Тсвана

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тсвана
(Batswana)
Tswana Dancers 1.jpg
Агульная колькасць 5686 тыс. (2017 г.)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка
Мова сетсвана
Рэлігія культ продкаў, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы лозі, педы, макуа, басута

Тсва́на (саманазва Batswana), у мінулым таксама вядомы як бечуана (англ.: Bechuana) — група паўднёваафрыканскіх малых народаў, асноўнае насельніцтва дзяржавы Батсвана. Таксама жывуць у ПАР, Намібіі, Зімбабвэ. Агульная колькасць (2017 г.) - 5 686 000 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Агульныя продкі басута, педы і тсвана з'явіліся ў Паўднёвай Афрыцы ў сярэднявеччы. Плямёны тсвана адасобіліся ў перыяд паміж 1300 - 1500 гг. Згодна вусным генеалагічным паданням адным з першых вылучылася племя баралонг, якое ў нашы дні насяляе Паўночна-Заходнюю правінцыю ПАР. З яго складу вылучаліся іншыя плямёны. У XVIII - першай трэці XIX ст. тсвана былі вымушаны мігрыраваць у розныя часткі Паўднёвай Афрыкі пад ціскам іншых афрыканскіх плямён, бураў і грыква.

У другой палове XIX ст. паўднёвыя землі, населеныя тсвана былі ўключаны ў склад бурскіх дзяржаў, пераважна ў Трансвааль (зараз Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). У 1885 г. па прапанове шатландскага місіянера Джона Макезі (1835 - 1899 гг.) на паўночных землях тсвана быў створаны брытанскі пратэктарат Бечуаналенд, абвешчаны ў 1966 г. незалежнай дзяржавай Батсвана. Тсвана ПАР актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з апартэідам.

Традыцыйная структура[правіць | правіць зыходнік]

Тсвана падзяляюцца на наступныя супольнасці, кожная з якіх мае адасобленую тэрыторыю пражывання, традыцыйныя кіраўнічыя пасады, культурныя і моўныя асаблівасці:

  • Бакаа
  • Баквена
  • Бакгатла
  • Бамалетэ
  • Бангвата
  • Баралонг
  • Батавана
  • Батлоква
  • Батлхапінг
  • Батлхара
  • Бахурутшэ

Акрамя таго, тсвана падзяляюцца на 25 буйных родавых арганізацый, што сустракаюцца ў кожнай супольнасці, і аб'яднаны агульнымі татэмамі-жывёламі.

У XIX ст. вылучаліся ваенныя правадыры кгосі. Яны пажыццёва выбіраліся з ліку кіруючых сем'яў дыкгасана. Яны распараджаліся агульнаплемяннымі каровамі, атрымлівалі частку паляўнічай здабычы і земляробчых прадуктаў. Іх уладу абмяжоўвала рада кготла, куды ўваходзілі як мужчыны, так і жанчыны. Большасць тсвана складалі роўныя паміж сабой абшчыннікі бадынтлга. Тсвана прымалі да сябе прастаўнікоў іншых народаў, асабліва добрых воінаў. Далучанныя да тсвана падзяляліся на інтэграваных у іх супольнасць бавалады і залежныя групы баіята. Апошнімі часцяком станавіліся сан.

Галоўным заняткам здаўна была пастаральная жывёлагадоўля. Жанчыны таксама займаліся ручным земляробствам. У месцах з дастатковай колькасцю вады тсвана будавалі вялікія паселішчы да 30 000 чалавек. Традыцыйная жытло ўключала хаціну або некалькі хацін з абавязковым загонам для кароў. Асноўнай формай сацыяльнай арганізацыі з'яўлялася пашыраная сям'я лалвапа. У яе склад уваходзілі малыя сем'і, прышлыя сваякі на ўтрыманні, служкі, прыёмныя дзеці і г. д. На чале стаяў старэйшы жанаты мужчына, радзей — жанчына. Адносіны паміж сем'ямі рэгуляваліся звычаёвым правам малоа.

Сваяцтва перадавалася па мужчынскай лініі. У ідэале лалвапа фарміравалася патрылінейна. Шлюбам папярэднічалі перагаворы паміж сем'ямі. У мінулым сваякі жаніха маглі выплочваць выкуп за нявесту каровамі, але не абавязкова за адзін раз. Часам выплата выкупа расцягвалася да канца жыцця жонкі. У нашы дні выкуп — рэдкая з'ява, у некаторых супольнасцях нават забаронены. Акрамя таго, існавалі формы часовага шлюбу, што дазвалялі абыходзіцца без выкупу.

У Батсване, ПАР і Намібіі традыцыйная структура грамадства захоўваецца дзякуючы заканадаўчаму замацаванню асобных правоў кгосі, кготла і лалвапа. Разам з гэтым, адбываецца разбурэнне традыцыйнага ладу з-за рабочых міграцый, з'яўлення прамысловасці і камерцыйнай сельскай гаспадаркі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Сетсвана, родная мова тсвана, належыць да групы моў банту, блізкая да моў сепеды, сесота, сілозі. Падзяляецца на 12 буйных дыялектаў. Мае афіцыйны характар у Батсване.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Згодна міфам тсвана існуе адзіны бог Мадыма. Аднак яго ўмяшальніцтва ў жыццё людзей нязначнае. Жывыя людзі могуць атрымоўваць яго заступніцтва праз пасрэдніцтва духаў продкаў бадыма, таму большасць рытуалаў накіравана на шанаванне продкаў. Тсвана верылі ў магію, якой валодаюць лекары дынгака і чараўнікі балой.

З XIX ст. еўрапейскія місіянерскія арганізацыі актыўна распаўсюджвалі хрысціянства. Большасць сучасных вернікаў належаць да розных плыняў пратэстантызму.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]