Фарнабаз III

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фарнабаз III
Нараджэнне каля 365 да н.э.
Смерць 310-я да н.э.
Род Фарнакіды
Бацька Артабаз II
Дзейнасць афіцэр
Званне генерал
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фарнабаз ІII (370 да н.э./365 да н.э. — пасля 320 да н.э.) — дзяржаўны дзеяч Персідскай імперыі. З роду Фарнакідаў, адгалінавання каралеўскага роду Ахеменідаў, сын Артабаза II.

У 353 да н.э. — 343 да н.э. знаходзіўся разам з бацькам у выгнанні ў Македоніі, пасля вярнуўся ў Персію. У 334 да н.э. з пачаткам вайны з Македоніяй стаў падначаленым свайго сваяка Мемнана, які кіраваў персідскім флотам у Эгейскім моры. Разам з Мемнам удзельнічаў у абароне Галікарнаса, што вымусіла македонцаў спыніць наступ, каб засцерагчы тылы.

Пасля падзення Галікарнаса ў 333 да н.э. персідскі флот, у складзе 300 караблёў і ўкамплектаваны фінікійцамі, егіпцянамі, кіпрыётамі і грэчаскімі наймітамі, распачаў напады на гарады каля Гелеспонта з мэтай адрэзаць македонскае войска ад забеспячэння. Апроч таго, вяліся перамовы са спартанскім царом Агісам III аб супольных дзеяннях, падвяргаліся нападам астравы Кос, Хіяс, Лесбас. У выніку Аляксандр Македонскі быў вымушаны пакінуць частку войска ў Македоніі, якое мусіла стварыць македонскі флот.

У 333 да н.э. падчас аблогі Мітылены, сталіцы Лесбаса, нечакана памёр Мемнан, і Фарнабаз быў прызначаны адзінасаобным кіраўніком флоту. Ён здолеў захапіць Мітылену, маленькі востраў Тэнедас, кантраляваў Гелеспонт, перарэзаў забеспячэнне зернем з Афінаў. Улетку 333 да н.э. збудаваў крэпасць каля Галікарнаса, што не дазваляла выкарыстоўваць гарадскую гавань. Персы захапілі астравы Самафракію, Сіфнас і Андрас, горад Мілет, заснавалі крэпасці ў Каліпалісе, горадзе ў Гелеспонце. Да таго Фарнабаз паслаў наймітаў на дапамогу Дарыю III.

Але Дарый III прайграў бітву пры Ісе. Фарнабаз даведаўся пра гэта падчас перамоў з Агісам III на Сіфнасе. Перамовы не прынеслі вынікаў, хоць праз 2 гады Спарта і паўстала супраць Македоніі. Пасля Фарнабаз быў вымушаны задушваць паўстанне на Хіясе, а яго флот быў разбіты каля Каліпаліса. Сітуацыя пагоршылася з аблогай македонцамі Ціра ўвесну 332 да н.э. 80 фінікійскіх і 120 кіпрскіх капітанаў пакінулі флот, які стаў дэзарганізаваны. Сам Фарнабаз быў схоплены і пасланы да Аляксандра ў Фінікію, але па дарозе здолеў уцячы і дабрацца да Коса.

Пасля на 12 гадоў ён знік з запісаў. Магчыма, у 330 да н.э. быў аточаны разам з бацькам Артабазам у Гірканіі і перайшоў на службу да македонцаў. У 321 да н.э. служыў афіцэрам кавалерыі ў македонскім войску. Пра далейшы яго лёс нічога невядома.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]