Уладзімір Леанідавіч Ізотаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Леанідавіч Ізотаў
Агульная інфармацыя
Пол мужчынскі пол
Спецыялізацыя плаванне
Клуб СК ФПБ
Нарадзіўся 6 верасня 1988(1988-09-06) (35 гадоў)
Грамадзянства Сцяг Беларусі Беларусь
Альма-матар
Трэнеры Генадзь Вішнякоў, Дзмітрый Кошаль
Рост 189 см
Спартыўнае званне

Уладзімір Леанідавіч Ізотаў (нар. 6 верасня 1988, Гомель) — беларускі паралімпійскі плывец з парушэннем зроку. Найбольш паспяхова выступае ў плаванні брасам на дыстанцыі 100 м.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У плаванне прыйшоў ва ўзросце 12 гадоў па прыкладзе маці, якая ўдзельнічала ў спаборніцтвах на нацыянальным узроўні[1]. Прафесійныя трэніроўкі пачаў у 16 гадоў у Гомелі. Выступае ў катэгорыях S12, SB12, SM12 у плаванні брасам, батэрфляем, вольным стылем і на спіне у 50-метровым басейне.

Упершыню выступіў на Чэмпіянаце свету 2006 года ў Дурбане, дзе спаборнічаў у катэгорыі S13 брасам і вольным стылем на дыстанцыі 100 м.

Удзельнічаў у летніх Паралімпійскіх гульнях 2008 у Пекіне, дзе выйграў бронзавы медаль на 100-метроўцы брасам і заняў 11 месца ў плаванні батэрфляем.

На Чэмпіянаце свету 2010 года ў Эйндхавене выйграў срэбны медаль на 100-метроўцы брасам і заняў шостае месца на дыстанцыі 100 м — батэрфляй.

На летніх Паралімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане заваяваў срэбны медаль у плаванні брасам і паказаў 5-ы вынік на дыстанцыі батэрфляем.

Пераможца сусветнага першынства 2013 года ў Манрэалі на дыстанцыі 100 м — батэрфляй. На аналагічнай дыстанцыі заваяваў срэбны медаль, выступаючы на Чэмпіянаце Еўропы 2014 года ў Эйндхавене, а таксама залаты медаль на Чэмпіянаце свету 2015 года ў Глазга.

Выступаючы на летніх Паралімпійскіх гульнях 2016 года стаў чэмпіёнам на дыстанцыі 100 м у плаванні брасам з паралімпійскім рэкордам — 1:06.82 с[2] і заняў 11-е месца на 50-метроўцы батэрфляем. За паспяховае выступленне на Паралімпійскіх гульнях узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені (2016).

Залаты прызёр кантынентальнага форума 2016 года ў Фуншале і сусветнага чэмпіянату 2017 года ў Мехіка на дыстанцыях 100 м брасам[3]. На гэтай жа дыстанцыі стаў срэбным прызёрам Чэмпіяната Еўропы 2018 у Дубліне, дзе выступаў у катэгорыі SB13, а таксама заняў другое месца на Чэмпіянаце свету 2019 года ў Лондане і трэцяе месца на еўрапейскім чэмпіянаце ў Фуншале 2021 года.

Па выніках выступлення на XVI летніх Паралімпійскіх гульнях 2020 года ў Токіа заняў чацвёртае месца ў фінальным заплыве на дыстанцыі 100 м брасам[4].

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў факультэт фізічнай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Жанаты, мае двух дачок. Хобі — музыка; барабаншчык хэві-метал гурта «Grindzilla»[1].

Зноскі

  1. а б Юлия Поддубицкая.. Золотой призер Паралимпиады Владимир Изотов рассказал о безбарьерной среде на Играх и о своей семье (руск.). Правда Гомель (22 лістапада 2016). Праверана 25 верасня 2021.
  2. Беларусы Андрэй Праневіч і Уладзімір Ізотаў заваявалі залатыя медалі на Паралімпійскіх гульнях у Рыа . Глуская раённая газета «Радзіма» (15 верасня 2016). Праверана 25 верасня 2021.
  3. Владимир Изотов — чемпион мира по плаванию среди паралимпийцев (руск.)(недаступная спасылка). Телерадиокомпания «Гомель» (7 снежня 2017). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2021. Праверана 25 верасня 2021.
  4. Белорусский пловец Владимир Изотов занял 4-е место на Паралимпиаде в Токио (руск.). БелТА (1 верасня 2021). Праверана 25 верасня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]