Яўрэйскія могілкі (Верхнядзвінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яўрэйскія могілкі
Старая частка могілак
Старая частка могілак
55°46′00″ пн. ш. 27°56′24″ у. д.HGЯO
Кіруючая арганізацыяВерхнядзвинскае ДРУП ЖКГ 
Размяшчэнне
Краіна
ВобласцьВіцебская вобласць
РаёнВерхнядзвінскі раён
МесцазнаходжаннеВерхнядзвінск 
Гістарычны раёнМікрараён 
Гісторыя
Тыпдзеючыя могілкі 
СлавутасціБрацкая магіла ахвяр Халакосту 
Дата заснаванняXVII стагоддзе 
Плошча14 га
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яўрэйскія могілкі — могілкі ў Верхнядзвінску. Размешчаны ў мясцовасці Мікрараён і абмежаваны ракой Дрыса з паўночнага ўсходу, вуліцай Міру з паўднёвага ўсходу, вуліцай Калініна з паўночнага захаду і вуліцай Савецкай з паўднёвага захаду.

Агульная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Могілкі займаюць плошчу каля 14 гектараў. Умоўна падзяляюцца на старую і новую часткі. Пахаванні на старой частцы ў асноўным адносяцца да канца XVIII — другой паловы ХІХ стагоддзяў. Новая частка (бліжэй да вуліцы Савецкай) змяшчае з большага пахаванні пасля Другой сусветнай вайны, тут пахаванні працягваюцца і сёння.

Асноўная маса пахаванняў маркіравана як іўдзейскія (зоркамі Давіда або надпісамі на іўрыце). Сустракаюцца таксама пахаванні без пазначэння рэлігійнай прыналежнасці і невялікая колькасць хрысціянскіх пахаванняў з крыжамі (у асноўным ахрышчаных яўрэяў ці членаў змешаных хрысціяна-іўдзейскіх сем’яў) — такія пахаванні пачалі з’яўляцца тут толькі ў XXI стагоддзі.

Брацкая магіла ахвяр Халакосту[правіць | правіць зыходнік]

У 1942 годзе немцы тут растралялі амаль усіх жыхароў Дрысенскага гета, агулам 769 чалавек. У пачатку 1950-х гадоў па ініцыятыве Сафіі Маісееўны Батушанскай і Абрама Львовіча Бейліна, чые родныя былі забітыя тут, на яўрэйскіх могілках на брацкай магіле ахвяр генацыду яўрэяў была ўсталявана мармуровая дошка, а пазней збудаваны мураваны помнік. На помніку апроч надпісу на рускай мове таксама былі змешчаны словы на іўрыце. На рускай мове было напісана: «Вечная памяць ахвярам фашысцкага тэрору, па-зверску закатаваным 2 лютага 1942 года». А словы на іўрыце былі іншымі: «Тут пахаваны дайшым (гэта значыць святыя яўрэі, якія загінулі за веру), забітыя па загадзе Гітлера, ды забудзецца імя яго. Ту бі-Шват, год 5702 (паводле яўрэйскага летазлічэння)». У наступныя гады дзеці загінуўшых яўрэяў арганізоўвалі талокі, збіралі надмагільныя камяні (мацевы) з яўрэйскіх могілак, якія былі раскіданы па ўсім горадзе. Іх адвозілі назад на могілкі і ўсталёўвалі каля расстрэльнага рова.

28 ліпеня 2013 года на тэрыторыі могілак быў адкрыты новы мемарыяльны знак у памяць пра 769 яўрэяў Дрысенскага гета, расстраляных нацыстамі і іх прыспешнікамі 2 лютага 1942 года. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, кіраўнікі і прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый Беларусі, былыя вязні гета і ветэраны вайны, спонсары з Вялікабрытаніі і ЗША.

Памятны знак усталяваны на сродкі сем’яў Лазарус (Вялікабрытанія), Гейслер і Клетэр (ЗША). На новым помніку на беларускай, англійскай мовах і на іўрыце выкананы надпіс «Ахвярам нацызму. Тут у лютым 1942 года былі па-зверску расстраляныя 769 яўрэяў Верхнядзвінскага гета». На ўсіх мовах зроблена істотная лагічная памылка: ніколі не існавала «Верхнядзвінскага гета», бо горад Дрыса быў перайменаваны ў Верхнядзвінск толькі ў 1962 годзе, то бок праз 20 год пасля трагічных падзей — гэта значыць гета было «Дрысенскім». Акрамя гэтага, у беларускамоўным надпісы дапушчаны чатыры памылкі: замест літары «у» стаіць «у нескладовае», слова «расстраляныя» напісана без падаўжэння зычных, а слова «Верхнядзвінскага» напісана ўвогуле з дзвюма памылкамі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]