Каракалпакі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каракалпакі
(Qaraqalpaqlar)
Агульная колькасць 685 тыс. (2014 г.)
Рэгіёны пражывання  Узбекістан — 549 тыс.

 Турцыя — 74 тыс.
 Іран — 51 тыс.
 Туркменістан — 5 тыс.
 Афганістан — 2,7 тыс.
 Казахстан — 1,6 тыс.

Мова каракалпакская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы казахі, нагайцы

Каракалпа́кі (саманазва: Qaraqalpaqlar) — цюркскі народ, які насяляе краіны Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу, у тым ліку Каракалпакстан. Агульная колькасць (2014 г.) — каля 685 тыс. чал.[1] У 2009 г. у Беларусі жыло 8 каракалпакаў[2].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Само слова Qaraqalpaq перакладаецца з цюркскіх моў як «чорныя шапкі». Згодна лінгвістычным дадзеным, каракалпакі з’яўляюцца прамымі нашчадкамі кыпчакаў[3], якія прыйшлі на землі Цэнтральнай Азіі ў канцы 1 тысячагоддзя н. э.[4] Упершыню каракалпакі ўзгадваюцца ў пісьмовых дакументах пад 1598 г. як насельнікі тэрыторый уздоўж ракі Сырдар’я. У XVII — XVIII стст. яны выступаюць у пісьмовых крыніцах як асобны народ. Мова каракалпакаў, а таксама назвы родаў набліжаюць іх да паўднёвых казахаў[5]. Такім чынам, тэрыторыя першага пісьмовага ўзгадвання з’явілася месцам фарміравання каракалпакскага аб’яднання, у склад якога ўвайшлі не толькі мясцовыя кыпчакі, але таксама нагайцы, нашчадкі манголаў, старажытнага індаеўрапейскага насельніцтва Прыаралля.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XVI — XVII стст. каракалпакі насялялі мясцовасць вакол сярэдняй плыні Сырдар’і і, відавочна, падпарадкоўваліся бухарскім ханам. Аднак у 1723 г. у раён Сырдар’і ўварваліся джунгары, што прывяло да бегства мясцовых казахаў і каракалпакаў. Частка каракалпакскіх родаў перасялілася ў Ферганскую даліну, іншыя былі вымушаны рушыць на захад, дзе сустрэлі супраціўленне калмыкаў, але большасць перасялілася ў дэльту Амудар’і.

У пошуках саюзнікаў каракалпакі разам з казахамі двойчы звярталіся да Расіі. У 1743 г. пасольства каракалпакаў дала ў Санкт-Пецярбургу прысягу імператрыцы Лізавеце. Расійскія карты гэтага часу зноў фіксуюць каракалпакаў як народ, які насяляў Сырдар’ю і паўночнае Прыаралле. У 1755 г. Джунгарскае ханства было захоплена маньчжурамі, што дазволіла частцы казахаў выйсці з-пад фармальнай улады Расіі і пачаць ваенныя дзеянні супраць яе саюзнікаў, у тым ліку каракалпакаў. У 1762 г. казахі захапілі паўночныя качэўі каракалпакаў і вымусілі іх адыйсці на поўдзень ад Сырдар’і.

У 1811 г. каракалпакі былі заваяваны хівінскім ханам і канчаткова пераселены на Амудар’ю. Хівінскія ханы захавалі традыцыйную структуру кіравання каракалпакскіх родаў, аднак абцяжарылі іх высокімі падаткамі на зямлю і свойскую жывёлу, вымушалі займацца капаннем каналаў. У 1856 г. каракалпакі паднялі паўстанне. Яно было жорстка задушана. Хівінцы змянілі рэчышчы каналаў, так што частка ўрадлівых зямель была затоплена. У наступным годзе пачаліся эпідэмія і голад, што прывяло да бегства многіх каракалпакаў у іншыя рэгіёны. У 1873 г. Харэзм трапіў ў каланіяльную залежнасць ад Расіі. З гэтага часу тэрыторыі каракалпакаў у дэльце Амудар’і стала наведваліся расійскімі гандлярамі. Аднак адносіны паміж тубыльцамі і прыезджымі доўгі час заставаліся напружанымі.

