Ульчы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ульчы
(нани)
Ulches.jpg
Агульная колькасць 2765
Рэгіёны пражывання Расія
Мова ульчская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы нанайцы, орачы, оракі, удэгейцы

У́льчы (саманазва нани «людзі зямлі, тутэйшыя») — карэнныя насельнікі Далёкага Усходу Расіі, жывуць пераважна ў Ульцкім раёне Хабараўскага краю, на правым беразе р. Амур і каля воз. Удыль. Агульная колькасць — 2765 чал. (2010 г.)

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкамі ульчаў з’яўлялася як старажытнае насельніцтва Прыамур’я (магчыма, продкі ніўхаў), якое сфарміравалася яшчэ ў неаліце, так і прадстаўнікі тунгуса-маньчжурскіх народаў, якія мігрыравалі ў Прыамур’е пачынаючы з кан. I тыс. да н. э. Магчыма, што назва паходзіць ад тунгускага племені уцзы, якое ўзгадвалася кітайцамі з першай паловы 1 тысячагоддзя н. э. (гл. Махэ).

У ульчаў выяўлены роды, агульныя па паходжанню з нанайцамі, орачамі, эвенкамі, удэгейцамі і ніўхамі. Па мове і культуры ульчы вельмі блізкія да нанайцаў. карыстаюцца аднолькавай для абодвух народаў саманазвай. Вонкавае найменне «ульчы» яны атрымалі ад расійскіх даследчыкаў у XIX ст., канчаткова яно замацавалася за імі ў 1926 г.

Фармальна да сяр. XIX ст. ульцкія землі залежылі ад Кітая, аднак адносіны з кітайскімі ўладамі абмяжоўваліся нерэгулярнымі выплатамі натуральных падаткаў і гандлёвымі зносінамі. У 1850 г. Прыамур’е было анэксіравана Расійскай імперыяй. Бліз паселішчаў ульчаў былі заснаваны вёскі рускіх сялян-перасяленцаў, адчынены праваслаўныя місіі з інтэрнатамі для дзяцей-тубыльцаў.

У 1930-х гг. быў заснаваны Ульцкі раён, які меў некаторы час абмежаваныя культурна-аўтаномныя правы.

Колькасць ульчаў у Расіі:

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча ўльчаў

Асноўным гаспадарчым заняткам здаўна былі лоў рыбы і паляванне на лясных звяроў. Увосень некаторыя ўльчы ішлі да Татарскага праліву для палявання на ластаногіх. З XVII ст. існаваў гандль футрам і скурамі з Маньчжурыяй і Кітаем. Ульчы трымалі шмат сабак, якіх выкарыстоўвалі для транспартыроўкі грузаў, елі сабачае мяса, са скур шылі зімовую вопратку. У ежу таксама ішло мяса футравых звяроў. Асабліва шанаваліся стравы з рыбы. Прыстасаванні для лову рыбы мала адрозніваліся ад нанайскіх. Лодкі багата арнаментаваліся і пакрываліся малюнкамі звяроў і птушак. Палявалі з дапамогай складанага лука бури з абкладкай з кітовага вусу.

Ульчскія жанчыны лічыліся неперасягненымі майстрамі апрацоўкі рыбнай скуры і бяросты. Мужчыны былі добрымі разьбярамі па дрэву, косці, рабілі з дзікай крапівы і канопляў надзейныя сеткі і вяроўкі.

Да XIX ст. ульчы жылі ў невялікіх паселішчах (2 — 3 хаціны). Старая форма жытла хагду была каркаснай. Ацяплялася двумя агменямі (дуэнтэ тава — «вогнішча ляснога бога» і тэму тава — «агонь бога вады»). Вялікія вокны затулялі рыбнай скурай. Летнія формы жытла — генга (доўгія канструкцыі з бярвенняў на палях) і даура (хаціны з кары, якія ставілі адразу на зямлі). Пад час палявання спыняліся ў часовых канічных хацінах наму аунзаны або буданах.

Спрадвечнай вопраткай былі халаты з рыбнай скуры, але ўжо ў ХІХ ст. замест скуры выкарыстоўвалі кітайскія тканіны. Штаны мелі аднолькавы крой для мужчын і жанчын. Мужчыны-паляўнічыя апраналі на галаву малы капялюш, пад яго — футравыя навушнікі і кавалак тканіны, якой накрывалі валасы. Узімку насілі шапкі з белага сабачага футра. У святочныя дні жанчыны ўпрыгожваліся шапкамі з рысі  (ням.). Усё адзенне багата арнаментавалася.

Ульчы мелі больш за 30 патрылінейных родаў. Суродзічаў аб’ядноўвалі памяць пра адзінага продка, агульнае імя, агульнае вогнішча, суд, кроўная помста і г. д. Доўгі час паселішчы засноўваліся па родаваму прынцыпу. Малыя роды стваралі саюзы-духа. Але да кан. ХІХ ст. асноўнай сацыяльнай адзінкай стала малая нуклеарная сям'я. Жаніцьба суправаджалася выплатай за нявесту ці адпрацоўкай на працягу 1 — 3 гадоў. Заможныя мужчыны мелі некалькіх жонак, аднак становішча жанчыны адрознівалася некаторай самастойнасцю. У ўльчаў таксама былі хатнія рабы.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ўльчаў блізкая да мовы нанайцаў, часам лічыцца яе дыялектам, таму ў школах доўгі час выкладаліся нанайская і нават удэгейская мовы. У 1980-ыя была ўведзена ўльчскае пісьмо на аснове кірыліцы, з 1990-ых гг. ульчская мова выкладаецца у школах. Сваёй літаратуры няма. Распаўсюджана таксама руская мова.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У кан. XIX ст. ульчы прынялі праваслаўе, аднак захоўваюць анімістычныя культы і шаманізм.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Народы и религии мира: Энииклопелия / Гл. ред. В. А. Тишков, Редкол.: О. Ю. Артемова, С. А. Арутюнов, А. Н. Кожановский и др. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. - 928 с.: ил. ISBN 5-85270-155-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]