Хрусталь (фільм)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
ХрустальM:
англ.: Crystal Swan
Постар фільма
Жанр драматычны фільм[1]
Рэжысёр
Працягласць 95 хв.
Краіна
Мова руская
Год 2018
IMDb ID 6835498

«Хрусталь» (руск.: Хрусталь) — беларускі мастацкі фільм, зняты рэжысёрам Дар’яй Жук у 2018 годзе.[2] Быў вылучаны беларускім оскараўскім камітэтам на намінацыю «Лепшы фільм на замежнай мове» прэміі амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук, але ў выніку не патрапіў у «шорт-ліст[ru]».

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

1990-я гады. Творчая дзяўчына DJ Веля з Мінска канфліктуе з маці і марыць з’ехаць у ЗША. З-за памылкі ў падробленай даведцы на візу яна апынаецца ў незнаёмай сям’і невялікага беларускага гарадка. Пакуль людзі, якія прытулілі Велю, занятыя падрыхтоўкай да вяселля, яна рознымі сродкамі дамагаецца здзяйснення сваёй «крыштальнай мары».

У ролях[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Аліна Насібуліна Веля Веля
Святлана Анікей Маць Велі

Здымачная група[правіць | правіць зыходнік]

  • Рэжысёр — Дар’я Жук
  • Сцэнарысты — Хельга Ландаўэр, Дар'я Жук
  • Aператaр — Карaлiна Коста
  • Мастакі — Андрэй Тоўсцік, Алена Гардзіёнак
  • Мантажоры — Сяргей Дзмітрэнка, Міхал Лешчылоўскі
  • Прадзюсары — Біргіт Гаернбок, Вольга Гойстар, Дэбі Вандэрмулен, Валерый Дзмітрачэнка, Уіл МакКанс, Крыс Шуман, Берні Штэрн, Дэні Габай, Эдзі Марэцці, Шэйн Сміт, Дзмітрый Асмеркін, Андрэй Ісачэнка, Эдвард Шэндаровіч, Пол Саран, Кацярына Ігнаценка

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • 2018 — IX Адэскі Міжнародны кінафестываль (Украіна) — Гран-пры «Залаты Дзюк»
  • 2018 — XXVI Фестываль расійскага кіно «Акно ў Еўропу» (Расія) — галоўны прыз конкурсу «Капрадукцыя. Акно ў свет»
  • 2018 — Кінафестываль у Корку (Iрландыя) — прэмія маладзёжнага журы за лепшую рэжысуру
  • 2018 — Алматынскі кінафестываль (Казахстан) — Гран-пры
  • 2018 — XVI Міжнародны кінафестываль краін АТР «Мерыдыяны Ціхага» ва Уладзівастоку (Расія) — прыз глядацкіх сімпатый
  • 2018 — Тбіліскі міжнародны кінафестываль (Грузія) — галоўны прыз «Залаты Праметэй» за «лепшы гульнявы фільм»
  • 2019 — Нацыянальная кінематаграфічная прэмія «Ніка» (Расія)

Водгукі і крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Заходняя крытыка прыхільна прыняла дэбютную карціну беларуска-амерыканскага рэжысёра. Станоўчыя рэцэнзіі на «Хрусталь» апублікавалі Variety, Hollywood Reporter, Screen International, indieWire, The Playlist, The Skinny і інш. Расійская прэса таксама збольшага добра пісала пра фільм: так, Канстанцін Шаўлоўскі ў «Коммерсантъ Weekend» назваў «Хрусталь» лепшым рускамоўным дэбютам года. На расійскім сайце Megacritic у фільма 7,3 балаў з 10 паводле 18 рэцэнзій[3].

Беларуская пісьменніца і журналістка Таццяна Заміроўская ўвосень 2018 г. адзначыла, што ў фільме «Хрусталь» рэжысёр далікатна, дакладна і адстаронена распавядае пра «траўму сталення нашага пакалення» — «адстароненасць, бадай, галоўная эмоцыя „Хрусталя“». Паводле рэцэнзенткі, «усе персанажы незласлівыя і згубленыя, і крыху ненатуральныя, і ўсе хлусяць, і ўсіх шкада». Т. Заміроўская заўважыла ў фільме паралелі з «Lady Bird» Грэты Гервіг, а таксама «ціхія рэферэнсы да Муратавай, Джармуша або ранняга Кустурыцы», і зрабіла выснову пра тое, што Дар’я Жук «здолела зняць добры, дакладны і сумленны беларускі фільм»[4]. У той жа час палітолаг Вольф Рубінчык, разважаючы пра дынамічнасць фільма «Хрусталь» і праўдападобнасць шэрагу дэталяў, напісаў пра нестыкоўкі ў паказе некаторых беларускіх рэалій 1990-х гадоў (у чым з ім згадзіўся гісторык Юрый Глушакоў[5]), а таксама пра ідэалагічную ангажаванасць кінатвору. Палемізуючы з Т. Заміроўскай з яе націскам на «заходнюю, глабальную адукацыю» Д. Жук, якая «не расла на рускім кіно», В. Рубінчык сцвярджае, што «адсылкі да „перабудовачнага“ і постсавецкага расійскага кіно раз-пораз свіцяцца скрозь „Хрусталь“», і характарызуе фільм як «злую казку»[6].

Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі звярнуў увагу на тое, што «свет „Хрусталя“ — эклектычны, часам падкрэслена гратэскны, але не пазбаўлены арганічнасці… Фільм сапраўды па-майстэрску зроблены, прыгожа зняты і добра сыграны». Разам з тым крытык згадвае фінальны эпізод, выразаны з пракатнай версіі ў Беларусі: «Людзі ідуць з расцяжкай „Чарнобыльскі шлях“ і гарлаюць „Свабоду! Свабоду!“. Аўтарскі погляд тут вымушана капітулюе перад неабходнасцю — без самацэнзуры фільм не змог бы ўвогуле трапіць у кінатэатры»[7].

У верасні 2019 года група беларускіх кінадзеячаў (А. Алай, І. Волчак, Ю. Ялхоў і іншыя) выказалася ў адкрытым лісце, прысвечаным стану кінематаграфіі ў Беларусі: «Шэдэўрамі ігравога кіно прызнаюцца сёння фільмы накшталт карціны Дар’і Жук „Хрусталь“. Беларускі Оскараўскі камітэт (…) лічыць яго ледзь не ўвасабленнем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Бясспрэчна, народжаная ў Мінску малады рэжысёр Дар’я Жук — таленавітая. Але яна з 1996 года жыве ў ЗША. Рэжысёрскую адукацыю атрымала ў Калумбійскім універсітэце, як асоба сфарміравалася пад уплывам заходняга кіно і выражае яго ідэалогію. Як выяўлена ў яе нашумелым фільме беларуская рэчаіснасць? Паўсюдна татальная разруха ў эканоміцы і розумах, адсутнасць якіх бы ні было свабод…»[8]

Зноскі

  1. а б в г Internet Movie Database — 1990.
  2. Хрусталь (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2018. Праверана 11 лютага 2018.
  3. https://www.megacritic.ru/film/xrustal
  4. https://www.the-village.me/village/culture/merk/270137-film
  5. https://imhoclub.by/ru/material/film_hrustal_-_belorusskij_dogvil Архівавана 31 сакавіка 2019.
  6. https://belisrael.info/?p=16718
  7. http://journalby.com/news/hrustal-devyanostye-na-eksport-1235 Архівавана 31 сакавіка 2019.
  8. «Народная воля», № 76 (4431), 27 верасня 2019 г.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]