Трубяцкая разня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Трубяцкая разня — масавае забойства мірнага насельніцтва Мсціслава, учыненае 22 ліпеня 1654 войскамі Маскоўскай дзяржавы ў пачатку Трынаццацігадовай вайны (16541667). У разні загінулі амаль усе жыхары горада (каля 15 тыс. чал.)[1], сам Мсціслаў надоўга заняпаў і больш ніколі не дасягнуў былой велічы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Фрэскі кармеліцкага касцёла ў Мсціславе: узяцце маскавітамі замка (злева) і разня мірнага насельніцтва (справа)

Па захопе Рослава, у ліпені 1654 маскоўскія войскі на чале з Аляксеем Трубяцкім узялі ў аблогу Мсціслаў[2]. Пад ахову ваяводскага горада з магутным горадам (замкам) збегся паспаліты люд з далёкіх ваколіцаў, захапіўшы з сабой дакументы і ўсю магчымую рухомую маёмасць: «…все панове обывателе воеводства Мстиславского… до города Мстиславского з жонами, з детьми, з справами и зо всеми маетностями заехавшы спровадили».

Мсціслаў абараняла ваколічная шляхта і мяшчане пад камандаю Яна Статкевіча. Маскоўскія ваяводы даволі хутка захапілі і спалілі астрог, але здабыць замак не здолелі. Тады яны паабяцалі амсціслаўцам «великие дары и волности», агітавалі здацца, аднак абаронцы горада, «сурова отповедаючы» адбіваліся і спадзяваліся на дапамогу.

У выніку прыступу 22 ліпеня «великою потугою и усилством през штурм» захопнікі авалодалі местам. Паводле шматлікіх сведчанняў відавочцаў тых падзей, пераможцы «горад агнём выпалілі і людзей пасеклі»; «народ усялякі шляхецкі, мяшчан і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон на Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазвання спустошылі». Падчас узяцця горада, як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, захопнікі знішчылі шмат помнікаў пісьменства.

У маскоўскіх дакументах адзначалася, што пры захопе Мсціслава агулам забілі больш за 10 тысяч чалавек, у некаторых актах сустракаюцца паведамленні пра 15 тысяч ахвяр[3]. У жывых пакінулі толькі 700 чалавек, пераважна рамеснікаў, якіх прывялі да прысягі маскоўскаму гаспадару і неўзабаве гвалтоўна вывезлі ў глыб Масковіі.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі захавалася фрэска XVII ст., прысвечаная Трубяцкой разні. На ёй адлюстроваецца аблога горада і забіцце манахаў. Прозвішчы загінуўшых законнікаў: Ігумен (прыёр) а. Мельхіёр Таргоўскі, прапаведнік а. Аляксей Борх, а таксама а. Арсень Гладышэвіч.

Як сведчаць археалагічныя раскопкі Замчышча, ніжэй за сучасныя гароды ідзе магутны пласт разбурэння, друзу і вугалю, рэчаў XVII ст., чыгунных і каменных ядраў, зруйнаваных дамоў з багатымі кафлянымі печкамі і г. д.

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ1 2005.
  2. ЭнцВКЛ2 2005.
  3. Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]