Таптуха

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тапту́ха — традыцыйная рыбалоўная прылада ў славянскіх народаў. На Беларусі мае таксама мясцовыя назвы таптун, кош, баўтуха, сетка, сак.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Таптуха з’яўляецца рухомай лоўчай прыладай. Вырабляецца з драўляных прутой або сеткі. Уяўляе сабой кош у выглядзе паўконуса. У Беларусі існавалі некалькі відаў таптух: выкарыстоўвалі зробленую з прутоў, сеткавую на драўляным каркасе і сеткавую на абручах.

Таптуха, плеценая з прутоў, верагодна, з’яўляецца найбольш старажытнай. Уяўляла сабой кош, зроблены ў форме паўконуса, часта мела палку-ручку, што мацавалася ў 2 месцах да ўваходнага абруча. Часам замест палкі прывязвалі вяроўку (адным канцом да ўваходнага абруча, другім — у месцы, дзе сыходзіліся падоўжаныя пруты).

Сеткавая на драўляным каркасе таптуха па форме падобна да плеценай. Яе каркас складаўся з уваходнага абруча ў форме паўкруга і прымацаваных да яго прутоў, канцы якіх сыходзіліся.

Сеткавая на абручах таптуха найбольш дасканалая па канструкцыі і зручнейшая ў эксплуатацыі. Яе аснову складалі толькі абручы: першы ў форме паўкруга, наступныя 4—6 — круглыя (пры набліжэнні да глухога канца сеткавага мяшка іх памеры памяншаліся). Пастаянная форма снасці захоўвалася з дапамогай дугападобнай ручкі, адзін канец якой прымацоўвалі да ўваходнага абруча, другі — да глухога канца сеткавага мяшка.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Выкарыстоўвалася для лоўлі рыбы ў зарослых месцах вадаёмаў невялікай глыбіні. Таптуху прыціскалі да дна і боўтаючы нагамі ці шастом, заганялі рыбу ў пастку. Лоўля рыбы гэтай прылады вядома па ўсёй Беларусі. Найбольш пашырана сеткавая таптуха на каркасе. Плеценая і сеткавая на абручах таптухі характэрны для рыбалоўства Палесся. Таптуха вядома і ў іншых славянскіх народаў: украінцаў, палякаў і інш. У наш час лоўля ёй забароненая.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]