Абварная кераміка
Абварна́я кера́міка, або гартава́ная кера́міка — гартаваныя ганчарныя вырабы, вядомыя многім народам лясной зоны Еўропы з часоў неаліту (8 — 3 тысячагоддзі да н.э.). Пасля абпальвання загартоўвалася ў абвары (адсюль назва).
У Беларусі была пашырана пераважна ў сельскіх ганчарных цэнтрах на поўначы і ў сярэдняй паласе краіны. Сярод іншых народных назваў абварной керамікі: рабая, чорная, шэрая. У гарадскіх і мястачковых асяродках абварную кераміку звычайна выраблялі паралельна з чорнаглянцаванай керамікай і глазураванай керамікай, у такіх выпадках яна была прадстаўлена толькі пячным посудам (пераважна гаршкамі).
У другой палове XX ст. вытворчасць абварной керамікі прыйшла ў заняпад, да 1970-х гадоў яе выраблялі толькі ў в. Ганявічы Клецкага раёна. Традыцыі вырабу абварной керамікі адроджаны ў 1990-я гады. У цяперашні час выкарыстоўваецца пераважна ў дэкаратыўных і сувенірных мэтах.
Сярод вядучых майстроў — А. Бараўцова (г. Гарадок), І. Дашкоў і Д. Касьяненка (Мінск), А. Кірычак (г. Салігорск), С. Шуневіч (г. Віцебск), В. Якавенка (г. Крычаў) і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Абварная кераміка // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.