Футуна (востраў, Уоліс і Футуна)
Футуна | |
---|---|
фр. Futuna | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 62,3 км² |
Найвышэйшы пункт | 524 м |
Насельніцтва | 4 237 чал. (2008) |
Шчыльнасць насельніцтва | 68,01 чал./км² |
Размяшчэнне | |
14°17′ пд. ш. 178°09′ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Хорн |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Футу́на (фр.: Futuna) — найбуйнейшы востраў у групе астравоў Хорн. Плошча - 62,3 км². Насельніцтва - 4237 чал. (2008 г.).
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Футуна размешчаны ўсяго ў 1,6 км ад суседняга вострава Алофі, у 240 км ад Мата-Уту, галоўнага адміністрацыйнага цэнтра Уоліс і Футуна, у 3201 км ад бліжэйшага мацерыка Аўстралія, у 16182 км ад Парыжа, у 15088 км ад Мінска. Даўжыня - 15,3 км. Найбольшая шырыня - 5,4 км.
Футуна мае вулканічнае паходжанне. На падводных схілах назіраюцца нязначныя магнітныя анамаліі, што сведчыць пра наяўнасць у пародзе жалеза. Найвышэйшы пункт - гара Пуке (524 м). З гор сцякаюць 50 кароткіх рэк. Клімат трапічны пасатны. Лета вільготнае, часам суправаджаецца цыклонамі.
Каля 30% вострава пакрыты лясамі, вышэй за 450 м знаходзяцца горныя лугі. На Футуне сустракаюцца 3 віды эндэмічных раслін і 3 віды эндэмічных птушак.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Футуна быў населены ў канцы 1 тысячагоддзя да н. э. палінезійцамі меркавана з Фіджы. Нашчадкамі старажытных перасяленцаў з'яўляецца народ футуна, які і ў нашы дні складае абсалютную большасць насельнікаў. Да XVII ст. футуна склалі 2 дзяржаўных аб'яднання Сігове і Ала на чале вярхоўных правадыроў ту'і. Большасць жыхароў складалі простыя абшчыннікі сека.
У 1616 г. востраў быў адкрыты галандцамі. У 1837 г. на ім высадзіліся французскія каталіцкія місіянеры, якія паспяхова распаўсюдзілі хрысціянства. Адным з найбольш выбітных місіянераў быў П'ер Шанэль, абвешчаны пазней святым. У 1887 г. ту'і Сігове і Ала падпісалі з Францыяй дагавор аб пратэктараце. У 1917 г. іх валоданні былі абвешчаны часткай французскай калоніі Уоліс і Футуна. Пры гэтым ту'і захавалі значную ўладу.
Пасля II Сусветнай вайны назіраецца сталая эміграцыя, пераважна ў Новую Каледонію і востраў Увеа.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Востраў падзелены на дзве адміністрацыйныя адзінкі — Сігове з цэнтрам у вёсцы Леава і Ала з цэнтрам у вёсцы Малае. Абедзве акругі маюць статус каралеўств, хаця ўлада традыцыйных манархаў-ту'і значна саслаблена выбарнымі адміністрацыйнымі органамі ўлады.
На паўднёвым усходзе каля вёскі Веле працуе аэрапорт. Недалёка ад яго знаходзіцца галоўная славутая мясціна вострава — касцёл Святога П'ера Шанэля.
78% жыхароў займаецца сельскай гаспадаркай і рыбалоўствам, якія забяспечваюць іх унутраныя патрэбы. Важнае значэнне для эканомікі маюць фінансавая дапамога з боку Францыі і грашовыя адлічэнні з боку сваякоў, што працуюць у Новай Каледоніі.