Перайсці да зместу

Талісман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Амулет)
Амулет-званочак на крыжы. Ян ван Эйк. Партрэт мужчыны з гваздзіком. Пасля 1435 г.

Талісма́н[1], амулет (лац.: amuletum), абярэг — прадмет, які людзі насілі на целе і якому прыпісвалі магічныя ўласцівасці засцерагаць ад злых духаў, чараў, няшчасцяў, адводзіць хваробу, прыносіць поспех. Абярэгам можа з’яўляцца кожны прадмет, ад ювелірнага вырабу да кавалка каменя або кары дрэва.

Вера ў чарадзейную сілу амулета ўзнікла ў палеаліце і захавалася да нашых дзён. Яна звязана з магіяй і фетышызмам.

На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытныя амулеты адносяцца да эпохі неаліту (паселішчы на Крывінскім тарфяніку (Сенненскі раён), каля вёскі Камень Пінскага раёна). Пашырыліся ў жалезным веку: апрача прасвідраваных зубоў і касцей жывёл, пачалі выкарыстоўваць разнастайныя металічныя амулеты. З’явіліся лунніцы (упрыгажэнні ў выглядзе паўмесяца), звязаныя з культам Месяца — часткай аграрнага культу. Пры раскопках раннесярэдневяковых курганоў знойдзены амулеты-падвескі — мініяцюрныя выявы сякер (сімвал Пяруна), нажоў, лыжак. Выяўлена шмат амулетаў у выглядзе конікаў. Як амулеты-абярэгі, нібыта здольныя ахоўваць здароўе ўладальніка, выкарыстоўвалі медальёны-змеевікі, а таксама «змеегаловыя» бранзалеты, якія трапляюцца пераважна на паўночным усходзе Беларусі. Звышнатуральныя ўласцівасці прыпісваліся і некаторым каштоўным камяням. Напрыклад, у старажытнасці лічылася, што бурштын дабратворна ўплывае на здароўе таго, хто яго носіць. Падвескі з яго былі адначасова і ўпрыгажэннем. У язычніцкія часы ў якасці амулетаў насілі крыжападобныя падвескі, а пасля прыняцця хрысціянства — крыжыкі.