Уладзімір Яўгенавіч Солтан

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Уладзімір Яўгенавіч СОЛТАН (9 студзеня 1953, Баранавічы1 чэрвеня 1997) — беларускі кампазітар.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1979) і пад яго ж кіраўніцтвам — асістэнтуру-стажыроўку (1983). Член Саюза кампазітараў Беларусі (1980). З 1983 выкладчык Беларускай акадэміі музыкі.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір Солтан – аўтар шэрагу інструментальных твораў і оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», удастоенай Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Яго музыка вызначаецца інтанацыйнай выразнасцю, насычанай эмацыянальнасцю, нацыянальнай характэрнасцю. Творчасць адметная жанравай разнастайнасцю.

У пачатку творчага шляху кампазітар захапляўся вакальнымі жанрамі, але яго цікавілі і аркестравая, і камерна-інструментальная музыка. З ліку найбольш вядомых твораў гэтага часу – сюіта для камернага аркестра «Думкі і настроі», якая кранае шчырасцю, эмацыянальнасцю, меладыйнай выразнасцю. Наступным творчым крокам У. Солтана сталі дзве сімфоніі. Змест Сімфоніі №2 абумоўлены героіка-драматычнай вобразнасцю. Суровы, напружаны каларыт гучання толькі зрэдку перарываецца лірычнымі інтанацыямі распеўных мелодый ці, як у фінале, танцавальнымі тэмамі. Сімфонія выяўляе характэрныя рысы творчасці кампазітара: адзінства цэлага, меладычны, распеўны тэматызм, частае і працяглае выкарыстанне поліфанічнай тэхнікі і асцінатных рытмавых формул, насычанае гучанне сімфанічнага аркестра. Адначасова з сімфоніяй кампазітар стварыў Канцэрт для аркестра, шмат мініяцюр для розных інструментаў. У 1987 г. ён напісаў Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам – твор маштабны, экспрэсіўны, з пераканаўчай музычнай драматургіяй. Развіты тэматызм, насычаная фактура, віртуозная партыя саліруючага інструмента – усе гэтыя асаблівасці Канцэрта сведчаць пра яскравы талент і інтэнсіўны творчы рост аўтара.

У канцы 1980-ых гадоў У. Солтан закончыў працу над операй «Дзікае паляванне караля Стаха» па матывах аповесці У. Караткевіча. Яе асноўны канцэптуальны сэнс і пафас сканцэнтраваны на паказе трагічнай барацьбы супраць цемры і зла, увасабляемых праз «дзікае паляванне». Музычная мова оперы мае розныя стылявыя вытокі: з аднаго боку фальклор, які набывае арыгінальную трактоўку, а з другога – прыёмы стылізацыі, традыцыі «вялікай оперы».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Оперы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Дзікае паляванне караля Стаха» (лібр. С. Клімковіч, паводле рамана У. Караткевіча, 1988; паст. ДАВТам РБ, 1989)
  • «Пані Ядвіга» (лібр. С. Клімковіч, паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях», 1990)
  • «Мілавіца» (лібр. С. Клімковіч, 1991)

Вакальна-інструментальная музыка[правіць | правіць зыходнік]

«Лірычная кантата» для барытона, камернага хору і аркестра (сл. народныя і беларускіх паэтаў, 1981).

Аркестравая музыка[правіць | правіць зыходнік]

Сімфоніі: № 1 (1981), № 2 (1983). Канцэрт для віяланчэлі з аркестрам (1987). Камерная сюіта «Думкі і настроі» (1978). Канцэрт для камернага аркестра (1983).

Камерна-інструментальная музыка[правіць | правіць зыходнік]

Для віяланчэлі і фартэпіяна: Элегія (1983), Мелодыя і харал (1991).

Для балалайкі і фартэпіяна: П'еса (1982), канцэртная п'еса «Думка» (1987), Канцэртная п'еса (1990).

Для фартэпіяна: Тры п'есы (1981), Саната (1984). Раманс для валторны і фартэпіянана (1981).

Пяць прэлюдый для скрыпкі, віяланчэлі і валторны (1982), Практыкаванне для дзвюх скрыпак (1983).

Вакальная музыка[правіць | правіць зыходнік]

Для хору без суправаджэння: «Дожджык» (сл. I. Мельнічука, 1984), «Снег», «Паліліся мае слёзы» (сл. Я. Купалы, 1983).

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Аладава Р. Солтан // БЭ ў 18 т. Т. 15. Мн., 2002.