Тумбука

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тумбука
(ŴaTumbuka')
Агульная колькасць 3 595 000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Малаві — 2 988 000
 Замбія — 589 000
Мова тумбука
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тонга, чэва, яа

Тумбука (саманазва ŴaTumbuka) — афрыканскі народ, карэнныя жыхары Малаві і Замбіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 3 595 000 чалавек[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тумбука ўяўляюць сабою некалькі груп банту, якія перасяляліся на прасторы паміж ракой Луангва і возерам Ньяса ў розныя перыяды. Да нашых дзён яны падзяляюцца на субэтнічныя групы ёмбэ, нталі, хевэ, фока, каманга, хенга і непасрэдна тумбука. Апошнія лічаць сябе нашчадкамі мігрантаў з дзяржавы Луба. У канцы XVIII ст. яны былі аб'яднаны дынастыяй Чыкурамаембэ, што паходзіла ад гандляра Млавокі, выхадца з зямель на ўсход ад возера Ньяса. У сярэдзіне XIX ст. тэрыторыі, населеныя тумбука, былі заваяваны нгоні, у 1891 г. далучаны да брытанскіх каланіяльных валоданняў.

Брытанцы ўзнавілі фармальнае кіраванне Чыкурамаембэ. Важную ролю ў станаўленні адзінага народа адыгралі хрысціянскія місіянеры, што з'явіліся тут у 1880-х гг. Яны вылучылі групу тумбука і выкарыстоўвалі яе дыялект як асноўны для распаўсюджвання хрысціянства і школьнага навучання. Хаця землі тумбука заставаіся ў першай палове XX ст. маланаселеным эканамічна адсталым рэгіёнам, узровень адукацыі мясцовых жыхароў быў вышэйшым, чым у суседніх валоданнях. Характэрна, што мову тумбука пераймалі нават былыя заваёўнікі-нгоні.

У 1964 г. усходняя частка зямель тумбука была далучана да Замбіі, а цэнтральная і заходняя — да Малаві. У Малаві тумбука склалі другі па колькасці народ пасля чэва. Дзякуючы адукаванасці яго прадстаўнікі ўвайшлі ў першы ўрад на чале Х. Банды, але з-за патрабаванняў болей хуткай афрыканізацыі страцілі сваю ўладу. У 1968 г. мова тумбука была адлучана ад школьнай адукацыі і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. З 1990-х гг. у Малаві высоўваюцца прапановы зрабіць мову тумбука трэцяй афіцыйнай нароўні з англійскай і чычэва, аднак ніякіх рэчаісных захадаў для гэтага не робіцца.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам тумбука здаўна з'яўляецца сельская гаспадарка, якая на працягу некалькіх гістарычных перыядаў зведала значныя змены. Да сярэдзіны XIX ст. продкі тумбука стала перасяляліся з месца на месца для палявання на сланоў, паколькі слановая косць была асноўным таварам для абмену і выплатай для манархаў Чыкурамаембэ. Тым не меней, яны карысталіся ляднай сістэмай пасеваў проса. Пасля заваявання іх зямель нгоні магчымасці для палявання скараціліся, паколькі заваёўнікі выкарыстоўвалі паляўнічыя ўгоддзі як пашы. Тумбука пачалі сяліцца ўздоўж рэк і ператварылі ручное абрашальнае земляробства ў асноўны від дзейнасці. Разам з гэтым, у іх з'явілася свойская жывёла.

Місіянеры, а потым каланіяльныя чыноўнікі палічылі мясцовую гаспадарку неэфектыўнай. У каланіяльны перыяд пачалі выкарыстоўваць цяжкія плугі, запрэжаныя быкамі, галоўнай харчовай культурай стала кукуруза, поруч з ёю вырошчваліся таварныя культуры. Пераразмеркаванне надзелаў прывяло да канчатковага заняпаду ляднай сістэмы. Беднасць вымушала мужчын займацца адыходніцтвам, таму асноўную рабочую сілу ў сельскай мясцовасці фарміравалі жанчыны і падлеткі. У апошнія дзесяцігоддзі XX ст. магчымасці для пошуку працы за межамі населенага імі рэгіёна скараціліся, і мужчыны-тумбука зноў заняліся сельскай гаспадаркай.

