Перайсці да зместу

Унутраны свет

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Унутраны і знешні свет — паняцці, якія фіксуюць адрозненні паміж усім тым, што адносіцца да з’яў псіхічнай сферы чалавека, і тым, што не адносіцца да яе[1]. У сучаснай псіхалогіі такое дзяленне больш не робіцца[2][3], але паняцце «ўнутраны свет» можа выкарыстоўвацца як сінонім слова «псіхіка»[4].

Словазлучэнне «ўнутраны свет» таксама можна абазначыць як стан унутранага спакою[en] і ціхамірнасці, ці нават унутраныя органы[5] чалавека.

Псіхалогія і біялогія

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўнутраным свеце фарміруюцца прадстаўленні і вобразы, сярод якіх за кошт самасвядомасці можа існаваць і вобраз самога ўнутранага свету. Унутраны свет чалавека можна лічыць славеснай метафарай, якая вызначае віртуальную рэальнасць, што мадэлюецца электрахімічнымі працэсамі ўзаемадзеяння нейронаў.[6]

Унікальнае аблічча і непаўторны ўнутраны свет чалавека складаецца з мноства складнікаў: спадчыннасці, асаблівасцей унутрычэраўнага развіцця, тыпу нервовай сістэмы і сфарміраванага характару, прыродных здольнасцей і выбраных інтарэсаў, жыццёвага вопыту і ўплыву навакольных, заяўленых каштоўнасцей і перакананняў, глыбінных (якія чалавек не ўсведамляе) установак і шмат чаго іншага.

Унутраны свет, на структуру якога ўплываюць архетыпы, з эмацыянальнага боку толькі рэагуе на навакольнае, а не ўзнаўляе яго.

Мюлер і Гельмгольц законам спецыфічнай энергіі паказалі, што кожны орган пачуццяў узбуджае ўласнае адчуванне, а разам яны «размалёўваюць» навакольны свет.

У савецкай псіхалогіі паняцце «ўнутраны свет» распрацоўваў Б. Г. Ананьеў. Ён лічыў, што ўнутраны свет асобы разам з яе структурай і арганізацыяй асобасных уласцівасцей вызначаецца разнастайнасцю сувязей асобы з грамадствам у цэлым, рознымі сацыяльнымі інстытутамі[7] і групамі. Чалавек развіваецца пры ўзаемадзеянні са светам на працягу ўсяго жыццёвага шляху ў дынаміцы экстэрыярызацыі і інтэрыярызацыі. Паводле аўтара ўнутраны свет чалавека разам з адлюстраваннем рэчаіснасці з’яўляецца складнікам свядомасці. Ва ўнутраным свеце адбываецца пэўная праца, якая пасля экстэрыярызуецца падчас дзейнасці. Чалавек, як суб’ект дзейнасці, увесь час змяняецца ў працэсе яе ажыццяўлення.[8] Асоба робіць непаўторны ўклад у грамадскае развіццё шляхам экстэрыярызацыі свайго ўнутранага свету. Менавіта ў прадуктах экстэрыярызацыі ўнутранага свету магчыма назіранне індывідуальнасці.

Паводле Уорфа на ўспрыманне свету вырашальны ўплыў аказвае мова, на якой думае індывід. Згодна з гештальтпсіхалогіяй, свет пастаянна «дабудоўваецца» ў свядомасці.

Філасофія і рэлігія

[правіць | правіць зыходнік]

Па традыцыі, якая пайшла ад Дэмакрыта, унутраны свет лічыцца своеасаблівым прадаўжэннем, узнаўленнем сапраўднага свету, яго копіяй, якая была адфільтраваная ўспрыманнем і ператворана ў адпаведнасці з мэтамі і задачамі жыцця чалавека.

Паводле Платона ўнутраны свет чалавека не ўзаемадзейнічае напрамую са «светам ідэй»: для таго каб «успомніць» ідэю, чалавеку неабходна знайсці яе «адлюстраванне» у даступным для пачуццяў матэрыяльным свеце.

У кабале пытанне аб духоўным свеце разглядаецца ў «сістэме пяці светаў», якія тлумачацца, як ступені ўтойвання поўнага аб’ёму прыроды, узроўні свядомасці суб’екта.

Згодна з гнастыцызмам ідэальны ўнутраны свет валодае самастойным зместам, які не залежыць ад матэрыяльнага свету.

Зноскі

  1. Энциклопедия эпистемологии и философии науки. Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2020.
  2. Философский энциклопедический словарь. Архівавана з першакрыніцы 24 кастрычніка 2020.
  3. Философский словарь Под ред. Г. Шишкоффа. Издательство М. Иностранная литература. 1961
  4. Энциклопедический словарь по психологии и педагогике, 2013
  5. Эндоскопия: путешествие во внутренний мир человека. Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2021.
  6. Крис ФРИТ - "Мозг и душа" Глава 5. Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2017.
  7. Ананьев Б. Г. Психология и проблемы человекознания. Москва-Воронеж. 1996.
  8. Ананьев Б. Г. Человек как предмет познания. — СПб.: Питер, 2001.