Шапавальства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Інструманты і прылады для вырабу валёнак

Шапава́льства — шэрстабітны і валяльны промыслы, традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны (валенне, качанне) галаўных убораў, валёнак, лямцу. На Беларусі да сённяшняга часу захавалася ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. У кастрычніку 2009 года шапавальства ўключанае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Тэхналогія[правіць | правіць зыходнік]

Працэс вытворчасці адноўлены ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Воўну, атрыманую з астрыжанае авечкі, рыхляць брындай, ці «струной», перабіваюць з дапамогай байку. Пасля валокны намотваюць на драўляныя калодкі, ці «балванкі», тае формы, якую патрэбна атрымаць у выніку, і валяюць. Для надання слушнай формы халявам валёнак выкарыстоўваліся «правідлы».

З авечае воўны валялі валёнкі, рукавіцы, шапкі-магеркі, брылі і нават цёплыя коўдры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Меркавана рамяство з'явілася на Беларусі ў XVI стагоддзі як адно з дапаможных майстэрстваў. Яго даследваннем займаўся вядомы беларускі этнограф Еўдакім Раманаў, які ў пачатку XX стагоддзя выдаў працу «Дрыбінскія шапавалы», дзе былі найбольш распаўсюджаныя традыцыі шапавальства.

У 80-я гады XIX ст. у Дрыбіне і Дрыбінскай воласці налічвалася 504 шапавалы. У Старым Дрыбіне гэтым промыслам займаліся 92 чалавекі, у Дрыбіне — 152, у Картыжах — 32, у Пакуцці і Галалобаўцы — па 30 чалавек, Паташні — 27, Лядзешні і Бестрані — па 23, Халіпах — 21, Карэбах — 17, Ляскаўцы — 15, Палосках — 14, Каратышках — 10, Панечы і Вярбе — па 7, Пічаўцы, Шаблавах і Рабках — 6, у Крычаватцы — 5, у астатніх вёсках — па 1—2 майстры[1]. Гадавы заробак майстра складаў 15—30 руб.

Валенне валёнак, шапак-магерак, капелюшоў пераважала тады ў форме адыходнага промыслу: майстры на працягу зімы хадзілі са сваімі вытворчымі прыладамі па вёсках і працавалі ў дамах заказчыкаў. Зусім нязначная колькасць прылад працы спрыяла перамяшчэнням. Існавала пагаворка: «Дзе шапавал стаў — там і яго стан».

У 1930-х у Дрыбіне працаваў шапавальны завод[2]. У 20—30-я гады мінулага стагоддзя валёнкі выраблялі таксама ў арцелях прамысловай кааперацыі. Пазней у Мінску, Віцебску, Наваполацку, Лідзе, Бабруйску, Смілавічах на базе такіх арцеляў і традыцыйнага народнага рамяства былі створаны валяльна-лямцавыя фабрыкі, якія выпускалі тэхнічны і шорны лямец і валёнкі.

Катрушніцкі лемязень[правіць | правіць зыходнік]

У шапавалаў склаўся адмысловы таемны слэнг, якім яны карысталіся падчас вандровак па вёсках, такім чынам ахоўваючы сакрэт свайго майстэрства. Гэтая мова атрымала назву «катрушніцкі лемязень». Паводле запісаў беларускага этнографа Еўдакіма Раманава, лексічны склад мовы налічваў каля 915 словаў і ахопліваў 13 паняційных груп[3]. Уласна «шапавальства» таксама адносіцца да ліку гэтых таемных словаў.

У цяперашні час мова шапавалаў выдадзеная Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеем у выглядзе «Слоўніку шапавалаў»[4].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час шапавалы на Беларусі дзейнічаюць толькі ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне. У шэрагу вёсак, дзе існуе авечкагадоўля, гаспадыні займаюцца апрацоўкай воўны для ткацтва посцілак і вязання прадметаў адзення.

Пры Дрыбінскім раённым гістарычна-этнаграфічным музеі створанае аматарскае аб'яднанне «Шапавал», якое займаецца захаваннем, вывучэннем і перадачай наступным пакаленням сакрэтаў майстэрства шапавалаў[3], а таксама дзіцячы гурток «Катрушнік»[5]. У 2009 годзе ў Дрыбіне планавалася пабудова музея шапавальства, аднак з-за эканамічнага крызісу справа сціхла[6].

У кастрычніку 2009 года Беларуская навукова-метадычная рада ўключыла творчасць шапавалаў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пададзеная заяўка на ўключэнне шапавальства ў Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА[7].

Зноскі

  1. Край у складзе Расійскай імперыі (канец 18 ст. — 1917 г.). Рамёствы і промыслы. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Праверана 22 студзеня 2011.
  2. Дрыбін. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 22 студзеня 2011.
  3. 3,0 3,1 Шапавальнае рамяство. Народная творчасць. Прыкладное мастацтва. Край Магілёўскі. Культура, мастацтва, літаратура. Праверана 22 студзеня 2011.
  4. Ілона Іванова. Дрыбінскія модныя валёнкі // «Звязда». — 1 лютага 2007. — № 21, 25886.
  5. Алена Драздоўская. Спецабутак Дзеда Мароза // «[[Раніца, газета|]]». — 29 снежня 2010.
  6. Традыцыі і мова шапавалаў пад пагрозай. Культура. Радыё «Свабода». Праверана 22 студзеня 2011.
  7. Людміла Мінкевіч Беларускім валёнкам — сусветная вядомасць?! // «Народная газета». — 28 ліпеня 2010.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]