Збігнеў Прайснер

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Збігнеў Прайснер
польск.: Zbigniew Preisner
Zbigniew Preisner.JPG
Збігнеў Прайснер (2011)
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Збігнеў Антоні Кавальскі
Дата нараджэння 20 мая 1955(1955-05-20)[1][2][…] (63 гады)
Месца нараджэння
Краіна Сцяг Польшчы Польшча
Альма-матар
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар, дырыжор
Гады актыўнасці з 1977
Жанры саўндтрэк, акадэмічная музыка
Псеўданімы Ван дэн Будэнмаер
Супрацоўніцтва Кшыштаф Кеслёўскі
Узнагароды Прэмія асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса (1991, 1992, 1993), «Сезар» (1995, 1996), Сярэбраны мядзведзь Берлінскага кінафестывалю (1997)
preisner.com
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Збі́гнеў Пра́йснер (польск.: Zbigniew Preisner [ˈzbiɡɲɛf ˈpɾajsnɛɾ]; 20 мая 1955, Бельска-Бяла, Польская Народная Рэспубліка) — польскі кампазітар, адзін з найбольш выдатных кампазітараў кіно свайго пакалення[6]. На працягу многіх гадоў Прайснер шчыльна супрацоўнічаў з кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім і сцэнарыстам Кшыштафам Пясевічам. Музыка, якую Прайснер напісаў да кінафільмаў Кеслёўскага «Дэкалог», «Падвойнае жыццё Веранікі», «Тры колеры: Сіні», «Тры колеры: Белы» і «Тры колеры: Чырвоны», прынесла яму сусветнае прызнанне[6].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Збігнеў Прайснер (імя пры нараджэнні Збігнеў Кавальскі) нарадзіўся 20 мая 1955 года ў горадзе Бельска-Бяла.[7]

Адным з найбольш ранніх музычных уплываў для Прайснера была касцельная музыка. Паводле слоў Прайснера, музыка ў часы яго дзяцінства была часткай штодзённага жыцця, таму не было патрэбы вучыцца ёй[8]. Тады «кожны вучыўся музыцы, спяваючы ў касцёле»[9]. Іншым істотным уплывам з’яўлялася народная музыка. Паводле слоў Прайснера, прынамсі да сярэдзіны XX стагоддзя «кожны ў вёсцы спяваў», а асабліва музычна адораныя вяскоўцы ігралі на танцах. Адным з такіх вясковых музыкаў быў і бацька Прайснера. Інжынер-хімік па прафесіі, паводле музычнага прызвання ён быў акардэаністам, які іграў на вяселлях, танцах і вечарынах з нагоды дзён нараджэння[10].

У мястэчку Бобава, дзе жыў Прайснер, не было музычнай школы, і ён вучыўся музыцы самастойна. Падчас навучання ў ліцэі (сярэдняй школе) Бобава ў 19701974 гадах Прайснер браў урокі ігры на класічнай гітары. У той жа перыяд Прайснер напісаў свой першы музычны твор, паклаўшы на музыку вершы польскага паэта-рамантыка. Твор быў напісаны для гітары і голасу. У 19751978 гадах, вывучаючы гісторыю і філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, Прайснер пачаў самастойна вучыцца на кампазітара: ён слухаў музычныя запісы, вучыўся чытаць ноты, а таксама вывучаў тэорыю музыкі верагодна па кнізе рускага кампазітара М. А. Рымскага-Корсакава «Падручнік гармоніі»[11].

У 1977 годзе Прайснер пачаў супрацоўнічаць з літаратурным кабарэ «Піўніца пад Баранамі» (польск.: Piwnica pod Baranami) у Кракаве. Праца ў літаратурным кабарэ паспрыяла не толькі працягу музычнай адукацыі Прайснера, але і садзейнічала ўменню працаваць над творамі, дзе музычнае суправаджэнне — толькі адна са складаючых твора, як і ў кіно[12]. Там жа, у «Піўніцы пад Баранамі» Прайснер пазнаёміўся са спявачкай Эльжбетай Таварніцкай, голас якой гучыць у шэрагу найбольш вядомых твораў Прайснера[13][14].

