Тхакалі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тхакалі
(थकाली)
Агульная колькасць 14700 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Непал
Мова тхакалі
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы таму, невары, таманг

Тхакалі (саманазва: थकाली) — народ у Непале. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 14 700 чалавек[1].

Тхакалі — нашчадкі сіна-тыбецкіх качавых родаў, якія насялялі вярхоўі Гандака. У сярэдзіне XIX ст. тхакалі аказалі дапамогу непальскай дзяржаве ў вайне з Тыбетам і Кітаем, за што атрымалі значныя прывілеі, у тым ліку валодаць зямлёй, манаполію ў гандлі соллю і магчымасць мець свайго спадчыннага кіраўніка суба. Пазней тхакалі стварылі паспяховую гандлёвую супольнасць у розных частках Непала.

У нашы дні асноўныя заняткі: земляробства, гандаль, дробныя рамёствы. Тхакалі ствараюць фінансавыя кааператывы зікур, якія аказваюць узаемадапамогу сваім чальцам. Дзякуючы гэтаму многія з іх паспяхова займаюцца бізнесам, трымаюць гасцініцы, малыя прадпрыемствы, пасрэдніцкія кампаніі і г. д.

Тхакалі разглядаюцца як асобная замкнёнаая каста, якая падзяляецца на некалькі буйных экзагамных родаў. Найбольш высокі статус мае род суба. Яго чальцы традыцыйна выконваюць функцыі суддзяў і пасярэднікаў у выпадку ўзаемных спрэчак. Кожны род мае свае могілкі хімдж, падтрымлівае сустрэчы сваякоў падчас святаў. У сваю чаргу, роды падзяляюцца на лакальныя сямейныя супольнасці г'юпа. У мінулым было распаўсюджана выкраданне нявесты. У нашы дні дамінуюць шлюбы па разліку. Малодшыя сыны застаюцца жыць з бацькамі і ўтвараюць з імі пашыраныя сем'і. Старэйшыя сыны пасля шлюбу атрымоўваюць частку спадчыны пры жыцці бацькоў і ствараюць свае гаспадаркі.

Вернікі — індуісты, хаця захаваліся многія рэшткі старажытных анімістычных культаў і будызму. Тхакалі практыкуюць культ продкаў дху-тын-г'я, астралогію, некаторыя будысцкія цырымоніі дхом. Аднак яны ўстрымліваюцца ад ужывання ялавічыны і піва, шануюць індуісцкіх багоў. Характэрна, што тхакалі рэдка звяртаюцца да брахманаў бахун і вылучаюць святароў са свайго асяроддзя.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]