Янка Быліна
| Янка Быліна | |
|---|---|
| Ксяндзы-літаратары (злева направа): Янка Быліна, Адам Станкевіч, Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) у 1916 годзе. | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | 30 кастрычніка 1883 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 18 лютага 1956 (72 гады) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | паэт, каталіцкі святар |
| Мова твораў | беларуская |
Янка Быліна, сапр. Ян Семашкевіч (30 кастрычніка 1883, в. Лакцяны, Свянцянскі павет Віленскай губ., цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл. — 18 лютага 1956, в. Бомбля, Падляскае ваяводства, Польшча; Псеўданімы: Ядловец; "Я. Дамарослы"; Крыптанімы: Я. Б.; J.B.) — беларускі рымска-каталіцкі святар, паэт і драматург.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Віленскую духоўную семінарыю ў 1907 годзе, у тым жа годзе пасвечаны на святара. Служыў у Іллі (1907-1910), Смаргоні (1910), Дварцы (1910-1912), Дудах (1912), Граўжышках (1912-1915)[1].
У 1917 годзе прызначаны пробашчам у Лаварышках і Цудзенішках[1].
У часы Першай сусветнай вайны прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917–1918 гг. прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі[1].
У жніўні 1918 года выбраны ў заснаваны ў Вільні камітэт Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народа. У тым жа годзе хацеў заснаваць газету для народа на беларускай мове, але не здзейсніў гэтага.
У 1921 годзе ў Лаварышках ужываў у катэхізацыі дзяцей беларускую мову. Павятовыя ўлады правялі следства, і накіравалі ліст да віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, дзе сцвярджалі, што кс. Семашкевіч вядзе беларускую агітацыю, і прасілі "зарэагаваць адпаведна"[2].
У 1922 годзе падчас візітацыі біскупа Юрыя Матулевіча ў Лаварышках кс. Семашкевіч прамовіў да яго па-беларуску, і біскуп адказаў на беларускай мове. У час абеду з удзелам біскупа касцельны хор спяваў беларускія песні[3].
Быў звольнены школьнымі ўладамі з пасады прэфекта (настаўніка рэлігіі) за ўжыванне беларускай мовы.
У 1928 годзе прызначаны пробашчам у Дукшты, дзе служыў да 1932 года.

З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956).
Арыштоўваўся НКУС у канцы верасня 1939 года.
Апошнія гады жыцця правёў на Беласточчыне.
Пахаваны побач з касцёлам у Бомблі.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Друкаваўся з 1917 года ў газеце «Гоман», у перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, у т.л. у рэлігійных («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»), сатырычных (часопісы «Авадзень» і «Маланка»), моладзевым ("Шлях Моладзі"), дзіцячым (часопіс «Пралескі», пад псеўд. Ядловец).
Аўтар зборнікаў паэзіі «На прызбе» (Na pryzbie, Вільня, 1918; 2-е выд. 1924), «На покуці» (Na pokuci: Bajki i roznyja wieršy, Вільня, 1934), камедыі «Выбар старшыні» (Wybar staršyni: Wiaskowaja trahikamedyja u 3-ch dziejach z časou carskich, Вільня, 1926; 2-е выданне: Выбар старшыні. Вільня, 1938), рэлігійных твораў «Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі» (Вільня, 1928), «Песні жальбы або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста» (Вільня, 1929), «Дарога крыжа» (Daroha kryža, Вільня, 1930).
Патрыятычныя і гумарыстычныя творы Я. Быліны выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Заходняй Беларусі.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Грамадскае аб'яднанне «Вільняр» арганізавала ў Лакцянах, на бацькаўшчыне паэта, мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні (9-10.8.2003).
Зноскі
- 1 2 3 Трацяк, Іван. Беларускае каталіцкае духавенства ў сацыякультурным працэсе першай паловы ХХ стагоддзя. — Гродна, 2019. — С. 49-50. — ISBN 978-985-582-257-9.
- ↑ Станкевіч, Адам Родная мова ў святынях // Chryścijanskaja Dumka : часопіс. — 1929. — 10 лістапада — № 16. — С. 3-4.
- ↑ Parafijanin Да нас пішуць // Krynica : газета. — 1922. — 17 верасня — № 3. — С. 7.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Быліна Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 1;
- Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. — Мінск-Мюнхен, 1999.
- Гарэцкі М. Быліна Янка // Гісторыя беларускай літаратуры. — Мн., 1992;
- Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.;
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Чакур Г. У Клюшчанах успаміналі паэта-святара Яна Семашкевіча(недаступная спасылка) // Астравецкая Праўда. 2.11.2013.
- Нарадзіліся 30 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1883 годзе
- Нарадзіліся ў Свянцянскім павеце
- Памерлі 18 лютага
- Памерлі ў 1956 годзе
- Памерлі ў Сакульскім павеце
- Пахаваныя ў Сакульскім павеце
- Выпускнікі Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Паэты Беларусі
- Паэты паводле алфавіта
- Беларускамоўныя паэты
- Постаці беларускага каталіцтва