У той час Прайснер пачаў пісаць музыку для Старога тэатра (польск.: Stary Theatre) і Славацкага тэатра (польск.: Slowacki Theatre) у Кракаве.[13] Ягоны дэбют як кінакампазітара адбыўся ў 1982 годзе, калі ён напісаў музыку для фільма Антоні Краўзэ «Прагноз надвор’я»[15]. Краўзэ працаваў у кінастудыі, мастацкім кіраўніком якой быў Кшыштаф Кеслёўскі[13].

Праца з Кеслёўскім[правіць | правіць зыходнік]

Кшыштаф Кеслёўскі.

У пачатку 1980-ых гадоў Прайснер пазнаёміўся з кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Гэтае знаёмства значна паўплывала на ўвесь далейшы лёс Прайснера. Прайснер і Кеслёўскі сталі блізкімі сябрамі і шчыльна супрацоўнічалі да самай смерці кінарэжысёра ў 1996 годзе. За 9 год яны разам зрабілі 17 фільмаў[13]. Сваё супрацоўніцтва з Кеслёўскім Прайснер параўноўвае з такімі славутымі тандэмамі як Федэрыка Феліні і Ніна Рота, Серджа Леонэ і Эніа Марыконэ, Альфрэд Хічкок і Бернард Херман[16].

Першай сумеснай працай Прайснера і Кеслёўскага быў фільм «Без канца», які выйшаў у 1985 годзе. Для гэтага фільма Прайснер напісаў пахавальную музыку.

Наступнай працай Прайснера і Кеслёўскага быў цыкл тэлевізійных фільмаў, прысвечаных Дзесяці запаведзям, — «Дэкалог». Прайснер напісаў для кожнага з 10 фільмаў асобную музыку, аб’яднаўшы іх агульным кароткім лейтматывам у пачатку кожнай часткі. «Гэта было няпростай задачай, бо эпізоды здымаліся не па парадку ад першага да апошняга. Але гэта дазволіла мне стварыць універсальны лейтматыў, які праходзіў праз усе серыі, у той час як кожная з серый мела свой вядучы музычны дух, які накладваў асаблівую музычную атмасферу» — зазначае кампазітар[16]. Апроч таго Прайснер адзначае вядучую ролю цішыні ў «Дэкалогу»: «Найважнейшай музыкай у фільме з’яўляецца цішыня. Але каб „пачуць“ цішыню, нешта мусіць гучаць перад ёй і пасля яе»[16]. Музыка з «Дэкалога V» і «Дэкалога VI» таксама ўвайшла ў поўнаметражныя версіі гэтых фільмаў: «Кароткі фільм пра забойства» і «Кароткі фільм пра каханне». У «Дэкалогу IX» упершыню фігуруе музыка выдуманага дацкага кампазітара Ван дэн Будэнмаера.

Два наступныя сумесныя фільмы Кеслёўскага і Прайснера — «Падвойнае жыццё Веранікі» і «Тры колеры: Сіні» — прынеслі Прайснеру сусветную вядомасць. У абодвух фільмах музыка займае вядучае месца, не толькі ствараючы адмысловую атмасферу, але і адыгрываючы ролю ў сюжэце. У «Падвойным жыцці Веранікі» абедзве галоўныя гераіні адораныя вакалісткі. Адным з цэнтральных момантаў фільма з’яўляецца канцэрт Ван дэн Будэнмаера, у якім Вераніка выконвае сольную партыю. Прайснер прыгадвае, што Кеслёўскі дрэнна разбіраўся ў музыцы, але выдатна разумеў яе ролю ў кіно. Так, для «Падвойнага жыцця Веранікі» Кеслёўскі наступным чынам апісаў неабходную музыку: «Ведаю, што гэта мусіць быць прыгожая песня. Мы павінны паказаць, што гэта дзяўчына — геній».[13] Фільм «Тры колеры: Сіні» звязаны з музыкай яшчэ больш шчыльна. Сюжэт фільма будуецца вакол «Канцэрта на аб’яднанне Еўропы», які ствараецца на працягу ўсяго фільма галоўнымі героямі. Пры працы над гэтымі фільмамі большая частка музыкі пісалася да здымкаў фільма. «Для „Веранікі“ я запісаў каля 80 працэнтаў музыкі да таго, як фільм быў зняты, а для „Сіняга“ я запісаў практычна ўсю музыку да здымкаў», — сцвярджае Прайснер[17]. Кеслёўскі зазначае, што «ў пэўным сэнсе, „Сіні“ здымаўся як ілюстрацыя да музыкі»[8].

