Перайсці да зместу

Юравічы (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Юравічы (археалагічныя помнікі) — група археалагічных помнікаў (6 паселішчаў, гарадзішча і курганны могільнік) каля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна.

Паселішча — 1

[правіць | правіць зыходнік]
Касцяная чурынга часоў палеаліту. Раскопкі У. Дз. Будзько

Паселішча эпохі верхняга палеаліту (26 470 ± 420) адкрыў у 1929 Ю. Ю. Попель. Даследавалі К. М. Палікарповіч (1929 і 1931), У. Дз. Будзько, Л. М. Вазнячук (1958—60), У. П. Ксяндзоў (1976). Прасочаны рэшткі агнішчаў, выкладзеных камянямі, і руіны моцна дэфармаванага жытла з касцей маманта, буйных камянёў і плітвалуннага паходжання; рэшткі 15-20 мамантаў, першабытнага быка, дзікага каня, пясца. У выніку раскопак знойдзены крамянёвыя бакавыя разцы, ножапажобныя пласціны, вастрыі, скрабкі адбойнікі, скрабкі, адбойнікі, рэтушоры, нуклеусы, праколкі, унікальны крамянёвы кінжал, вырабы з біўня маманта і інш. Паводле арнаменту на косці помнік нагадвае паселішча Елісеевічы, блізкі да помнікаў еўрапейскага ўсходняга гравета (прагрэсіўнай верхнепалеалітычнай культуры)якія датуюцца не раней за 25 тыс. гадоў да н.э. З’яўляецца адным з найстаражытнейшых помнікаў на Беларусі.

Паселішча — 2

[правіць | правіць зыходнік]

Паселішча эпохі мезаліту. адкрылі і абследавалі ў 1929—31 Палікарповіч і А. Дз. Каваленя, у 1960—65 даследаваў У. Ф. Ісаенка. Знойдзены 71 крамянёвая прылада і 280 апрацаваных крамянёў. Выяўлены рэшткі 4 агнішчаў. Датуецца 8—5 тыс. да н.э.

Паселішчы — 3, 4 і 5

[правіць | правіць зыходнік]

Паселішчы ўсходнепалесскага варыянта днепра-данецкай культуры эпохі неаліту. Адкрыў на берагах воз. Ліцвін і даследаваў Ісаенка (адпаведна: 3-е ў 1960; 4-е ў 1962—66; 5-е ў 1960, 1968—69). Выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жытла (5×3,4 м), наземнай пабудовы (4,6×4,8 м), агнішчы. Знойдзены абломкі ляпнога посуду, больш за 1400 апрацаваных крамянёў, разнастайныя прылады працы (наканечнікі стрэл, праколкі, нажы, пласцінкі, скрабкі, скоблі і інш.). Шыракагорлы нізкі посуд упрыгожаны ўскладнёнай геаметрычнай арнаментацыяй.

Выявіў у 1962 Ісаенка, даследаваў у 1976 В. П. Перхаўка. Прасочаны рэшткі 2 жытлаў зрубнай канструкцыі плошчай 17 і 20 м², заглыбленых у зямлю. Знойдзены посуд характэрны для ранніх славян, банцараўскай культуры. VIVIII стагоддзямі н.э.

Гарадзішча эпохі Кіеўскай Русі. Магчыма, старажытны горад Х—ХІ стст., які называўся Межымосце або Відолічы (цяпер назва вуліцы ў Юравічах). Складаецца з дзвюх пляцовак. Адна плошчай каля 1 га ўмацавана падковападобным валам вышынёй да 6 м і ровам глыбінёй 4 м (дзядзінец), другая (вакольны горад) — плошчай каля 5 га з боку поля была ўмацавана валам і ровам. Даследавалі ў 1920-я гады Ю. Ю. Попель, у 1931 А. М. Ляўданскі і К. М. Палікарповіч, у 1965 і 1975 У. Ф. Ісаенка. Выяўлены абломкі гаршкоў XXIII стагоддзяў, шыферныя прасліцы, вырабы з жалеза, наканечнікі ножнаў мяча, унікальная касцяная лыжачка са знакам Рурыкавічаў, і стылізаванай выявай жывёлы на канцы. Датуецца X—XIII стагоддзямі. Частка посуду, кафля, плінфа невялікіх памераў адносяцца да XVXVI стагоддзяў, калі гарадзішча з’яўлялася умацаванай сядзібай феадала.

У 2004—2020 гадах гарадзішча даследаваў археолаг Алег Іоў. Грунтуючыся на гістарычных і археалагічных фактах, Алег Іоў выказаў гіпотэзу, што менавіта на юравіцкім гарадзішчы ў X — пачатку XI стагоддзяў узнік і першапачаткова існаваў летапісны Тураў, які пазней быў перанесены туды, дзе ён знаходзіцца зараз, у Жыткавіцкі раён[1].

Курганны могільнік

[правіць | правіць зыходнік]

Курганны могільнік дрыгавічоў налічваў 14 насыпаў (захаваліся 6) вышынёй 1-3 м, дыяметрам 4-10 м. Даследавалі ў 1891 У. З. Завітневіч, у 1931 Ляўданскі, у 1959 і 1976 Ісаенка. Раскапаны 4 курганы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце. Нябожчыкаў клалі ў дамавіны, якія часам абгортвалі бяростай. Пад насыпам аднаго кургана ў неглыбокай яме выяўлена парнае пахаванне мужчыны і маладой жанчыны. Памерлых звычайна клалі галавой на захад, у адным выпадку — на усход. Знойдзены фрагмнты гаршкоў, сярэбраныя, пазалочаныя, інкруставаныя і сердалікавыя пацеркі, сярэбраная інкруставаная пацерка «мінскага тыпу», паўтараабаротныя кольцы, трохпацеркавыя завушніцы «кіеўскага тыпу» і іншае.

Зноскі