Чытанне маршалкам папскай булы на будаўніцтва манастыроў у Магілёве ў XVIII стагоддзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паўло Пятроўскі[d]
Чытанне маршалкам папскай булы на будаўніцтва манастыроў у Магілёве ў XVIII стагоддзі. 1765
Сабор Святога Станіслава

Чытанне маршалкам папскай булы на будаўніцтва манастыроў у Магілёве ў XVIII стагоддзі — адна з магілёўскіх барочных фрэсак. Створана мастаком Паўлом Пятроўскім каля 1765 года на паўднёвай сцяне Станіславаўскага кармеліцкага касцёла ў Магілёве[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

1-й і 24-й экспедыцыямі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР былі знойдзены надпісы, размешчаныя на хорах касцёла Святога Станіслава ў Магілёве з датамі — 1752, 1765, якія сведчылі аб перабудове касцёла і размалёўцы яго мастаком Паўлом Пятроўскім. Былі выяўлены 14 кампазіцый са Старога і Новага Запаветаў і гісторыі місіянерскай дзейнасці кармелітаў у Беларусі.

Рэстаўрацыя праведзена брыгадай рэстаўратараў арэнднага прадпрыемства «Мінскрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам А. М. Залатухі і брыгадай рэстаўратараў пад кіраўніцтвам В. А. Лукашэвіча ў 1980—1995[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Намаляваны на фрэсцы маршалак, які чытае папскую булу, апрануты ў заходнееўрапейскі гарадскі касцюм: капялюш з высокай, завужанай уверх тульяй, упрыгожаны стравусавымі пер’ямі; кароткі атласны каптан жоўта-залацістага колеру, з-пад якога выступаюць кароткія, пашытыя са стужак блакітнага колеру нагавіцы, якія надзеты на аблягаючыя ногі трыко[2]. На нагах белыя туфлі без абцасаў, завязаныя на пад’ёме стужкамі, і белыя панчохі, падвязаныя пад каленкамі жоўтымі шаўковымі падвязкамі  (руск.)[2].

Справа на фрэсцы намалявана фігура шляхціца ў сучасным мастаку «сармацкім» касцюме: блакітным ордаравым кунтушы-чэхмане 1750-ых гадоў з разразнымі рукавамі, якія насілі надзетымі нармальна, а не звісаючымі, і вышытым злева на грудзях ордэнам. 3-пад кунтуша знізу і ў разрэзы рукавоў відаць гранатавага колеру жупан[2]. На шыі з-пад кунтуша выступае стаячы каўнер белай кашулі. Кунтуш падпяразаны залататканым слуцкім або персідскім поясам. 3 левага боку на залацістай тасьме замацавана багата аздобленая шабля-карабеля. На высока падбрытай галаве шляхціца надзеты высокі блакітны капялюш з шэрым футраным аколышам, на нагах — чырвоныя боты. На парадных партрэтах гэтага часу было модным маляваць магнатаў у ваенізаваным касцюме, каб падкрэсліць іх «сармацкае» паходжанне[2].

На нагах саф’янавыя боты жоўтага колеру з вострым наском і невялікім (на палову пяты) слоеным скураным абцасам. Галава Януша Радзівіла па шляхецкім звычаі высока падбрыта, толькі на макушцы пакінуты традыцыйны чуб. Збрытая і бародка, замест яе — доўгія вусы[2].

Зноскі

  1. а б Высоцкая Н. Ф. Жывапіс барока Беларусі. — 2003. — С. 230-231. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-11-0253-9.
  2. а б в г д Бялявіна, В. М. Беларускі касцюм / В. М. Бялявіна, Л. В. Ракава. — Мінск : Беларусь, 2017. — 463 с. : іл. ISBN 978-985-01-1241-5

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]