Транскрыпцыя (мовазнаўства)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Транскры́пцыя — умоўны від пісьма, які выкарыстоўваецца ў спецыяльных навуковых і іншых мэтах.

Адрозніваюць фанетычную, фанематычную і практычную транскрыпцыі.

Мэта фанетычнай транскрыпцыі — найбольш дакладна перадаць вымаўленне слова, апісаць асобна кожны вымаўлены гук. У беларускай мове для гэтага ўжываюцца літары беларускага алфавіта і дадатковыя знакі: «між бяроз — (м'іж б'яро́с)», «снег — (с'н'е́х)», «Янка — (jа́нка)». Значком ' абазначаецца мяккасць папярэдняга зычнага гука, лацінскай літарай j — гук «[й]» у пазіцыі перад галоснымі.

Фанематычная транскрыпцыя перадае фанемны склад слова: адлюстроўвае не ўсе асаблівасці маўлення, а толькі тыя рысы, якім уласціва адметная функцыя. Параўн.: «<м'іж б'ароз>», «<сн'ег>», «<jанка>». Фанетычная і фанематычная транскрыпцыі адрозніваюцца ад арфаграфічнага напісання, якое ў значнай ступені абумоўлена гістарычнай традыцыяй.

Пры дапамозе практычнай транскрыпцыі (сродкамі нацыянальнага алфавіта) уводзяць у тэкст іншамоўныя ўласныя імёны: асабовыя імёны, геаграфічныя назвы: Шолахаў (руск.: Шолохов), Міцкевіч (польск.: Mickiewicz). Практычная транскрыпцыя ўжываецца ў нацыянальнай картаграфіі, перыядычным друку, падручніках, шырока выкарыстоўваецца ў творах мастацкай літаратуры.

У 2017 годзе выдадзены «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы» – першы поўны акадэмічны слоўнік беларускай мовы, які фіксуе правілы літаратурнага вымаўлення больш чым 117 тысяч слоў праз падачу поўнай фанетычнай транскрыпцыі кожнага слова.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі; уклад.: В.П. Русак, Ю.С. Гецэвіч, С.І. Лысы, В.А. Мандзік ; рэдкал.: В.П. Русак, Ю.С. Гецэвіч, С.І. Лысы. — Мінск : Беларуская навука, 2017. — 757 с. — ISBN 978-985-08-2128-7