Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва
Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва | |
---|---|
Дата заснавання | верасень 1919 |
Дата роспуску | 1920 |
Тып | культурна-асветная арганізацыя |
Старшыня | М. Чарот |
Сядзіба | Мінск |
Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва — беларуская культурна-асветная арганізацыя ў 1919—1920 гг. Старшыня М. Чарот. Налічвала каля 100 чал.
Мэты і задачы
[правіць | правіць зыходнік]Ставіла за мэту: пашырэнне нацыянальнай тэатральнай, вакальнай і музычнай творчасці, маральную і матэрыяльную падтрымку маладых беларускіх пісьменнікаў, музыкантаў і спевакоў, дабрачынную дзейнасць на карысць дзяцей, юнацтва і бедных слаёў насельнінтва. Непасрэднымі задачамі таварыства былі: пашырэнне дзейнасці ў Мінску і, асабліва, у правінцыі, стварэнне па ўсёй Беларусі новых культурна-асветных гурткоў, таварыстваў, тэатральна-музычных студый для падрыхтоўкі артыстаў, выданне старых і новых тэатральных, музычных і харавых твораў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Утворана ў верасні 1919 г. у Мінску ва ўмовах польскай акупацыі замест тэатральнага гуртка «Маладзік», які дзейнічаў з лета 1919 г. Зарэгістравана польскай адміністрацыяй у якасці юрыдычнай асобы. Сядзіба таварыства месцілася ў «Беларускай хатцы». Складалася з 4 секцый: драмычнай (12 чал., рэжысёр — У. Галубок), харавой (Беларускі хор пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага — каля 35 чал.), музычнай (7 чал.) і літаратурна-выдавецкай. За паўгоддзе дзейнасці таварыства дало больш за 30 спектакляў, харавых і музыкальных канцэртаў, паміж якімі раз у тыдзень ладзіліся т. зв. народныя мастацкія прадстаўленні па зніжаным кошце білетаў. У рэпертуары п’есы Я. Купапы, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, Я. Коласа, А. Іванова, М. Чарота і інш., народная і аўтарская харавая музыка і спевы. Пры падтрымцы арганізацыі ў маі 1920 г. у Баранавічах створаны культурна-асветны гурток «Прамень». Таварыства падрыхтавала да выдання каля 20 рукапісаў новых сцэнічных твораў. Падтрымлівала сувязь са слуцкай арганізацыяй «Папараць-кветка», з беларускімі культурна-асветнымі гурткамі Вільні, Гродна, Бабруйска, Барысава і інш. Спыніла дзейнасць у канцы 1920 г. У ліку актыўных членаў таварыства: У. Фальскі, А. Александровіч, М. Міцкевіч, С. Станюта, Я. Рамановіч, В. Адамовіч, К. Ламака, К. Пуроўскі і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ляхоўскі, У. Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва / Уладзімір Ляхоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 492—493.