У 1919 г. каракалпакі падтрымалі частку расійскіх казакаў, якія выступілі супраць усталявання савецкай ўлады, аднак іх сумеснае паўстанне ў дэльце Амудар’і было задушана. У 1924 г. у складзе Харэзмскай Савецкай Народнай Рэспублікі была створана Кара-Калпакская аўтаномная вобласць. У 1932 г. яна была пераўтворана ў Каракалпакскую Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (у 1932 — 1936 гг. у складзе РСФСР, з 1936 г. у складзе Узбекістана), у 1992 г. — у Рэспубліку Каракалпакстан. У склад аўтаноміі ўвайшлі не ўсе землі, населеныя каракалпакамі. У самой аўтаноміі каракалпакі склалі толькі трэць насельніцтва. Аднак гэта дазволіла прыняць афіцыйны статус каракалпакскай мовы, пачаць мадэрнізацыю мясовай культуры, садзейнічалі гуртаванню народа ў сацыялістычную нацыю. У гады савецкай улады з’явілася каракалпакская інтэлігенцыя. Разам з гэтым, каракалпакі моцна пацярпелі падчас калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій, што выклікала новую моцную хвалю перасяленняў у паўднёвыя мусульманскія краіны, пераважна ў Іран і Афганістан.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Каракалпакі першапачаткова развівалі паўкачавую і адгонную жывёлагадоўлю. Трымалі авечак, коз, кароў, вярблюдаў. Адгон жывёлы меў сезонны характар. Жывёлу гналі на ўжо вядомыя пашы. Разам з ёю перасялялася большая частка людзей. Меліся летнія і зімовыя стаянкі. Разам з гэтым, у месцах пасялення каракалпакаў здаўна існавала земляробства. У мінулым дамінавала ручная праца. Сеялі пшаніцу, проса, некаторыя віды гародніны. Пасля перасялення на Амудар’ю з’явілася таварнае земляробства. Каракалпакі жылі на Амудар’і сярод тугайных лясоў, дзе важную ролю мелі паляванне і збіральніцтва. Акрамя таго, істотным для забеспячэння харчам з’яўлялася рыбалоўства.

У гады савецкай улады адбыліся вельмі значныя змены. Падчас калектывізацыі каракалпакі былі пераселены ў сталыя паселішчы да заліваў. Земляробства атрымала перавагу над іншымі галінамі сельскай гаспадаркі. Аднак характэрнай асаблівасцю Каракалпакстана было тое, што спецыялізаваныя культуры накшталт бавоўніку высяваліся на адносна невялікіх плошчах у параўнанні з іншымі землямі Узбекістана. Калектыўныя гаспадаркі гэтага рэгіёну развівалі вырошчванне рысу, пшаніцы, проса, розных відаў гародніны, з’явіліся сады. Жывёлагадоўля атрымала пераважна мяса-малочны напрамак. Акрамя таго, дэльта Амудар’і славілася фермамі, дзе трымалі андатру. Частка насельніцтва пераехала ў гарады, была занята ў прамысловасці і рыбалоўстве. Апошняе мела вялікае значэнне для жыхароў узбярэжжа Аральскага мора да 80-ых гг. XX ст. Пасля 1991 г. сяляне маюць магчымасць атрымліваць прысядзібныя надзелы да 1,5 — 2,5 га.

Каракалпакі, што апынуліся на Блізкім Усходзе, кампактна перасяліліся на захад Ірана і ўсход Турцыі, дзе захавалі паўкачавы характар гаспадаркі. У Афганістане яны займаюцца пераважна земляробствам.

Незалежна ад рассялення каракалпакаў у іх асяроддзі існуе выразны падзел працы. Апрацоўка зямлі, жывёлагадоўля, рыбалоўства, адміністрацыйнае кіраванне лічацца мужчынскімі заняткамі. Збор ураджаеў — справай жанчын і падлеткаў. У тэкстыльнай прамысловасці працуюць амаль выключна жанчыны.

Да калектывізацыі паселішчы мелі родавы характар. Асноўным тыпам жытла з’яўлялася юрта. Юрты каракалпакаў мелі конусападобныя дахі, рашэцістыя сцены, якія ацяплялі лямцам, заўсёды ўпрыгожвалі, асабліва ўваход, прычым знешняе аздабленне юрты залежала ад традыцый таго ці іншага рода. Рыбаловы дэльты і ўзбярэжжа Аральскага мора таксама будавалі хаціны з трыснягу і гліны.