Яшчэ адным даўнім заняткам з'яўляецца гандаль. Тумбуку традыцыйна выступалі ў якасці пасрэднікаў паміж рэгіёнам вакол возера Ньяса і паўднёвым Конга. Гандлёвыя здзелкі часцяком уяўлялі сабою складаныя аперацыі абмену і транспартыроўкі тавараў, таму гандаль лічыўся выключна мужчынскім заняткам. Ён прыносіў істотныя прыбыткі, але ў выніку з'яўленне імпартаваных тавараў перашкаджала развіццю мясцовых рамёстваў і прамысловасці.

Да нашых дзён тумбука жывуць пераважна ў кампактных вёсках, якія будуюць каля рэк або дарог. Звычайна знутры вёсак вылучаюцца сямейныя кластары, калі блізкія сваякі селяцца побач. У мінулым былі распаўсюджаны каркасныя хаціны з плеценымі сценамі, абмазанымі глінай, але ўсё часцей і часцей узводзяцца сучасныя будынкі.

Сацыяльная арганізацыя тумбука даволі складаная. Відавочна, асноўнай грамадскай адзінкай першасна быў род, што аб'ядноўваў нашчадкаў адзінага заснавальніка-мужчыны. На чале роду стаяў спадчынны правадыр. Кожны род падпарадкоўваўся роду Чыкурамаембэ. Аднак у часы панавання нгоні традыцыйная сістэма кіравання была разбурана. У каланіяльны перыяд яна фармальна адрадзілася зноў. Улада правадыроў была ўзмоцнена правам суду і размеркавання надзелаў, але ў рэчаіснасці правадыры адначасова выконвалі функцыі дробных чыноўнікаў, кіраўнікоў рэлігійных абшчын і нават настаўнікаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Малаві і Зімбабвэ многія іх функцыі перайшлі да дзяржавы. Тым не меней, яны ўсё яшчэ выступаюць у якасці галоўных арбітраў у спрэчках паміж супляменнікамі, размяркоўваюць надзелы, а ў некаторых групах лічацца ўласнікамі ўсіх родавых зямель.

Ніжэй за род стаіць вялікая пашыраная сям'я з прадстаўнікоў трох пакаленняў. Малая сям'я, што ўваходзіць у склад вялікай, можа мець сваю хаціну, але вядзе супольную гаспадарку. У мінулым вылучаліся асобныя дзіцячыя хаціны, дзе жылі дзеці розных бацькоў ва ўзросце, прыдатным для працы. У нашы дні пры школах часцяком функцыянуюць дзіцячыя інтэрнаты. Сваяцтва адлічваецца па мужчынскай лініі. Спадчына звычайна перадаецца старэйшаму сыну, але бацька мае права прызначыць спадчыннікам кагосьці з малодшых сыноў, калі старэйшы пакідае сям'ю ці мае канфлікт з ім або іншымі сваякамі. Наяўнасць некалькіх дзяцей гарантуе дапамогу ў гаспадарцы, а потым догляд у стараці, таму тумбука славяцца высокай нараджальнасцю.

Тумбука не маюць адзіных для ўсяго народа цырымоній або рытуалаў, аднак у кожным родзе існуе свята ў гонар продка-заснавальніка, якое суправаджаецца супольнымі пірамі, танцамі, наведваннем сваякоў у іншых мясцінах.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства розных напрамкаў. Захаваліся толькі некаторыя традыцыйныя ўяўленні пра бога-заснавальніка, духаў прыроды і продкаў. Тумбука вераць у магію, што падзяляюць на лекавую і варожую ў адносінах да людзей. Прычым чараўнікі, якімі могуць выступаць мужчыны і жанчыны, практыкуюць адразу абодва напрамкі. Распаўсюджаны абярэгі, у тым ліку ў форме хрысціянскіх святынь.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]