Форум Лямбда

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Форум Лямбда (Forum Lambda)»
Тып часопіс
Выдавец Эдвард Тарлецкі
Краіна Беларусь
Заснавана 1998
Спыненне публікацый 2002
Тэматыка Культура, правы чалавека, геі
Мова беларуская і руская
Перыядычнасць Нерэгулярна
Галоўны офіс Мінск, праспект Незалежнасці, 39

«Форум Лямбда» — навукова-папулярны, асветніцкі і культуралагічны часопіс[1]. Выдаваўся ў Мінску на беларускай і рускай мовах[2][3][4] з 1998 па 2002 гг. Асноўныя тэмы часопіса — культура, мастацтва, правы чалавека, правы геяў і лесбіянак, праблемы ЛГБТ, сацыяльныя праблемы.

Гісторыя выдання[правіць | правіць зыходнік]

«Форум Лямбда» (да 1999 — «Форум») быў заснаваны ў жніўні 1998 года як бюлетэнь незарэгістраванай арганізацыі Беларуская Ліга свабоды сексуальных меншасцяў «Лямбда» (БЛЛ).[5][6]

2 чэрвеня 1999 атрымаў пасведчанне Дзяржаўнага камітэта па друку і стаў выходзіць афіцыйна. Прыватным заснавальнікам і выдаўцом выступіў журналіст і актывіст Эдвард Тарлецкі.[7]

Выданне часопіса было падтрымана Фондам Сораса.[8] Часопіс распаўсюджваўся бясплатна. Большасць нумароў, што пабачылі свет, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Галоўны рэдактар Э.Тарлецкі ў інтэрв’ю інтэрнэт-часопісу Makeout узгадвае[9]:

Наклад быў невялікі і нас мала зусім. Зразумела, што трэба было запоўніць неяк сабой прастору. Мы яго запакоўвалі ў канверты і рассылалі ў бібліятэкі, у кніжныя палаты, у міністэрства, ведамства, грамадскія арганізацыі … Каб яны чыталі, каб ведалі, што мы ёсць. Самі па сабе гей-арганізацыі нічога не могуць зрабіць. Адразу я гэтага не разумеў, а потым паступова да мяне дайшло. Яны могуць публічна людзям распавядаць, што ёсць такая праблема, а саму гэтую праблему яны не могуць вырашыць. Можна праводзіць усякія семінары, лекцыі, але пакуль не будзе гэтай праблемай займацца дзяржава — нічога не зменіцца.

13 сакавіка 2001 рэдакцыя часопіса атрымала ліст Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку, у якім гаварылася аб ануляванні пасведчання аб рэгістрацыі. У лісце пазначана прычына: «часопіс, зарэгістраваны як навукова-папулярнае, культуралагічнае выданне, ужо больш за год выпускаецца як эратычны».[10][11][8] У гэтай сувязі Э. Тарлецкі для ПЦ «Вясна» заявіў[12]:

Пазбаўленне часопісу рэгістрацыі […] — гэта сведчанне таго, што дзяржава працягвае палітыку дыскрымінацыі ў дачыненні да геяў і лесбіянак. Гэта незаконнае рашэнне, гэта дыскрымінацыя — я падкрэсліваю. Часопіс «Плэйбой» абвешчаны неэратычным, а наш часопіс — эратычным. І гэта заканамерная з’ява: грамадства робіцца больш унітарным — расце гамафобія.

Нягледзячы на пазбаўленьне афіцыйнага статусу, часопіс друкаваўся далей. Па 2002 год уключна ўбачылі свет 23 нумары.[13] Афіцыйна наклад часопіса складаў 299 асобнікаў.

У 1999—2001 гг. рэдакцыя часопіса была суарганізатарам беларускага фестывалю Беларусь Гей Прайд[14][15][16][17]

У 2000 г. часопіс быў прадстаўлены на беларускім стэндзе на Міжнародным кніжным кірмашы ў г. ГётэборгШвэцыя.[18]

У 2000 г. журналіст Юры Азаронак у сваёй тэлеперадачы «Тайныя спружыны палітыкі» выкарыстоўваў матэрыялы часопіса для нібыта кампраметацыі беларускай апазіцыі.[19]

У 2000 г. за адстойванне правоў меншасці часопіс быў сярод намінантаў на атрыманьне прэміі часопіса ARCHE-1999 «За сумленнае слова»[20].

