Ян Амос Каменскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Ян Амос Каменскі
Мемарыяльная дошка ў гонар Каменскага на будынку былога Герборнскага ўніверсітэта

Ян Амос Каменскі (чэшск.: Jan Amos Komenský; 28 сакавіка 1592 — 15 лістапада 1670, Амстэрдам) — чэшскі мысліцель-гуманіст, педагог, грамадскі дзеяч.

Пасля вучобы ў Герборнскім і Гайдэльбергскім універсітэтах выкладаў у брацкіх школах на радзіме (1614—1620). Жорсткія рэлігійныя ганенні прымусілі яго весці вандроўніцкае жыццё. У 1628 г. ён назаўсёды пакінуў Чэхію і пасяліўся ў польскім горадзе Лешна, дзе актыўна займаўся педагагічнай і навуковай работай, быў рэктарам гімназіі. Яго творы набылі еўрапейскую вядомасць, і ён быў запршаны ў Англію, Швецыю, Венгрыю.

З 1656 г. Каменскі зноў, як выгнаннік, хаваўся ў Галандыі. Тут выдадзены збор яго педагагічных прац, што ўключаў «Матчыну школу», «Вялікую дыдактыку», «Пансафічную школу», «Свет, які бачым ў малюнках» і іншае.

Краевугольным каменем педагагічнай сістэмы Каменскага з'яўляецца ідэя «пансофіі» — усеагульнага і ўсёабдымнага навучання і выхавання дзяцей любых саслояў, нацыянальнасцей, рас. Ён быў ўпэўнены, што правілы і сродкі педагогікі неабходна заўсёды ўзгадняць з прыроднымі законамі жыццядзейнасці чалавека і клапатліва ўдасканальваць, памнажаць тое, што закладзена ў ім ад прыроды. Выкладаць трэба на роднай мове, спалучаць навучанне з карыснай працоўнай дзейнасцю. Асноўнымі прынцыпамі дыдактыкі як адзінай тэорыі навучання, адукацыі і выхавання ён лічыў нагляднасць, паслядоўнасць, неперарыўнасць і сістэмнасць. Прызначэнне школы бачыў у падрыхтоўцы актыўных, разняволеных, свабодных, смелых людзей. Пры гэтым галоўным сродкам выхавання лічыў перакананне, а не прымус. У творы «Адзіна неабходнае» адстойваў ідэю ўсеагульнага міру і мірнай садружнасці народаў, знішчэнне войнаў і гвалту на зямлі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • БелЭН у 18 т. Т.7.
  • Kratochvíl M. V. Život Jana Amose. — 1975.