Стэфан Варшаўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Стэфан Варшаўскі
ням.: Stefan Emanuel Warschawski
Дата нараджэння 18 красавіка 1904(1904-04-18)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 5 мая 1989(1989-05-05)[1] (85 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці матэматык, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера матэматычны аналіз
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Аляксандр Маркавіч Астроўскі

Стэфан Варшаўскі (англ.: Stefan Warschawski; 18 красавіка 1904, Ліда, Віленская губерня, Расійская імперыя — 5 траўня 1989) — амерыканскі матэматык, прафесар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і доктара Саламона Варшаўскага і Ольгі Ловенштайн (англ.: Olga Lowenstein), немкі паходжаннем. У 1915 годзе, калі ў Ліду ўвайшлі нямецкія войскі, сям’я пераехала ў Кёнігсберг, дзе жылі матчыны бацькі. Тут Стэфан Варшаўскі вучыўся ў гімназіі, якую скончыў у 1924 годзе, затым пайшоў у Кёнігсбергскі ўніверсітэт. Аднак пасля двух гадоў навучання студэнт перавёўся ў Гётынген, дзе меркаваў рабіць свой дактарат. Кіраваць доктарскай Варшаўскага прызначылі прыват-дацэнта Аляксандра Астроўскага, ураджэнца Кіева. Яны пасябравалі, і калі Астроўскаму прапанавалі прафесарства ў Базельскім універсітэце, ягоны дактарант паехаў разам з ім. У Базелі Стэфан і скончыў сваю працу, якая атрымала ўзнагароду, а з ёю аўтар — пазіцыю выкладчыка ў Гётынгене. Так Варшаўскі ў 1930 годзе вярнуўся ў Ніжнюю Саксонію і пачаў выкладаць у Гётынгенскім універсітэце.

У 1933 годзе быў прыняты закон аб звальненні ўсіх выкладчыкаў-габрэяў з вышэйшых навучальных установаў, гэта датычылася і тых, хто не быў сапраўдным арыйцам, — народжаных у мяшаных сем’ях. Стэфан Варшаўскі зразумеў, што ў Германіі яму не зрабіць кар’еру матэматыка, дый невядома, ці захаваеш жыццё. Ён пачаў шукаць працу ў замежжы. З дапамогаю калегі на год уладкаваўся ва Утрэхцкі ўніверсітэт у Нідэрландах, а пасля атрымаў прапанову прыехаць у Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Ёрк. Нягледзячы на паспяховыя публікацыі ў прэстыжным прафесійным часопісе «Transactions of the American Mathematical Society», доўгі час мусіў абмяжоўвацца часовымі работамі, чытаючы лекцыі на замену. Толькі ў 1939 годзе здолеў атрымаць сталае месца на кафедры Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе, штат Місуры. Пасля вайны, у 1947 годзе, Стэфан Варшаўскі перабраўся на працу ва ўніверсітэт Мінесоты. Тут ён спаткаў сваю будучую жонку — Ільзу Каўзер.

У 1952 годзе Стэфан Варшаўскі быў прызначаны старшынём матэматычнага дэпартамента Інстытута тэхналогіі ўніверсітэта Мінесоты. У 1963 ён з сям'ёй пераехаў у Сан-Дыега, дзе ў мясцовым універсітэце таксама ўзначаліў матэматычны дэпартамент. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1967, шмат спрычыніўшыся да развіцця навучальнай установы, калі праз стан здароўя мусіў адмовіцца ад кіравання, пакінуўшы сабе толькі лекцыі.

Стэфан Варшаўскі сышоў на пенсію ў 1971 годзе, але працягваў чытаць свае курсы. У гэтым самым годзе ён быў ганараваны як прафесар-эмерыт (Emeritus Professor). У 1978 годзе ў інстытуце ў Каліфарнійскім універсітэце ў Сан-Дыега, была створана пасада асістэнта прафесара імя Стэфана Варшаўскага. Яна прызначалася для маладых дактароў. У прафесара Варшаўскага было 19 дактарантаў, а амаль траціну сваіх навуковых даследаванняў ён напісаў і апублікаваў пасля выхаду на пенсію.

Стэфан Варшаўскі памёр 5 траўня 1989 года.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Яго імем названая тэарэма Нашыра-Варшаўскага, якую аўтары вынайшлі яе незалежна адзін ад аднаго.

У 1999-2000 гг. ва ўніверсітэце Сан-Дыега была прысуджана стыпендыя імя Стэфана Варшаўскага.

Зноскі

  1. а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994. Праверана 22 жніўня 2017.
  2. Find a Grave — 1996.
  3. а б в г д е ё ж з і к л м MacTutor History of Mathematics archive — 1994.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Юрэвіч Л., Гардзіенка Н. Стэфан Варшаўскі: прафесар матэматыкі з Ліды // Лідскі летапісец. 2019. №2(86). C. 16-18.