Тувалу (народ)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Тувалу, народ)
Jump to navigation Jump to search
Disambig-dark.svg У гэтага паняцця ёсць іншыя значэнні дзяржава Тувалу і астравы Тувалу.
Тувалу
(Tuvalu)
Children of Niutao Island.JPG
Агульная колькасць 10000 чал. у Тувалу
Рэгіёны пражывання Тувалу
Мова тувалу
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы самоанцы

Тувалу (саманазва Tuvalu, літаральна "дзевяць разам") - карэнныя насельнікі астравоў Эліс (дзяржава Тувалу) палінезійскага паходжання. Агульная колькасць у Тувалу - 10 тыс. чалавек (2011 г.). Прыкладна столькі ж прадстаўнікоў гэтага народа пражывае ў іншых краінах - Новай Зеландыі, Аўстраліі, Кірыбаці, Наўру і інш. Да народа тувалу часам таксама адносяць карэнных насельнікаў атола Нуі (544 чал.), якія размаўляюць на мікранезійскай мове, але па матэрыяльнай культуры блізкія да палінезійскага насельніцтва краіны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна паданням саміх тувалу, іх продкі трапілі на астравы Эліс з Самоа і Тонга у II тыс. н. э. Аднак археалагічныя знаходкі, зробленыя ў адной з падводных пячор на востраве Нануманга ў 1986 г., сведчаць пра тое, што астравы былі населены людзьмі ўжо некалькі тысяч гадоў таму.

Да прыходу еўрапейцаў астравіцяне не мелі адзінства і доўгі час вялі традыцыйны лад жыцця. Шчыльнае сутыкненне з еўрапейскай цывілізацыяй адбылося толькі ў XIX ст. У 1862 і 1865 гг. некалькі сот тувалу стала ахвярай перуанскіх гандляроў рабамі. З 1862 г. сярод астравіцян пачалі сяліцца міссіянеры і прадстаўнікі гандлёвых кампаній. У 1892 г. быў усталяваны брытанскі пратэктарат.

Пад час II Сусветнай вайны на астравах базіраваліся амерыканскія ваенныя, якія вялі баявые дзеянні з японцамі, што захапілі суседнія астравы Гілберта. Гэта паспрыяла далейшаму пранікненню еўрапейскай культуры ў асяроддзе астравіцян.

Адзіную назву Тувалу ("дзевяць разам" - па колькасці астравоў і атолаў) краіна і народ прынялі толькі ў 1975 г., напярэдадні абвяшчэння незалежнасці (1978 г.).

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя традыцыйныя заняткі - трапічнае земляробства і лоў рыбы. Паколькі астравы маюць каралавае паходжанне, то глебы тут не вельмі ўрадлівыя, адчуваецца недахоп вады. Але тувалу прызвычаіліся саджаць клубняплоды ў ямінах, блізкіх да ўзроўню грунтовых вод. Асабліва важную ролю ў сельскай гаспадарцы адыгрывае трапічная расліна тара і яе буйная разнавіднасць пулаку. Каля вёсак і агародаў саджаюць бананы і хлебнае дрэва. Какосавая пальма лічыцца галоўнай карміцелькай. Яе вырошчваюць паўсюдна, у тым ліку на малых бязлюдных астравах.

Тувалу - выдатныя рыбаловы, адрозніваюць некалькі дзесяткаў відаў рыб, што насяляюць навакольны акіян і мясцовыя лагуны. Рыбу ловяць з дапамогай сетак, вудаў і падхватнікамі, б'юць астрогай, ужываюць плеценыя пасткі, загародкі, ловяць уначы пры святле паходняў і г. д.

Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне. Разводзяць свінняў, сабак, курэй, але іх мяса не з'яўляецца паўседзённай ежай.

Тувалу добра захавалі традыцыйныя рамёствы - выраб плеценых цыновак, веераў, кошыкаў.

Захоўваюцца перажыткі традыцыйных політэістычных культаў і асабліва культ продкаў, хаця асноўнай сучаснай рэлігіяй з'яўляецца хрысціянства ў форме пратэстанцтва. Вельмі невялікая колькасць насельніцтва спавядае бахаізм. Пад час хрысціянскіх святаў выкарыстоўваюцца ў тым ліку традыцыйныя формы мастацтва - песні і танцы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова тувалу мае палінезійскае паходжанне, блізкая да мовы самоанцаў. Пісьменнасць на аснове лацінкі. Выкладаецца ў школах нароўні з англійскай.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]