Ван дэн Будэнмаер
Ван дэн Будэнмаер (Van den Budenmayer; 20 мая 1755 — 1803) — выдуманы галандскі кампазітар канца XVIII стагоддзя, альтэр-эга Збігнева Прайснера.
Асоба кампазітара Ван дэн Будэнмаера сустракаецца некалькі разоў у кінастужках польскага рэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага і з’яўляецца рэмінісцэнцыяй Спадара Когіта — выдуманага персанажа з твораў Збігнева Герберта. Звяртаючыся да вытокаў гісторыі Будэнмаера, Прайснер прыгадвае: «Пачалося ўсё з чыстай выпадковасці. У „Дэкалогу IX“ Кшыштаф хацеў выкарыстаць некалькі песень Малера, якія ніколі не запісваліся ў Польшчы. Запісаць іх каштавала б надзвычай дорага. І я сказаў, што напішу нешта іншае, непадобнае. Калі не атрымаецца, табе прыйдзецца набыць правы на Малера. Калі я напішу паршывую музыку, скажам, што гэта не я, а Ван дэн Будэнмаер. Калі ж напішу добрую — будзе мая»[1]. У выніку музыка Ван дэн Будэнмаера загучала ў чатырох фільмах Кеслёўскага: «Дэкалог, дзевяць» (1990), «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991), «Тры колеры: Сіні» (1993) і «Тры колеры: Чырвоны» (1994).
Апроч самой музыкі, прыпісанай выдуманаму кампазітару, у кожным з гэтых фільмаў яго асоба ўзбагачалася ўсё новымі і новымі фактамі. Так, у фільме «Падвойнае жыццё Веранікі» сцвярджалася, што ён галандскі кампазітар XVIII стагоддзя, які аднак быў адкрыты зусім нядаўна. У адным з эпізодаў фільма можна ўбачыць даты нараджэння і смерці кампазітара, напісаныя крэйдай на школьнай дошцы: 1755—1803[2]. «Дата нараджэння была такой жа, як і мая, толькі на дзвесце год раней» — адзначае Прайснер[1]. Пазней, у фільме «Тры колеры: Чырвоны» на стале ў галоўнага героя, суддзі, можна пабачыць плытку з музыкай Ван дэн Будэнмаера. На вокладцы, паказанай буйным планам, выяўлены партрэт кампазітара. У гэтым жа фільме галоўная гераіня, Валянцін, слухае дыск з музыкай Ван дэн Будэнмаера — на імгненне на вокладцы дыска зноў бачны яго партрэт. Імя Ван дэн Будэнмаера фігуруе і ў фінальных цітрах фільмаў, і на дысках з саўндтрэкамі.
У пачатку 1990-ых гадоў Кеслёўскі пачаў атрымліваць лісты ад складальнікаў розных энцыклапедычных выданняў. Сярод іх быў ліст ад Універсітэцкай прэсы Оксфарда (англ.: Oxford University Press): яны абнаўлялі энцыклапедыю класічнай музыкі, у сувязі з чым запрашвалі інфармацыю пра Ван дэн Будэнмаера, бо іх уласныя даследаванні ні да чаго не прывялі. Кеслёўскі адказаў, што Ван дэн Будэнмаер — выдуманы персанаж, якога яны прыдумалі разам з кампазітарам Збігневам Прайснерам. Складальнікі энцыклапедыі не паверылі. Бясплённае ліставанне доўжылася прыблізна паўгода, пасля чаго Кеслёўскі перастаў адказваць на лісты[3].
Праводзячы мяжу паміж уласнай творчасцю і творчасцю свайго альтэр-эга, Прайснер адзначае, што «Ван дэн Будэнмаер выразна выяўляе сябе слухачам як праз музыку, так і праз выбар тэкстаў. Калі ён упершыню з’яўляецца ў 9-ай частцы „Дэкалога“, ён выкарыстоўвае кароткі ўрывак пра гарлачыкі галандскага паэта Фрэдэрыка ван Эдэна . У „Падвойным жыцці Веранікі“ ён цытуе „Чысцец“ і „Рай“ з „Боскай камедыі“ Дантэ»[4].
Пасля смерці Кшыштафа Кеслёўскага (1996) Прайснер больш не пісаў твораў ад імя Ван дэн Будэнмаера.
Ван дэн Будэнмаер – маё альтэр-эга. Альбо, магчыма, я – яго. Нашы стылі падобныя, але, на шчасце, я яшчэ пішу музыку. Ван дэн Будэнмаер памёр з Кеслёўскім[5]. |
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- «Nymphea» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Дэкалог, дзевяць»)
- «Concerto en mi minuer (SBI 152). Version de 1798» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Падвойнае жыццё Веранікі»)
- «Concerto en mi minuer (SBI 152). Version de 1802» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Падвойнае жыццё Веранікі»)
- «Funeral Music (winds)» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Тры колеры: Сіні»)
- «Funeral music (organ)» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Тры колеры: Сіні»)
- «Funeral music (full orchestra)» (упершыню з’явіўся ў саўндтрэку да фільма «Тры колеры: Сіні»)
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Інтэрв’ю з кампазітарам Збігневам Прайснерам. «Double Life of Veronique», Criterion Collection DVD, 2006. Выток: http://cinema-translations.blogspot.com.by/2011/06/zbigniew-preisner-working-with.html Архівавана 11 жніўня 2017.
- ↑ Contemporary Film Music 2017, с. 64.
- ↑ Patrick Abrahamson. Kieslowski's Many Colours (англ.)(недаступная спасылка). Oxford University Student newspaper (2 чэрвеня 1995). Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2006. Праверана 31 студзеня 2018.
- ↑ Contemporary Film Music 2017, с. 61-62.
- ↑ Contemporary Film Music 2017, с. 61.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Lindsay Coleman, Joakim Tillman. Contemporary Film Music: Investigating Cinema Narratives and Composition. — Palgrave Macmillan UK, 2017. — XVI, 272 p. — ISBN 978-1-137-57374-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ван дэн Будэнмаер (англ.) на сайце Discogs