Стахіботрыятаксікоз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стахіботрыятаксікоз

Стахіботрыятаксіко́з[1] (Stachybotryotoxicosis) — хвароба (мікатаксікоз) сельскагаспадарчых жывёл, якая ўзнікае ў выніку паглынання корму або выкарыстання подсцілу, пашкоджаных таксічнай формай грыба Stachybotrys alternans (стахіботрыс[1]). Зрэдку хвароба ўзнікае і ў чалавека[2].

У СССР стахіботрыятаксікоз у жывёл упершыню выяўлены ў 1931 годзе[3]. Вывучылі ў 1937—1938 гадах[2]. Стахіботрыятаксікоз буйной рагатай жывёлы быў апісаны ў 1959 годзе, чалавека — у 1949 годзе[2].

У жывёл[правіць | правіць зыходнік]

Стахіботрыятаксікозам хварэюць коні, свінні, жвачныя жывёлы (авечкі, буйвалы, бізоны, ласі) і птушкі пры паглынанні корму, пашкоджанага грыбам. Таксіны грыба ўздзейнічаюць на імунную і цэнтральную нервовую сістэмы, сценкі крывяносных сасудаў, слізістыя абалонкі стрававальнай сістэмы. Парушаюцца кровазварот, мінеральны абмен, пачынаецца распад тканак у кішэчніку і інш. Жывёлы часам гінуць.

Агульныя прыкметы хваробы для ўсіх відаў жывёл: павышэнне тэмпературы цела, страта апетыту, рыніты, утварэнне язваў на скуры вуснаў, ацёкі.

Прафілактыка: выкананне агратэхнічных правілаў уборкі і захоўвання грубых (сена, салома) кармоў. Пашкоджаныя грыбам кармы спальваюць.

У чалавека[правіць | правіць зыходнік]

У людзей стахіботрыятаксікоз сустракаецца рэдка. Звычайна ён узнікае ў асоб, якія даглядаюць за жывёламі. Заражэнне адбываецца пры судотыку з саломай, пашкоджанай грыбком. Праяўляецца захворванне ў выглядзе дэрматытаў, катаральнай ангіны, рынітаў і кан’юктывіту[2]. Назіраюцца кашаль, насмарк (часам з крывёй), часам адзначаюцца невялікае павышэнне тэмпературы цела, скаргі на галаўны боль, агульную слабасць, стамляльнасць[2].

Прафілактыка складаецца ў папярэджанні патраплення часцінак саломы на скуру і асабліва на слізістыя абалонкі рота і носа[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]