Перайсці да зместу

Эдуард Аляксандравіч Пальчыс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эдуард Аляксандравіч Пальчыс
Імя пры нараджэнні Эдуард Аляксандравіч Пальчыс
Род дзейнасці блогер, актывіст
Дата нараджэння 28 кастрычніка 1990(1990-10-28) (35 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства Беларусь
Бацька Аляксандр Пальчыс
Маці Антаніна Пальчыс
Узнагароды і прэміі
Медаль Ордэна Пагоні
Сайт 1863x.com

Эдуард Аляксандравіч Пальчыс (нар. 28 кастрычніка 1990, Ліда, Беларусь) — беларускі блогер і публіцыст, палітвязень[1].

Нарадзіўся ў Лідзе. У 2006 г. Э. Пальчыс згадваецца на старонках газеты «Наша Слова». Ён двойчы ўдзельнічаў у расчыстцы сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Заполле (Лідскі раён), пра што пісала газета ТБМ[2]. У старэйшых класах ён выступаў за гарадскую каманду «Што? Дзе? Калі?».

У школе стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных дзяцей. Дыплом другой ступені ад Міністэрства адукацыі і грашовую прэмію са спецфонду Прэзідэнта Э. Пальчыс, тады 11-класнік з Ліды, атрымаў на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі ў 2008 г. У той жа год ён паступіў на гістарычны факультэт БДУ[3].

Заснавальнік сайта 1863x.com. Па словах Э. Пальчыса: «Сайт задумаваўся, як адказ тым расійскім прапагандыстам, якія ў 2014-м пачалі інфармацыйна атакаваць Беларусь»[4]. На сайце друкаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з рэзкай крытыкай уладаў Расіі і Беларусі. На ім размяшчаюцца ў асноўным публіцыстычныя артыкулы на гістарычныя і каляпалітычныя тэмы, шмат матэрыялаў, прысвечаных палітыцы Крамля ў дачыненні да сваіх суседзяў, матэрыялы прысвечаныя незалежнасці Беларусі.

5 мая 2015 г. Э. Пальчыс быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і абвінавачаны па ч.1 арт. 130 КК РБ. У кватэры дзе ён жыў і ў кватэры бацькоў былі праведзеныя вобшукі, была канфіскаваная кампутарная тэхніка. Пасля допыту і двухдзённага знаходжання ў ІЧУ г. Мінска, Э. Пальчыс быў прымусова адпраўлены на судова-псіхіятрычную экспертызу у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе ён прабыў 29 дзён. Яго прызналі ў розуме і адпусцілі пад падпіску аб нявыезде. Праз нейкі час яму прад’явілі яшчэ адное абвінавачванне па ч. 2 арт. 343 КК РБ[5].

У верасні 2015 г. Э. Пальчыс праз Расію з’ехаў ва Украіну.

У лістападзе 2015 г. на старонцы свайго сайта Э. Пальчыс паведаміў аб раскрыцці ягонай ананімнасці і пераследванні ў Беларусі.

У выніку аперацыі спецслужбаў, 23 студзеня 2016 г. Э. Пальчыс быў затрыманы пры перасячэнні украінска-расійскай мяжы, тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА г. Бранска, а затым ў СІЗА г. Смаленска[6].

У канцы мая 2016 г. Э Пальчыса экстрадзіравалі ў Беларусь, у СІЗА г. Віцебска, затым у СІЗА г. Мінска і г. Жодзіна.

14 чэрвеня 2016 г. Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, дзе, у сувязі з тым, што да Э. Пальчыса не пускалі адвакатаў, запатрабаваў ад уладаў забяспечыць працэсуальныя гарантыі і правы затрыманага, а таксама належныя ўмовы ўтрымання ў зняволенні[7].

22 чэрвеня 2016 г. старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч пацвердзіў, што Э. Пальчысу прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 343 КК РБ.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікалі беларускую ўладу забяспечыць празрыстасць у судовых працэдурах і вызваліць Э. Пальчыса[8][9].

25 жніўня 2016 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска, суддзя М. Казлова, разглядзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

5 кастрычніка 2016 г. беларускія праваабаронцы прызналі блогера Э. Пальчыса палітвязнем, пра што гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончага цэнтра «Вясна», Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр», камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»[10].

Праваабаронцы заявілі: «У выніку аналізу даследчыкі прыйшлі да высновы, што размешчаная ў 9-ці артыкулах інфармацыя не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту ці выступаў на карысць расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ці здароўю і маральнасці насельніцтва. Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як меркаванні аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп.»[11]

Суд над Э. Пальчысам адбываўся з 14 па 28 кастрычніка 2016 года ў Мінскім гарадскім судзе. Разгляд справы праходзіў у закрытым рэжыме.

Падчас судовага разбіральніцтва каля будынку суда прайшло некалькі акцыяў пратэста. Э. Пальчыс быў прызнаны вінаватым па ч. 1 артыкула 130 КК РБ (распальванне варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці) і па ч. 2 артыкула 343 КК РБ (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Э. Пальчыс быў асуджаны на адзін год і дзевяць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Вызвалены ў зале суда[12].

9-месячны арышт у СІЗА быў залічаны дзень за два дні абмежавання волі. Тэрмін пакарання, які застаўся, адбываў у Лідзе. Знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Адвакатка Э. Пальчыса Ганна Бахціна ў 2017 годзе Міністэрствам юстыцыі была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі. Праваабаронцы лічаць гэта помстай уладаў ў дачыненні да яе за ўдзел у крымінальных справах, якія мелі палітычны кантэкст[13][14].

Э. Пальчыс працягвае працаваць у журналістыцы. У лютым 2017 г. шляхам краўдфандынга сабраў сродкі на наступны год працы сайту 1863х. Прынцыпова падтрымлівае сайт за ахвяраванні чытачоў[15].

