Украінізм

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Украіні́змсловы, фразеалагізмы, а таксама сінтаксічныя і граматычныя канструкцыі ўкраінскай мовы, якія выкарыстоўваюцца ў іншай мове.

У беларускай мове[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай мове ўкраінізмы вядомыя з XV ст. Рэалізаваліся ў змяшэнні иы (печаты |и|, влади |ы|-ка); ѣи (види(ѣ)ти, терпи(ѣ)ти)[1].

Трапляюцца ў помніках старажытнага перыяду, што ўзніклі на аснове ўкраінскіх крыніц, напрыклад «Чэцця-мінея» (1489). Узбагачэнне беларускай лексікі найбольш інтэнсіўна адбывалася з 1-й паловы XVII ст. (пасля перамяшчэння цэнтру праваслаўнай культуры з Вільні ў Кіеў), праз помнікі, створаныя на суседняй з украінскімі землямі паўднёва-заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі, напрыклад, Мазырскі спіс «Александрыі» (1697), Маскоўскі (бел.) спіс «Дыярыуша» Афанасія Філіповіча (16381648)[1].

Пранікненню ў беларускую мову ўкраінізмаў садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на беларускіх землях, напрыклад «Евангелле вучыцельнае» (1616) і «Казанне пахвальнае» (1620) Мялеція Сматрыцкага. У некаторыя беларускія помнікі траплялі словы з украінскай агаласоўкай (котрий, що, сокіра), а таксама лексічныя і словаўтваральныя ўкраінізмы (бучный — раскошны, зволокати — адцягваць, марудзіць, прохати — прасіць, шадок — нашчадак)[1].

У 1920-я гады пры распрацоўцы навуковае тэрміналогіі некаторыя тэрміны беларускай мовы былі ўтвораны паводле ўкраінскіх узораў: грамадска-палітычныя (барацьба, барацьбіт), лінгвістычныя (дзеяслоў, дзеепрыметнік, займеннік, дзеепрыслоўе, чаргаванне)[1].

Лексічныя ўкраінізмы, звязаныя з абазначэннем спецыфічна ўкраінскіх (сучасных і гістарычных) рэаліяў, захоўваюцца ў перакладах з украінскай мовы. Напрыклад, у перакладах Янкі Купалы твораў Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову трапляюцца ўкраінізмы байдак, байрак, гайдамак, кабзар і інш. Традыцыі ўкраінскай мовы аказаліся найбольш устойлівымі ў беларускім народна-гутарковым маўленні (паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы), чым у літаратурнай мове: доня — дачка, худоба — жывёла[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 У. В. Анічэнка. Украінізм // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 206. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6.