Каменны век на Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Неаліт на Беларусі)
Перайсці да: рух, знайсці

Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва.

Палеаліт[правіць | правіць зыходнік]

Чалавек на тэрыторыі Беларусі паявіўся ў сярэдзіне старажытнага каменнага веку, прыкладна 100—40 тысяч гадоў таму назад, сведчаннем гэтага з'яўляюцца прылады працы эпохі мусцье (востраканечнікі, скрэблы, адшчэпы), знойдзеныя каля вёсак Падлужжа (Чачэрскі раён), Свяцілавічы (Веткаўскі раён). Носьбітамі гэтай культуры былі неандэртальцы — папярэднікі чалавека сучаснага тыпу. Яны палявалі на буйных жывёл (маманта, шарсцістага насарога), займаліся збіральніцтвам, навучыліся здабываць агонь, будаваць жытлы. У гэты час адбыўся пераход ад першабытнага чалавечага статку да радавога ладу.

Чурынга. Палеаліт. Костка. Стаянка ля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Раскопкі У.Дз. Будзько.

Найбольш старажытныя стаянкі першабытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі выяўлены каля в. Бердыж (Чачэрскі раён) і Юравічы (Калінкавіцкі раён), адносяцца да верхнепалеалітычнай эпохі, іх узрост 26—22 тыс. г. да н. э. Знойдзены рэшткі жытлаў, сцены якіх умацаваны чарапамі і касцямі мамантаў, валунамі. Большасць прылад працы выраблялася з крамянёвых пласцін, некаторыя з біўняў і рэбраў мамантаў, касцей іншых больш дробных жывёл. Паселішчы належалі радавым абшчынам краманьёнцаў.

У канцы палеаліту чалавек рассяліўся пераважна па далінах вялікіх рэк. Асноўныя рысы часу — развіццё вытворчасці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі. Развіваліся спосабы апрацоўкі косці, першабытнае мастацтва, існаваў складаны пахавальны абрад, аформілася першабытная рэлігія — татэмізм. Даволі высокі на той час узровень гаспадаркі, выраб прылад працы і будаўніцтва жытлаў далі чалавеку магчымасць выжыць у суровых умовах прыледавіковай, амаль бязлеснай зоны.

У 11-м тысячагоддзі да н. э. на Дняпры і Сажы пачала складвацца грэнская культура (Бароўка Быхаўскага р-на, Грэнск каля Чачэрска, Журавель Чэрыкаўскага, Каромка Рагачоўскага, Фойна Магілёўскага р-наў і інш.), у 10—7-м тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Заходняга Палесся, Валыні, у басейнах Нёмана і Віслы жылі плямёны свідэрскай культуры (Гожа Гродзенскага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Опаль Іванаўскага р-наў). Апошнія этапы гэтых культур прыпадаюць на эпоху мезаліту (9—5-е тысячагоддзі да н. э.).

Мезаліт[правіць | правіць зыходнік]

На працягу ранняга галацэну праз Панямонне, Дняпроўскі басейн, першабытныя лясы-пушчы, што ўзнавіліся, прайшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Насельніцтва паступова стабілізавалася. У мезаліце з поўдня па далінах буйных рэк засялялася тэрыторыя Беларусі. Больш за 100 стаянак выяўлена ў Верхнім Падняпроўі, Панямонні і на Прыпяці. За гэты час склаўся мацярынска-радавы лад, фарміраваліся плямёны, развівалася родава-племянная ўласнасць. Асноўным гаспадарчым калектывам гэтага часу была радавая абшчына у якой вытворчыя адносіны поўнасцю супадалі з адносінамі кроўнага сваяцтва па мацярынскай лініі, заснаваны былі на калектыўнай вытворчасці, уласнасці і пэўнай роўнасці спажывання. Зліццё некалькіх культурных традыцый прывяло да фарміравання на тэрыторыі ўсходняй Беларусі сожскай культуры (Глыбаўка Веткаўскага, Горкі Чэрыкаўскага, Лудчыцы Быхаўскага, Шыхаў Жлобінскага р-наў).

