Перайсці да зместу

Чалавекападобныя малпы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Чалавекападобныя малпы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hominoidea  Gray, 1825

Сямействы і роды

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  943782
NCBI  314295
EOL  4529848
FW  40883

Чалавекападо́бныя ма́лпы, гаміно́іды, ці антрапамарфі́ды (лац.: Hominoidea ці Anthropomorphidae) — надсямейства вузканосых малпаў (Catarrhini), будова цела якіх падобная да чалавечай. Чалавек таксама ўваходзіць у гэты таксон; таму ў беларускамоўнай літаратуры тэрмін «чалавекападобныя малпы» выкарыстоўваюць тады, калі гаворка не тычыцца чалавека непасрэдна, у адваротным выпадку звычайна выкарыстоўваецца тэрмін «гаміноіды». У склад надсямейства ўваходзяць два сямействы: гібонавыя і гамініды.

Надсямейства гаміноідаў уваходзіць — нароўні з надсямействам мартышкападобных (Cercopithecoidea) — у склад парватрада вузканосых малпаў (г. зн. — малпаў Старога Света)[1]. Абодва надсямействы даволі выразна адрозніваюцца па анатамічных прыкметах.

Для чалавекападобных малпаў характэрна буйнейшае (у параўнанні з мартышкападобнымі) цела, адсутнасць хваста, зашчочных мяшкоў і сядалішчных мазалёў (у гібонаў яны ёсць, але маленькія). Чалавекападобным малпам уласцівы прынцыпова іншы спосаб перамяшчэння па дрэвах: замест бегу па галінах на ўсіх чатырох канечнасцях яны пераважна перасоўваюцца на руках, пад галінамі. Такі спосаб перамяшчэння называецца брахіяцыяй; прыстасаванне да яго выклікала шэраг анатамічных змен: больш гнуткія і доўгія рукі, рухомы плечавы сустаў, сплошчаную ў пярэдне-заднім кірунку грудную клетку.

Усе чалавекападобныя маюць падобную будову зубоў і буйнейшы, у параўнанні з мартышкападобнымі, галаўны мозг. Акрамя таго, іх мозг і больш складаны, з высокаразвітымі аддзеламі, якія адказваюць за рухі кісці і языка, органы зроку.

Чалавекападобныя малпы ўпершыню з’явіліся ў Старым Свеце да канца алігацэну — каля 30 млн гадоў назад. Сярод іх продкаў найбольш вядомыя прапліяпітэкі — прымітыўныя гібонападобныя малпы з трапічных лясоў Фаюма (Егіпет), якія далі пачатак пліяпітэкам, гібонам і дрыяпітэкам. У міяцэне адбылося рэзкае павелічэнне колькасці і разнастайнасці відаў чалавекападобных малпаў. У гэту эпоху (каля 20—16 млн гадоў назад) дрыяпітэкі і іншыя гаміноіды пачалі шырока рассяляцца з Афрыкі ў Азію і Еўропу. Сярод азіяцкіх гаміноідаў былі і сівапітэкі — продкі арангутанаў, лінія якіх аддзялілася ад асноўнага ствала гаміноідаў каля 16—13 млн гадоў назад. Паводле звестак малекулярнай біялогіі, аддзяленне шымпанзэ і гарыл ад агульнага з чалавекам ствала адбылося, хутчэй за ўсё, 8—6 млн гадоў назад.

Шкілет чалавека (1) і гарылы (2)
Гарыла-важак на дрэве

Традыцыйна ў складзе надсямейства вылучаліся тры сямействы чалавекападобных малпаў: гібонавыя (Hylobatidae), пангіды (Pongidae: арангутаны, гарылы і шымпанзэ) і гамініды (Hominidae: чалавек і яго продкі). Аднак ва 2-й палове XX ст. метадамі малекулярнай філагенетыкі была выяўлена парафілія пангід; пад уздзеяннем ідэй кладыстыкі, якая не прызнае парафілетычныя таксоны, традыцыйнае сямейства Pongidae было скасавана, а роды, што ўваходзілі ў яго, уключаны ў сямейства гамінід.

Новая класіфікацыя гаміноідаў атрымала шырокае распаўсюджанне пасля публікацыі артыкула 1990 года М. Гудмена і інш.[2] (уласна кажучы, які аб'яднаў былых пангід і гамінід таксон разглядаўся ў самім гэтым артыкуле як падсямейства гамініны (Homininae), а пад словамі «сямейства Hominidae» разумелася ўсё надсямейства Hominoidea у яго звычайным аб'ёме; але гэта ў хуткім часе было выпраўлена К. Гроўвзам[3]).

У выніку сучасная класіфікацыя гаміноідаў атрымала[4] наступны від (у прыведзеным спісе паказаны толькі рэцэнтныя віды і таксоны надвідавога рангу):

Знаходкі выкапнёвых гаміноідаў

[правіць | правіць зыходнік]

Найстаражытныя вядомыя чалавекападобныя — гэта руквапітэк (25,2 млн гадоў назад)[5], камаяпітэк (25 млн гадоў назад), маротапітэк (20,6 млн гадоў назад; адносіцца да ранняга міяцэну Уганды)[3], лімнапітэк (17—22 млн гадоў назад) з Кеніі і Уганды, угандапітэк[en] (19—21,5 млн гадоў назад), рангвапітэк[en] (19 млн гадоў назад) з Кеніі[6].

Частка навукоўцаў[хто?] схіляецца да версіі, што продкам гамінід з'яўляецца парапітэк, аднак гэтае меркаванне недастаткова абгрунтавана з прычыны малой колькасці рэштак апошняга[крыніца?].

Пад рэліктавым гаміноідам маецца на ўвазе міфічны снежны чалавек.