Бітва на Басі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва на Басі
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў
«Бітва на рацэ Басі». С. А. Лагуновіч. 2012-2013. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей
«Бітва на рацэ Басі». С. А. Лагуновіч. 2012-2013. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей
Дата 8 кастрычніка 1660
Месца Рака Бася, Магілёўская вобласць
Праціўнікі
Рэч Паспалітая Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
Павел Ян Сапега
Міхал Казімір Пац
Стэфан Чарнецкі
Юрый Далгарукаў
Сілы бакоў
12,000[1]-16,000[2] 15,000

Бітва на Басі — баявое сутыкненне ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, адбылася 8 кастрычніка 1660 года на рацэ Басі (прытоку Проні) паміж войскамі Рэчы Паспалітай і Расіі.

У канцы верасня 1660 года расійскі ваявода князь Юрый Аляксеевіч Далгарукаў[ru] размясціў свае войскі лагерам паблізу Чавусаў, каля вёскі Гасподы на рацэ Басі ў Аршанскім павеце. На процілеглы бераг падышлі войскі Рэчы Паспалітай колькасцю каля 12 000 ваяроў на чале з вялікім гетманам літоўскім Паўлам Янам Сапегам, Міхалам Казімірам Пацам і Стэфанам Чарнецкім. Некалькі дзён праз Басю ішла артылерыйская перастрэлка, з 4 кастрычніка адбываліся сутычкі.

У ноч на 8 кастрычніка Сапега пераправіў усе войскі праз Басю і пастроіў баявым парадкам. Сілы ўласна Сапегі занялі цэнтральныя пазіцыі, на правым флангу была размешчана дывізія Чарнецкага, на левым — Паца. Апоўдні расійскія войскі выйшлі з лагера, адбыўся ўзаемны артабстрэл, пасля пачалася генеральная бітва. У цэнтры маскоўскае войска адкінула конніцу Сапегі, пабіла шмат пяхоты і, захапіўшы гармату і некалькі сцягоў, адышла да лагера. На абодвух флангах поспех быў на баку войск Рэчы Паспалітай, якія, разбіўшы расійскія атрады, адагналі іх да лагера. Пад вечар усё расійскае войска перайшло пад ахову лагерных умацаванняў. Харугвы Рэчы Паспалітай вярнуліся за Басю.

У цэлым бітва была паспяховай для войска Рэчы Паспалітай, якое здабыло ў ходзе бітвы 7 гармат, 15 сцягоў; расійскае войска страціла 427 чалавек забітымі і 519 трапілі ў палон, у т.л. палкоўнік фон Букавен. Не маючы дастатковых сіл, каб узяць расійскі лагер, войскі Рэчы Паспалітай перагарадзілі шлях, па якім са Смаленска дастаўляўся ў лагер харчаванне. Сутычкі паміж бакамі працягваліся да 25 кастрычніка. На дапамогу асаджаным з Полацка падышло войска І. А. Хаванскага, што дало Далгарукаву магчымасць адступіць да Магілёва.

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ 2005.
  2. Kossarzecki K. Kampania roku 1660 na Litwie. 2005. Inforteditions.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]