Неаліт[правіць | правіць зыходнік]

У эпоху неаліту (на Беларусі пачаўся ў канцы 5-га — 4-м тысячагоддзі да н. э. і доўжыўся каля 2 тыс. год) клімат значна пацяплеў, усюды раслі лісцевыя лясы, рэльеф і рачная сетка ў асноўным набылі сучасны выгляд. Невялікія паселішчы з наземнымі або паўзямлянкавымі жытламі найчасцей размяшчаліся на рачных тэрасах каля вусцяў малых рэк, на берагах старыц і пясчаных дзюнах. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Пад канец эпохі ўзніклі і вытворчыя формы гаспадаркі — прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Пачалі выкарыстоўвацца камбінаваныя прылады працы, серпападобныя нажы і інш. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі каменю, пашыраліся шліфаванне сякер, долатаў, цёслаў, матык. Прылады працы і рэчы ўжытку выраблялі таксама з рога, косці, дрэва. Ад адкрытых распрацовак марэннага і мелавога крэменю людзі перайшлі да здабычы яго шахтавым спосабам. Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Найважнейшая адзнака неаліту — пачатак керамічнай вытворчасці. Гліняны посуд ляпілі ўручную і абпальвалі на вогнішчы. Вынаходства посуду дало магчымасць палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы.

На тэрыторыі Беларусі вядома 600 неалітычных стаянак, большасць іх сканцэнтравана ў далінах рэк басейнаў Прыпяці, Сажа і Нёмана. Усходняе Палессе ў гэты час насялялі плямёны палескага варыянта днепра-данецкай культуры, якія выраблялі вастрадонныя шыракагорлыя гаршкі, упрыгожаныя адбіткамі грэбеня і наколамі, і мікралітычныя прылады працы (Слабодка, Юравічы Калінкавіцкага, Краснаселле Хойніцкага р-наў і інш.). Басейн Дняпра на паўночны ўсход ад вусцяў рэк Бярэзіна і Іпуць займалі плямёны верхнедняпроўскай культуры, для іх характэрны посуд, арнаментаваны ямкавымі і лапчастымі ўзорамі (Струмень Кармянскага, Рудня-Шлягіна Веткаўскага, Сябровічы Чачэрскага, Вець Быхаўскага, Лучын, Ходасавічы Рагачоўскага, Глыбаўка, Новыя Грамыкі Веткаўскага, Гронаў Чэрыкаўскага р-наў). Панямонне і левабярэжжа верхняй Прыпяці, суседнія раёны Літвы і Польшчы насялялі плямёны нёманскай культуры, насельніцтва якой карысталася пераважна вастрадонным прафіляваным посудам, арнаментаваным наколамі, насечкамі і пракрэсленымі рыскамі, вырабляла лістападобныя наканечнікі стрэл, разнастайныя скрабкі і прылады, якімі секлі (Добры Бор Баранавіцкага, Кругліца Стаўбцоўскага, Русакова Слонімскага, Моталь Іванаўскага, Камень Пінскага, Ярэмічы Карэліцкага р-наў).

У 3-м тысячагоддзі да н. э. на ўсходнім Пасожжы жылі таксама плямёны дзяснінскай культуры, на тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі праніклі плямёны культуры лейкападобных кубкаў, жывёлагадоўчыя плямёны культуры шарападобных амфар. У сярэдзіне 3-га тысячагоддзя да н. э. на тэрыторыі Паўночнай Беларусі пашырыліся плямёны культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, для іх быў характэрны гліняны посуд з круглаватым дном і лістападобныя наканечнікі стрэл і коп'яў.

Пасудзіна гліняная. Кан. ІІІ — пач. ІІ тыс. да н. э. Паселішча Асавец-ІІ. Раскопкі М. М. Чарняўскага. НГМ РБ.

Тэрыторыю Беларускага Паазер'я ў 4—3-м тысячагоддзях да н. э. насялялі плямёны нарвенскай культуры, якія значную частку прылад працы выраблялі з рога і косці. У 2-й пал. 3-га тысячагоддзя да н. э. на гэтай тэрыторыі жылі плямёны, што выраблялі гладкасценны посуд з дамешкамі ў гліне тоўчаных ракавін, арнаментаваны насечкамі, адбіткамі грэбеня і наколамі. У канцы 3-га тысячагоддзя да н. э. сюды перасялілася частка па дняпроўскага неалітычнага насельніцтва і плямёны культур шнуравой керамікі. У выніку тут склалася паўночнабеларуская культура, насельніцтва якой вырабляла ўпрыгожанні з зубоў жывёл, касцяных пласцінак і бурштыну, скульптуры людзей, звяроў і птушак, выразаныя з дрэва, косці. На паўночна-ўсходняй тэрыторыі Беларусі пашырыліся помнікі бабінавіцкага тыпу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]