Пладовыя целы (клейстатэцыі) дыяметрам 110—250 мкм са шматлікімі прыдаткамі. Міцэлій эндафітны. Развіваецца пад эпітэліем лісця з сумкаспораў або канідыяспораў і прасціраецца па міжклетніках. Асобныя ніткі грыбніцы праз вусцейка выходзяць на паверхню і ўтвараюць канідыяносцы, на якіх фарміруюцца ланцэтападобныя першасныя канідыі. Другасныя канідыі ўтвараюцца на тых жа канідыяносцах, па форме і памерах вельмі зменлівыя. Ад асновы канідыяносцаў адыходзяць галінкі эктафітнага міцэлію. Сумкі на ножках, эліпсоідныя, цыліндрычныя, падоўжана-яйцападобныя, часта з перацяжкай у верхняй частцы. Сумкаспоры эліпсоідныя, часам сагнутыя.