паўцыркульным праёмам ля паўнона-ўсходняга кута, пабудаваная з чырвонай цэглы ў ХІХ стагоддзі ў неараманскім стылі. Вянчае браму праваслаўны крыж, усталяваны ўжо ў ХХІ стагоддзі. Таксама часткова захавалася цэнтральная алея могілак, якая вяла ад брамы да царквы.

Асноўная маса пахаванняў маркіравана як хрысціянскія: праваслаўныя, каталіцкія, лютэранскія і інш. (маюць адпаведны крыж), сустракаюцца пахаванні без пазначэння канфесійнай прыналежнасці ці маркіраваныя пяціканцовай зоркай.

Да канца ХХ стагоддзя гэта былі асноўныя (акрамя Яўрэйскіх) могілкі горада. Са з’яўленнем новых гарадскіх камунальных могілак у лясным масіве паміж вёскамі Яніна і Бялькоўчына на паўночны ўсход ад горада могілкі на беразе Дзвіны пачалі пазначаць «старымі» ці «гарадскімі».

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]