Бастэры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бастэры
(ǃGû-ǃgôun)
Агульная колькасць 56000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Намібія
Мова афрыкаанс
Рэлігія пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы грыква, орлам, афрыканеры

Бастэры (афр.: Basters) — група еўрапейска-афрыканскіх крэолаў у Паўднёвай Афрыцы. У нашы дні вылучаюцца як самастойная група ў наваколлях горада Рэхобат у Намібіі. Агульная колькасць (2022 г.) — 56 000 чалавек[1].

Бастэры (літаральна «паўкроўкі») паходзяць з галандскай Капскай калоніі, дзе з XVII ст. адбывалася змяшэнне еўрапейскага і афрыканскага насельніцтва, пераважна гатэнтотаў. У XVIII ст. бастэрамі называлі 2 розныя групы з нізкім сацыяльным статусам — свабодных наёмных рабочых і рабоў. У канцы XVIII ст. свабодныя бастэры часцяком сяліліся на ўскраінах калоніі, дзе станавіліся сялянамі.

У 1868 г. пад уздзеяннем місіянераў бастэры прынялі рашэнне шукаць новае месца пасялення на поўначы. Да 1872 г. яны спыніліся каля нямецкай місіі ў Рэхобаце, дзе заснавалі незалежную рэспубліку, грамадзянства ў якой былі пазбаўлены тубыльцы. У 1885 г. яна была ўключана ў якасці аўтаномнай супольнасці ў склад нямецкага пратэктарата Намібія. У 1895 г. бастэры атрымалі права фарміраваць асабістыя ўзброеныя сілы. Яны ўдзельнічалі ў задушэнні паўстанняў герэра і нама ў пачатку XX ст., але падчас I Сусветнай вайны адмовіліся ваяваць на баку Германіі і нават былі атакаваны нямецкімі салдатамі ў 1915 г.

Пасля ўсталявання брытанскага, а потым паўднёваафрыканскага кантролю над Намібіяй бастэры страцілі сваю аўтаномію. У 1976 г. аўтаномія Рэхобата была ўзноўлена пасля шматлікіх выступленняў бастэрскіх палітыкаў. Яна была зноў страчана ў 1990 г. пасля абвяшчэння незалежнасці Намібіі.

Бастэры Рэхобата захоўваюць супольнае кіраванне на чале з капітанам, які пажыццёва выбіраецца абшчыннікамі. 7 мая і 8 мая святкуецца памяць пра загінулых у баях з немцамі ў 1915 г. У нашы дні традыцыйная вопратка апранаецца толькі ў асобых выпадках. Жанчыны носяць доўгія сукенкі, белы фартух і белы чапец капі. Мужчыны апранаюць штаны і кашулю колеру хакі, а таксама самаробныя боты.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]