Вытрымка[правіць | правіць зыходнік]

У № 18 часопіса «Форум Лямбда» адзін з артыкулаў быў прысвечаны праблеме прапаганды, у якой аўтар разважае на тэму гамафобіі ў сучасным беларускім грамадстве, «якое шмат у чым усё яшчэ жыве па інэрцыі, рухаецца па сацыяльна-культурнай траекторыі, якая была закладзена ў эпоху савецкай імперыі. Уласна камуністычнай ідэалогіі ўжо няма, але захоўваецца набор стэрэатыпных сацыяльных рэакцый, сацыяльных рэфлексій. Беларускае грамадства — грамадства без выразнай сістэмы пісаных правіл, гэта квазітрадыцыйная супольнасць. Феномен савецкага кансерватызму і ёсць той спецыфічны культурны фон, на якім ледзьве развіваецца субкультура секс-меншасцяў у Беларусі». На думку аўтара артыкула, беларуская гамафобія — гэта вынік беларускага вобразу жыцця. Варожасць да геяў у Беларусі ў шмат чым — наступства ганебнага становішча мужчыны, і наогул чалавечай асобы. Асноўныя ўстановы мужчынскага выхавання — вуліца, армія, турэмная сістэма, вынішчаюць свабоду індывідуальнасці, развіваюць канфармізм. Корань канфлікту секс-меншасцяў з сацыяльным асяроддзем — не ўласна забарона на гомасексуальнасць у чыстым выглядзе, а непрыйманне маргінальнай постсавецкай масай разнастайнасці жыццёвых стыляў як такіх. […] Беларускі гамафоб рэагуе на гомасексуалаў амаль рэфлекторна. Іншасць — ужо сама па сабе ёсць злачынства".[19][21]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Віртуальная выстава дакументаў па ЛГБТ-гісторыі Беларусі 1990-2000-х гадоў. Частка 1

  1. Forum Lambda. Навукова-папулярны, асветніцкі і ультуралагічны часопіс, які робяць геі. № 20/2001.
  2. Беларускі калегіюм. ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА. ГАННА КІСЛІЦЫНА. НОВАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ СІТУАЦЫЯ: ГЕНДЭРНЫ ФАКТАР
  3. ARCHE 2 (25) 2003 г. Уладзіслаў Гарбацкі : Пераадоленьне гамафобіі стар.145
  4. gayby.net. Уладзіслаў Гарбацкі : Пераадоленьне гамафобіі
  5. «За вясёлкавую Беларусь!» Віртуальная выстава дакументаў па ЛГБТ-гісторыі Беларусі 1990-2000-х гадоў.
  6. Форум / Forum. Бюлетэнь Беларускай Лігі свабоды сексуальных меншасцяў «Лямбда». № 2. Верасень-кастрычнік 1998.
  7. Makeout. Слава
  8. 8,0 8,1 gay.ru В Беларуси перестанет выходить журнал «Forum Lambda»
  9. Часопіс Makeout. 6 студзеня 2014/ Вика Биран. Любое гей-движение будет отражать общую картину происходящего в обществе
  10. Хартыя’97 Гей-журнал «Форум — Лямбда» лишен официальной регистрации
  11. Радыё Свабода. Андросенка: Гамафобія — гэта тое, што яднае апазыцыю і ўладу
  12. Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе. 8. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ СЛОВА І АТРЫМАНЬНЕ ПРАЎДЗІВАЙ ІНФАРМАЦЫІ, ПЕРАСЬЛЕД НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ І ЖУРНАЛІСТАЎ частка 1
  13. Гей-новости. Беларусь 4.04.2002
  14. БДГ. 12/03/2002 В Минске готовятся к IV фестивалю геев и лесбиянок
  15. БДГ. 31/08/2001 По главной улице с оркестром…
  16. Гей-новости. Беларусь 20.10.2002
  17. Homosexualität in Weißrussland
  18. Dmitri Plax. ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ № 3/ 2002 г. ANTECKNINGAR OM SVENSK-VITRYSKA KULTURELLA KONTAKTER I BÖRJAN AV DET XXI SEKLET
  19. 19,0 19,1 Альмира Усманова. Сексуальность и политика в белорусских масс-медиа, стар. 328—329 (Белорусский формат: невидимая реальность. Вильнюс, Европейский Гуманитарный Университет, 2008 г.)
  20. ARCHE 3 — 2000, стар.2
  21. Форум Лямбда. № 18 (2000). С. 5.