Традыцыйная вопратка значна змянялася на працягу апошніх стагоддзяў пад уплывам суседніх культур узбекаў і туркменаў. У прыватнасці, шырока распаўсюдзіліся баваўняныя і шоўкавыя тканіны. Асаблівасцю жаночага строю з’яўляюцца жаночы цюрбан або хустка кімешэк, накідка жэгдэ, складаны цырыманіяльны галаўны ўбор, упрыгожаны караламі, — саўкеле, нарукаўнікі жэнсэ. Мужчынскія строі захаваліся значна горш. Вядома, што ў XIX ст. апраналі халаты, штаны, розныя віды галаўных убораў. У XX ст. шырока распаўсюдзілася еўрапейскае адзенне.

Сацыяльная структура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная структура каракалпакскага грамадства даволі складаная. Каракалпакі падзяляюцца на 2 аб’яднанні арыс — канірат і он-тоорт-унв. Мяркуецца, што он-тоорт-унв (літаральна «14 плямёнаў», але складаецца з 4 плямёнаў) было сфарміравана з карэнных насельнікаў дэльты Амудар’і, якія жылі да прыходу туды каракалпакаў. Яго члены займаліся пераважна земляробствам. Канірат падзяляецца на аб’яднанні-«крылы» шуўлік і жавінгір. Шуўлік у сваю чаргу — на плямёны ўлкен урыў. Плямёны складаюцца з 63 родаў урыў. Жавінгір уключае 7 родаў. Лічыцца, што канірат — пераважна жывёлагадоўцы і рыбаловы. Падзел на роды маецца і сярод плямёнаў он-тоорт-унв. Роды экзагамныя. Шлюб з членам свайго урыў забаронены. Падзел на роды захоўваецца ў наш час, прычым з’яўляецца важнай адметнасцю ў самавызначэнні каракалпакаў. Адзінага кіраўніцтва ў каракалпакаў не было, хаця падчас вайны маглі высоўвацца правадыры-ханы.

Сям’я — малая нуклеарная. Дзяўчыны прымалі шлюб ў вельмі маладым узросце — 13 — 16 гадоў. У наш час звычайны ўзрост нявесты — 18 гадоў. Сям’я жаніха абавязвалася выплочваць выкуп калым. Главой сям’і лічыцца бацька. Яго спадчына перадаецца сынам або братам. Удовы могуць разлічваць толькі на палову маёмасці. Да ўсталявання савецкай улады шырока практыкавалася палігінія.

Ужо ў XIX ст. меліся вялізарныя маёмасныя разыходжанні. Большасць зямлі належала баям — правадырам родаў. Надзелы простых абшчыннікаў былі малымі і не дазвалялі забяспечыць сябе нават харчам. Для выплаты падаткаў прыходзілася працаваць на высакародных землеўласнікаў. Некаторыя бедныя сем’і стала жылі на зямлі баяў і атрымоўвалі за працу толькі ежу. Сацыяльныя рэформы савецкай улады першапачаткова знішчылі сацыяльную няроўнасць. Аднак у выніку далейшай бюракратызацыі яна фактычна ўзнавілася.

Духоўная культура[правіць | правіць зыходнік]

У музыцы захоўваюцца старажытныя традыцыі дыятанічных мелодый і мужчынскіх сольных спеваў на розныя тэмы. Пашыраныя музычныя інструменты — скрыпка кабуз, шчыпковы струнны інструмент дутар, бубен дэп, трысняговыя флейты, арфа і г. д. Фальклор вядомы песеннымі казкамі, гістарычнымі паданнямі, эпічнымі казаннямі «Алпамыс» и «Каблан». Папулярны мусульманскія святы.

Прафесійная культура набыла значнае развіццё ў XX ст. З’явіліся каракалпакскія пісьменнікі, кампазітары, узнік нацыянальны тэатр.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Каракалпакская мова мае афіцыйны статус у Каракалпакстане, выкладаецца ў школах, ужываецца ў сродках масавай інфармацыі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]