Футуна
Футуна (Futuna) | |
Танец усходніх футуна
| |
Агульная колькасць | 10900 чал. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Уоліс і Футуна Новая Каледонія Вануату |
Мова | футуна, футуна-аніва |
Рэлігія | політэізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | самаанцы |
Футу́на (саманазва Futuna) — прадстаўнікі дзвюх палінезійскіх этнічных груп на астравах Хорн (Уоліс і Футуна) і востраве Футуна (Вануату). Падзяляюцца на ўсходніх футуна, выхадцаў з астравоў Хорн (8900 чал., многія з іх таксама жывуць у Новай Каледоніі)[1], і заходніх футуна з Вануату (2000 чал.)[2].
Усходнія футуна
[правіць | правіць зыходнік]Першыя носьбіты палінезійскай керамікі Лапіта з’явіліся на астравах Хорн у канцы 1 тысячагоддзя да н. э. меркавана з тэрыторыі Фіджы[3]. У сярэднявеччы яны знаходзіліся ў цесных адносінах з суседнімі ўвеа, а таксама танганцамі і самаанцамі. Сувязі з апошнімі асабліва ясна прасочваюцца ў мясцовай мове. Відавочна, у XV — XVI стст. астравы Хорн былі заваяваны танганскімі правадырамі ту’і Тонга, але да пачатку XVII ст. тут ужо існавалі дзве самастойныя дзяржавы на чале з правадырамі з тытуламі ту’і Сігаве і ту’і Ала.
У 1616 г. астравы Хорн былі адкрыты галандскімі мараплаўцамі. У 1837 г. французскія місіянеры паспяхова распаўсюдзілі сярод астравіцян каталіцызм. Уплыў місіянераў прывёў да таго, што ў 1887 г. ту’і Сігаве і ту’і Ала падпісалі з Францыяй дагавор аб пратэктараце. У 1917 г. астравы Хорн сталі часткай французскай калоніі Уоліс і Футуна.
Асноўнымі заняткамі ўсходніх футуна здаўна былі рыбалоўства і земляробства. Першыя наведвальнікі астравоў Хорн не шкадавалі добрых слоў пра шчодрасць мясцовай прыроды і вялікія ўраджаі. Для вырошчвання клубневых раслін футуна практыкавалі ірыгацыю[4].
Асновай грамадства з’яўляліся пашыраныя сем’і, у карыстанні якіх знаходзіліся зямельныя надзелы. Размеркаваннем зямлі паводле звычаёвага права займаліся манархі ту’і. Нават пасля далучэння да Францыі яны захавалі гэтую прывілегію. Продаж надзелаў іншаземцам і выхадцам з Францыі да нашых дзён забаронены. Сама пасада манарха выбарная, займаецца прадстаўнікамі некалькіх злучаных сваяцтвам родаў правадыроў усяго на некалькі гадоў. У мінулым такая практыка прыводзіла да частых войнаў паміж прыхільнікамі на ролю ту’і. Да шырокага распаўсюджвання грошаў манарх мог разлічваць на абавязковыя падарункі ад простых абшчыннікаў-сека.
Французскія місіянеры ў XIX ст. паведамлялі, што мужчыны-футуна маюць доўгія валасы, якія зачэсваюць з дапамогай духмянага алею, а жанчыны — кароткія прычоскі, з якіх пакідаюць доўгімі толькі адну ці дзве пасмы. Вельмі старажытныя карані меў звычай татуіроўкі цела. Вопратка ў мужчын і жанчын была прыкладна аднолькавая, рабілася з тапы.
Дахрысціянскія вераванні ўяўлялі сабою зліццё культу продкаў, веры ў неўміручасць душы, магічныя практыкаванні, забабоны тапу і шанаванне багоў, галоўнае месца сярод якіх займаў мясцовы бог Фака-Велі-Келе і бог Мафу-Іке-Фулу (атаясняецца з Маўі). Згодна з місіянерамі, да прыняцця хрысціянства ў абмежаваных выпадках практыкаваўся канібалізм, было вядома дзетазабойства. Добра захавалася танцавальнае мастацтва ўсходніх футуна. У мінулым яно мела рытуальныя мэты. У нашы дні танец абавязкова суправаджае святочныя хрысціянскія дні.
Заходнія футуна
[правіць | правіць зыходнік]Заходнія футуна адносяцца да так званых знешніх палінезійцаў. Яны размаўляюць на мове футуна-аніва, блізкай да самаанскай і таксама роднай для суседняга знешнепалінезійскага народа аніва. Іх паходжанне ад усходніх футуна з’яўляецца дыскусійным, але верагодным. У казках пра першапродка Маджыхджыкі кажацца, што яго жонка была родам з Тонга. У знешнім абліччы астравіцян шмат меланезійскіх рыс.
Цікава, што ўлады Футуны абмяжоўваюць наведванне іх вострава турыстамі для лепшага захавання арыгінальнай традыцыйнай культуры. Важнае месца ў жыцці гэтага народа займае фальклор, прадстаўлены міфамі, казкамі, эпічнымі паданнямі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Vaimu`a Muliava, Aga`i Fenua
- Paul Van Der Grijp, DEVELOPMENT POLYNESIAN STYLE: CONTEMPORARY FUTUNAN SOCIAL ECONOMY AND ITS CULTURAL FEATURES Архівавана 9 жніўня 2017.
- FUTUNA; OR, HORNE ISLAND AND ITS PEOPLE. WESTERN PACIFIC.(недаступная спасылка)
- Janet Dixon Keller and Takaronga Kuautonga, Myths and Music of Futuna, Vanuatu: Past and Present in Dialogue