Перайсці да зместу

Ігнат Сымонавіч Анацэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігнат Сымонавіч Анацэвіч
Дата нараджэння 15 жніўня 1780(1780-08-15) ці 25 жніўня 1780(1780-08-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 лютага 1845(1845-02-18) (64 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык, педагог
Месца працы
Навуковая ступень прафесар
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ігнат Анацэвіч (польск.: Onacewicz; 25 жніўня 1780, в. Малая Бераставіца на Гродзеншчыне, цяпер Бераставіцкі раён — 18 лютага 1845, Санкт-Пецярбург; Псеўданімы: Жэгота) — гісторык і педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэта (1818), калежскі асэсар (1827).

Навуковая дзейнасць Анацэвіча адметная тым, што лягла ў аснову нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі[1]. Паводле Алега Латышонка, Ігнат Анацэвіч — адзін з тых «гістарычна адукаваных спакойных [уніяцкіх] паповічаў», якія, уласна, і стварылі беларускую нацыянальную ідэю на сумежжы 18 і 19 ст.[2]

Асноўным прадметам навуковых даследаванняў Анацэвіча, яшчэ з часу навучання ў Кёнігсбергу (1800-я), была гісторыя Літвы, якою ён называў ВКЛ наогул[3].

Спрабаваў стварыць агульную гісторыю ВКЛ. Распрацаваў і чытаў у Віленскім універсітэце першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў[4]. Прымаў іспыт па прадмеце ў Адама Міцкевіча[5]. Стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца 16 ст. Некаторыя элементы гэтай канцэпцыі ляжаць у аснове пазнейшых беларускай і літоўскай гістарыяграфій.

Распрацаваў класіфікацыю крыніц па гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да 1569, выдзеліўшы наступныя іх групы: міжнародныя трактаты, Метрыка ВКЛ і Кароны, судовыя акты і акты капітул, «Хроніка…» Мацея Стрыйкоўскага, «Гісторыя Літвы» Войцеха Каяловіча, трактат Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў», Галіцка-Валынскі летапіс, тайны архіў Тэўтонскага ордэна. Важнымі лічыў таксама «нямыя помнікі», да якіх адносіў руіны замкаў, пахаванні, рэшткі адзення і зброі, урочышчы (напрыклад, гара Міндоўга пад Навагрудкам), народныя песні. Даў характарыстыку гэтым групам крыніц. Увёў у навуковае абарачэнне вялікую колькасць фактычнага матэрыялу, які стаў хрэстаматыйным.

Склаў перыядызацыю гісторыі Літвы ад першай згадкі гэтай назвы (1009) да 1569 года, падзяліў яе на 5 перыядаў:

  • 1009—1183: «міфічная гісторыя», якая пачынаецца ад першай летапіснай згадкі Літвы.
  • 1183—1240: «няпэўная гісторыя»: ад нападаў Літвы на «рускія краіны» — Пскоў і Ноўгарад, да панавання Міндоўга.
  • 1240—1386: «больш пэўная гісторыя»: спачатку «вялікія клопаты ад крыжакоў», пазней, ад панавання Гедзіміна, нарастанне моцы Літвы. Эпоха доўжыцца да ўвядзення Ягайлам хрысціянства.
  • 1386—1447: «вяршыня магутнасці» Літвы пасля пераадолення ёю раздробленасці.
  • 1447—1569: «пераход пад уладу Польшчы» і канец, пасля Люблінскага сейма, «асобнай гісторыі Літвы»; «уліццё» гісторыі Літвы ў гісторыю Польшчы.

Адукацыя і педагогіка

[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Ваўкавыскае вучылішча (1789—1796), вучыўся ў Гродзенскай акруговай школе (1796—1797)[6], настаўніцкай семінарыі ў Элку[7] (1801—1802). Атрымаў узнагароду міністра адукацыі і каралеўскую стыпендыю на двухгадовае навучанне ў Кёнігсбергскім універсітэце. Вучыўся там з 1802[8], быў высока ацэнены прафесурай, атрымаў падоўжанне каралеўскай стыпендыі яшчэ на два гады, і скончыў універсітэт у 1806. Выкладаў польскую мову, пачаткі рускай мовы, займаў пасаду афіцыйнага перакладчыка прускага караля; працаваў у Кёнігсбергу да 1809. Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1810—1811), атрымаў званне магістра філасофіі. Выкладаў на публічных курсах для дзяржаўных служачых усеагульную гісторыю, права і палітэканомію. З 1813 — настаўнік Беластоцкай гімназіі., з 1817 — памочнік дырэктара. З восені 1818 — намеснік прафесара ў Віленскім універсітэце, чытаў курс усеагульнай гісторыі (1818—1821), расійскай статыстыкі і дыпламатыі (з 1821). Абраны экстраардынарным прафесарам (28.6.1827). Пасля выкрыцця арганізацыі «Патрыёты Айчыны» (восень 1827) быў палічаны тым, хто сваім уплывам падштурхнуў моладзь да дысідэнцтва. Арыштаваны ў лютым 1828 года, у маі 1828 года высланы з Вільні ў Малую Бераставіцу. Пераехаў у Пецярбург (1834). Працэс Анацэвіча цягнуўся да 21.2.1836 года, калі Сенат вызваліў яго ад суда і следства. Працаваў у Археаграфічнай камісіі (з 1834)[9]

Паходзіў з сям'і Сымона Анацэвіча, уніяцкага святара, настаяцеля Малабераставіцкай царквы. Звестак аб маці няма. Браты — Міхаіл, Антон.

Зноскі

  1. На думку М. Біча, А. Латышонка, С. Габрусевіча.
  2. Працыт. у С. Габрусевіча.
  3. Так, у раздзеле «Межы края» працы «Погляд на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага» казаў: «Сёння да ліку літоўскіх губерняў адносяцца толькі Віленская і Гродзенская. Літва ж гістарычная мела межы ад Дзвіны, Дона, Волгі і Днястра аж да Балтыйскага мора». Onacewicz. Rzut oka… T.1, Wilno, 1849. Працыт. у Габрусевіча.
  4. Як яго сябар Я. Лялевель, так і кіраўніцтва ўніверсітэта ставіліся да гэтых лекцый насцярожана; кіраўніцтва чыніла Анацэвічу перашкоды ў правядзенні такіх лекцый.
  5. Maria Dernałowicz, Ksenia Kostenicz, Zofia Makowiecka. Kronika życia i twórczości Mickiewicza. Lata 1798-1824.
  6. Памылковыя паведамленні пра навучанне Анацэвіча ў Гродзенскім павятовым вучылішчы тлумачацца тым, што яно было адчынена (29.9.1797) на базе школы, зачыненай раней у тым годзе. Габрусевіч.
  7. Тады — на прускай Беласточчыне.
  8. Паводле сучасных звестак, жыў у Кёнігсбергу з ліпеня 1802, хоць у літаратуры звычайна называюць 1803. Габрусевіч.
  9. З акладам 1500 рублёў асігнацыямі (400 рублёў срэбрам) у год. Габрусевіч.
  • Габрусевіч С. А. Прафесар Ігнат Анацэвіч — пачынальнік айчыннай гістарыяграфіі // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў : зборнік навук. артыкулаў. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 422 с. ISBN 985-417-834-Х.