Перайсці да зместу

Франсіска дэ Сурбаран

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франсіска дэ Сурбаран
ісп.: Francisco de Zurbarán
Фатаграфія
Меркаваны аўтапартрэт Сурбарана. Дэталь карціны «Апостал Лука-жывапісец перад Распяццем» (1630—1639, Прада)
Дата нараджэння 7 лістапада 1598(1598-11-07)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 27 жніўня 1664(1664-08-27)[5][1][…] (65 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка María Páez[d], Beatriz de Morales[d] і Leonor de Torder[d]
Дзеці Juan de Zurbarán[d]
Род дзейнасці мастак
Жанр нацюрморт[4], рэлігійны жывапіс[d][6][4], партрэт[4], гістарычны жывапіс[4], жанравы жывапіс[4] і міфалагічны жывапіс[d][4]
Вучоба Хуан дэ Раэлас
Мастацкі кірунак севільская школа жывапісу
Уплыў на José de Sarabia[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Франсіска дэ Сурбара́н[8] (ісп.: Francisco de Zurbarán, ахрышчаны 7 лістапада 1598, Фуэнтэ дэ Кантас, Эстрэмадура — 27 жніўня 1664, Мадрыд) — іспанскі мастак, прадстаўнік Севільскай школы жывапісу.

Франсіска дэ Сурбаран нарадзіўся ў мястэчку Фуэнтэ дэ Кантас (правінцыя Эстрэмадура). Вучыўся ў Севільі, у П. Д. дэ Вільянуэвы[8]. У 1617—1618 гадах Сурбаран жыў і працаваў у невялікім мястэчку Эстрэмадуры — Льерэне, затым вярнуўся ў Севіллю і да 1633 года бесперапынна жыў там.

У 1622 годзе ён ужо быў вядомым майстрам, атрымліваў заказы для храмаў і манастыроў. У 1626—1627 гадах па кантракце з ордэнам дамініканцаў ён піша 21 карціну на рэлігійныя сюжэты, у тым ліку знакамітую карціну «Укрыжаванне». У 1628—1630 гадах Сурбаран піша цыкл карцін пра святога Пэдра Наласка і цыкл карцін пра жыццё св. Банавентуры.

У 1631 годзе Ф. Сурбаран стварае адзін з лепшых сваіх твораў — карціну «Трыумф святога Фамы Аквінскага», якая была прызнана шэдэўрам яшчэ сучаснікамі жывапісца.

У 1634 годзе мастак здзейсніў падарожжа ў Мадрыд, дзе атрымаў тытул прыдворнага жывапісца. У Мадрыдзе пры працы над упрыгожваннем нядаўна пабудаванага палаца Буэна-Рэціра майстар адышоў ад рэлігійнай тэматыкі — ім быў напісаны цыкл з дзесяці палотнаў, якія паказваюць подзвігі Геркулеса (цяпер у музеі Прада), а таксама гісторыка-манументальнае палатно «Абарона Кадзіса».

Вывучэнне прац вялікіх італьянскіх жывапісцаў і зносіны з іншымі бачнымі майстрамі, якія працавалі ў сталіцы, ўзбагаціла творчасць мастака. Пасля вяртання ў Севіллю ён напісаў выдатную серыю карцін для манастыра ў Херасе — найбольш вядомыя «Дабравешчанне», «Каляды» і «Пакланенне вешчуноў».

Паступова яго слава расла, ў Паўднёвай Амерыцы адкрываліся манастыры і цэрквы, ахвотна заказвалі ў Сурбарана карціны. На канец трыццатых гадоў прыходзіцца пік творчай актыўнасці і папулярнасці мастака.

У позні перыяд творчасці Сурбаран звяртаецца да лірычных вобразаў Хрыста і Маці Божай ў дзяцінстве — «Мадонна з дзіцем», «Маленства Мадонны».

У 1658—1664 гадах Ф. Сурбаран жыў у Мадрыдзе. Яго папулярнасць ішла на спад, нягледзячы на падтрымку аднаго Дыега Веласкеса ён, забыты заказчыкамі, адчуваў матэрыяльныя цяжкасці.

Зазнаў уплыў Караваджа. Жывапіс Ф. Сурбарана адрознівае асаблівая матэрыяльнасць у перадачы фігур людзей, акружэння, прадметаў, якая надае выяўляемым падзеям жыццёвую перакананасць[9]. Творы вылучаюцца грубаватай рэалістычнасцю вобразаў, павышанай дэталізацыяй, частым увядзеннем у карціны элементаў нацюрморта[8]. Раннім работам уласціва выкарыстанне шырокіх форм і аб’ёмаў («Укрыжаванне», 1627).

«Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629)

Асаблівае месца займае цыкл яго палотнаў, прысвечаных жыццю і духоўнаму служэнню Святога Банавентуры («Смерць Святога Банавентуры», «Святы Банавентура ў Ліёнскім саборы», «Наведванне Святога Банавентуры Фамой Аквінскім»). Карціна «Малітва Святога Банавентуры ў час выбрання папы» (1629) будуецца на кантрасных спалучэннях светлых і цёмна-карычневых тонаў, ажыўленых акцэнтамі чырвонага і вохрыстага колераў. Дзякуючы гэтаму ўкленчаная фігура святога, паказаная ў профіль, яго складзеныя ў малітоўным руху рукі з тонкімі нервовымі пальцамі ўспрымаюцца асабліва выразна. Над ім у залацістай прасторы выяўлены анёл, які ў адпаведнасці з легендай называе імя будучага папы. Нягледзячы на гэты містычны эпізод, работа напоўнена адчуваннем рэальнага жыцця, нават з адценнем празаічнасці[9].

У перыяд творчага росквіту (1630—1640-я гады) ствараў суровыя манументальна-лаканічныя, драматычна-напружаыя і адначасова стрыманыя ў выяўленні пачуццяў вобразы. Творы адметныя смелай абагульненасцю і матэрыяльнасцю пластычнай мадэліроўкі, строгай гамай шэрых і карычневых, насычаных чырвоных тонаў: «Трыумф святога Фамы Аквінскага» (1631), «Спакушэнне святога Іераніма» (1634), «Святы Францыск», цыкл карцін для картэзіянскага кляштара Ла Картуха ў Херэс-дэ-ла-Франтэра (1637—39) і інш.[8]

«Дзяцінства Маці Божай» (1630-ыя)

Лірычны, некалькі інтымны характар маюць палотны Ф. Сурбарана, прысвечаныя Марыі. Сярод іх вылучаецца работа «Дзяцінства Маці Боскай» (1630-ыя), у якой дамінуе некалькі жанравы настрой. Гэтаму садзейнічае прадметнае асяроддзе, паказанае мастаком з асаблівай увагай. У карціне ўсё па-будзённаму проста: у бок адстаўлена плеценая каробка з рукадзеллем, на столік пакладзены нажніцы, спынена работа над вышыўкай, каб прачытаць малітву. Толькі арэол вакол галавы Марыі, складзены з выяў анёлаў, ды ружы і лілеі ў вазе з’яўляюцца напамінам аб будучым Дабравешчанні і ахвярнай смерці Хрыста[9]. Для твораў 1650—1660-х гадоў характэрны рысы лірычнай сузіральнасці і эмацыянальнай усхваляванасці: «Бічаванне Хрыста», «Мадонна з дзіцем і Іаанам Хрысціцелем». У 1640-я г. стварыў серыі карцін, прысвечаных жыццю кляштара ордэна іеранімітаў у Гуадалупе: «Спакушэнне брата Дыега Арзаскага», «З’яўленне Хрыста брату Андрэсу Сальмерону», «Уяўленне брата Педра Саламанкскага»; партрэты (серыя «Дактары з Ла Мерсед», «Доктар з Саламанкі» і інш.).

Зноскі

  1. а б Itaú Cultural Francisco de Zurbarán // Enciclopédia Itaú CulturalSão Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Francisco de Zurbaran // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. National Gallery of Art - Collection
  4. а б в г д е ё ж RKDartists
  5. Francisco de Zurbarán // Benezit Dictionary of ArtistsOUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. а б Francisco de Zurbarán // Encyclopædia Britannica
  7. KulturNav — 2016. Праверана 27 лютага 2016.
  8. а б в г БелЭн 2002.
  9. а б в Лазука Б. А. 2010.
  • Лазука Б. А. Гісторыя сусветнага мастацтва. XVII—XVIII стагоддзі / Лазука Б. А.. — Мн.: Беларусь, 2010. — ISBN 978-985-01-0899-9.
  • Пешын С. У. Сурбара́н Франсиска дэ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 279. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Сурбара́н Франсиско де // Популярная художественная энциклопедия. Архитектура. Живопись. Скульптура. Графика. Декоративное искусство. В 2 т. / Под ред. Полевого В. М. Ред. кол.: В. Ф. Маркузон, Д. В. Сарабьянов, В. Д. Синюков (зам. гл. ред.) — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1986. — Книга II. М—Я, 1986. — С. 269—270. — 432 с, ил., 32 л. ил. — 200 000 экз. (руск.)