3 сакавіка 2017 г. прымаў удзел у мітынгу супраць будаўніцтва бізнес-цэнтра ў Курапатах[16]. 2 мая 2017 г. па артыкуле 23.34 ч.1 КаАП РБ за ўдзел у гэтым мітынгу быў аштрафаваны на 20 базавых велічыняў[17].

21 лютага 2018 г. судом Цэнтральнага раёна г. Мінска (суддзя І. Касцян) за ўдзел 9 студзеня у перформансе ў барбешопе «Чэкіст» па артыкуле 17.1 КаАП, «дробнае хуліганства», аштрафаваны на 30 базавых велічыняў. Такі ж самы штраф атрымаў і іншы ўдзельнік перформансу грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч[18].

4 красавіка 2018 г. судом Фрунзенскага раёна г. Мінска (суддзя Скуратовіч А.) па артыкуле 23.34 ч.3 КаАП РБ быў аштрафаваны на 30 базавых велічыняў за ўдзел 21 лютага 2018 г., у Міжнародны дзень роднай мовы, у зборы подпісаў у падтрымку беларускай мовы і стварэння Нацыянальнага ўніверсітэту з навучаннем па-беларуску[19].

Быў адным з арганізатараў святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску[20].

У чэрвені 2018 года даў інтэрв’ю расійскаму блогеру і актывісту-лібертарыянцу Міхаілу Светаву[21].

У 2020 годзе быў прысуджаны да адміністрацыйнага арышту за ўдзел у перадвыбарчай акцыі Святланы Ціханоўскай. Пасля адбыцця 30 сутак арышту на волю не выйшаў, быў абвінавачаны па крымінальнай справе.

17 снежня 2021 года Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калоніі[22].

Выйшаў са зняволення 19 сакавіка 2026 года, вывезены з Беларусі[23].

Жанаты. Жонка — Вікторыя.

25 сакавіка 2023 года ўзнагароджаны медалём ордэна Пагоні[24].

Як адзначыў журналіст Зміцер Панкавец, Эдуард Пальчыс на сваім прыкладзе паказаў, што беларускі нацыяналізм можа быць папулярным, блогер заахвочваў тысячы людзей спазнаваць гісторыю Беларусі, пераасэнсоўваць спадчыну і сучаснасць[25].

  1. ↑ Эдуард Пальчис - политический заключенный. Совместное заявление правозащитных организаций. Вясна.
  2. ↑ Эдуард Пальчыс быў атрымаў асабістую ўзнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі. Наша Ніва.
  3. ↑ Одаренный подсудимый. Эдуард Пальчис в школе получил личную награду от президента (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2016.
  4. ↑ https://palitviazni.info/naviny/2016/11/22809
  5. ↑ https://news.tut.by/society/471565.html Создатель сайта 1863x.com заявил, что в Беларуси на него завели 2 уголовных дела, а сам он в Украине
  6. ↑ ИНТЕРВЬЮ «Сидеть лучше в России»
  7. ↑ https://naviny.by/rubrics/society/2016/06/14/ic_news_116_476597 Правозащитники требуют обеспечить права и гарантии задержанного редактора сайта 1863x.com
  8. ↑ http://udf.by/news/politic/143295-reportery-bez-granic-trebuyut-osvobodit-eduarda-palchisa.html Архівавана 24 студзеня 2021. «Репортеры без границ» требуют освободить Эдуарда Пальчиса
  9. ↑ https://eadaily.com/ru/news/2016/12/30/reportery-bez-granic-prizvali-minsk-osvobodit-arestovannyh-publicistov
  10. ↑ http://spring96.org/ru/news/85128 Эдуард Пальчис — политический заключенный. Совместное заявление правозащитных организаций
  11. ↑ http://humanrightshouse.org/Articles/21924.htm
  12. ↑ https://charter97.org/ru/news/2016/10/28/229226/ Эдуарда Пальчиса освободили в зале суда
  13. ↑ Праваабаронцы ўстрывожаныя з нагоды хвалі пераатэстацый адвакатаў. Вясна.
  14. ↑ Пераатэстацыя адвакатаў: першая ахвяра — Ганна Бахціна. Вясна.
  15. ↑ http://1863x.com/croud-for-1863x/ Год краудфандинга — подводим итоги и объявляем новый сбор средств!
  16. ↑ Несколько сотен человек пришли на митинг против строительства в Куропатах (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2017. Несколько сотен человек пришли на митинг против строительства в Куропатах
  17. ↑ Блогер Эдуард Пальчыс аштрафаваны на 460 рублёў за мітынг у Курапатах. Беларуская служба Радыё «Свабода».
  18. ↑ https://belprauda.org/zmitser-dashkevich-eduard-palchys-ashtrafavanyya-za-navedvanne-bara-chekist/ Зміцер Дашкевіч і Эдуард Пальчыс аштрафаваныя за наведванне бара «Чэкіст»
  19. ↑ Збіраў подпісы ў падтрымку беларускай мовы? Атрымай 50 базавых!. Вясна.
  20. ↑ https://www.talaka.org/bnr100 #БНР100 — годна адзначым 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі
  21. ↑ ПАРК СОВЕТСКОГО ПЕРИОДА | Эдуард Пальчис (руск.)
  22. ↑ Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калоніі. Новы Час (17 снежня 2021).
  23. ↑ «У меня даже нет документов»: самому молодому освобождённому белорусу всего 21 год (руск.). LRT.
  24. ↑ Новыя ўзнагароджаньні Мэдалём Ордэну Пагоні 25.3.2023
  25. ↑ Ён паказаў, што беларуская нацыянальная ідэя можа быць папулярнай. Чаму Эдуард Пальчыс — круты. Наша Ніва.