Перайсці да зместу

Аўтаномныя супольнасці Іспаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аўтано́мная супо́льнасць — адміністрацыйная адзінка Іспанскага Каралеўства, надзеленая Іспанскай Канстытуцыяй 1978 года заканадаўчай і выканаўчай аўтаноміяй.

У наш час у Іспаніі налічваецца 17 аўтаномных супольнасцей, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на правінцыі. Утварэнне аўтаномных супольнасцей прадугледжана Канстытуцыяй 1978 года, (у прыватнасці артыкул 152.1 устанаўлівае істытуцыянальную аснову гэтых аўтаномных супольнасцей - Заканадаўчая Асамблея, абіраная ўсеагульным галасаваннем, Савет Урада з выканаўчымі функцыямі і Старшыня аўтаномнай супольнасці, абіраны Заканадаўчай Асамблеяй), іх межы, як правіла, супадаюць з межамі правінцый, якія ўваходзяць у гістарычныя вобласці, хоць некаторыя рэгіёны сталі развіваць сваю ідэнтычнасць толькі пасля пераходу да дэмакратыі (прыклады — Мадрыд, Рыёха). Аўтаномныя супольнасці маюць уласныя статуты; урады супольнасцей падзяляюць уладу з цэнтральным урадам. Прадстаўнічымі органамі аўтаномных супольнасцей з'яўляецца парламенты (Parlamento), у Астурыі — генеральная ўправа (Junta General), у Мурсіі, Эстрэмадуры і Мадрыдзе — сходы (Asamblea), у Арагоне, Кастыліі-ла-Манчы, Кастыліі-і-Леоне і Валенсіі — палаты (cortes), выканаўчымі органамі — урады (Gobierno), у Галісіі, Эстрэмадуры, Кастыліі-ла-Манчы, Кастыліі-і-Леоне — управы (Junta), у Арагоне і Навары — дэпутацыі (Diputación), у Андалусіі, Астурыі і Валенсіі — саветы (Consejo), кожны з гэтых выканаўчых органаў складаецца са старшыні (Presidente) і саветнікаў (Consejero).

Рэгіён Адміністрацыйны цэнтр Плошча
км²
Насельніцтва
2011
Сцяг рэгіёна
1 Андалусія Севілья 87 268 8 424 102
2 Арагон Сарагоса 47 719 1 346 293
3 Астурыя Аўеда 10 604 1 081 487
4 Балеарскія астравы Пальма-дэ-Малёрка 4 992 1 113 114
5 Валенсія Валенсія 23 255 5 117 190
6 Галісія Сант’яга-дэ-Кампастэла 29 574 2 795 422
7 Канарскія астравы Лас-Пальмас-дэ-Гран-Канарыя, Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ 7 447 2 126 769
8 Кантабрыя Сантандэр 5 321 593 121
9 Кастылія — Ла-Манча Таледа 79 463 2 115 334
10 Кастылія і Леон Вальядалід 94 223 2 558 463
11 Каталонія Барселона 32 114 7 539 618
12 Мадрыд Мадрыд 8 028 6 489 680
13 Мурсія Мурсія 11 313 1 470 069
14 Навара Памплона 10 391 642 051
15 Рыёха Лагроньё 5 045 322 955
16 Краіна Баскаў Віторыя 7 234 2 184 606
17 Эстрэмадура Мерыда 41 634 1 109 367
Усяго 505 625 47 029 641