У 1993—1994 гадах Кеслёўскі і Прайснер працавалі над трылогіяй «Тры колеры». Найбольш вядомымі музычнымі тэмамі з двух апошніх фільмаў трылогіі сталі танга з фільма «Тры колеры: Белы» і балеро з фільма «Тры колеры: Чырвоны». На прэм’еры фільма «Тры колеры: Чырвоны» ў Канах Кеслёўскі абвясціў аб заканчэнні яго рэжысёрскай кар’еры.

Кшыштаф Кеслёўскі памёр 13 сакавіка 1996 года. На працягу ўсяго супрацоўніцтва Прайснер і Кеслёўскім заставаліся блізкімі сябрамі. Прайснер зазначае: «У маім жыцці было ўсяго некалькі чалавек, з якімі мне хацелася праводзіць час. Адным з іх быў Кшыштаф»[14].

Творчая незалежнасць[правіць | правіць зыходнік]

Поспех фільмаў Кеслёўскага паспрыяў кар’еры Прайснера ў Еўропе і Злучаных Штатах[18]. У першай палове 1990-х гадоў ён напісаў музыку для фільмаў англійскага рэжысёра Джона ІрвінаЭкспрапрыяцыя[en]»), бразільца Эктара БабенкаГульні ў палях Госпада[en]»), француза Луі МаляШкода[en]»), канадскага рэжысёра Леа ПулаПарывы жадання[en]»), мексіканца Луіса Мандокі[en]Калі мужчына кахае жанчыну(англ.) бел.»), а таксама для шэрагу фільмаў польскага рэжысёра Агнешкі ХоландЕўропа Еўропа[en]», «Аліўе Аліўе[en]», «Патаемны сад[en]»).

У 1994 годзе Прайснер стварыў сваю ўласную студыю «Preisner Studio», абсталяваную найноўшай тэхнікай для гуказапісу, на якой у далейшым ён запісваў і мікшыраваў усе свае найбольш значныя музычныя творы і саўндтрэкі[19].

Капліца св. Кінгі ў Вялічцы, дзе адбыўся першы канцэрт музыкі Прайснера.

У гэты час на творчым шляху Прайснера паўстала пытанне: ці мае яго кінамузыка самакаштоўнасць і незалежнасць ад кіно? Каб адказаць сабе на гэтае пытанне Прайснер даў свой першы канцэрт. Гэта адбылося 15 чэрвеня 1995 года ў саляной шахце ў Вялічцы. На канцэрце гучала музыка Прайснера з кінастужак Кшыштафа Кеслёўскага, Агнешкі Холанд, Луі Маля ды іншых у выкананні Варшаўскага сімфанічнага аркестру, Варшаўскага камернага хору, хлапечага хору Кракаўскай філармоніі і салістаў[20]. Канцэрт завяршыўся доўгай авацыяй стоячы[21].

Запіс канцэрта быў выпушчаны асобным альбомам «Preisner’s Music». Адмысловыя гонгі разбіваюць канцэрт на пяць сэнсавых частак: пасля ўступнай мелодыі з фільма «Экспрапрыяцыя» гучыць шэраг мелодый з кінацыкла «Дэкалог» Кшыштафа Кеслёўскага; у другую частку ўвайшлі «Марыянеткі» з «Падвойнага жыцця Веранікі» і некалькі кампазіцый з фільма «Патаемны сад» Агнешкі Холанд; трэцяя частка ўключае ў сябе саўндтрэкі фільмаў «Парывы жадання» (рэж. Леа Пул), «Гульні ў палях Госпада» (рэж. Эктар Бабенка), «Шкода» (рэж. Луі Маль), «Калі мужчына кахае жанчыну» (рэж. Луіс Мандокі), «Еўропа Еўропа» (рэж. Агнешка Холанд); у чацвёртай частцы гучыць кінамузыка, дзе вядучую ролю іграе вакалістка Эльжбета Таварніцка; завяршаюць канцэрт найбольш вядомыя творы Прайснера, напісаныя да фільма Кшыштафа Кеслёўскага «Падвойнае жыццё Веранікі» і трылогіі «Тры колеры».[22]

На дыску «Preisner’s Music» значацца наступныя словы Прайснера: «Я не люблю вяртацца назад і рабіць тое, што ўжо калісьці зрабіў, але я мусіў даведацца, ці гучыць мая музыка гэтак жа добра, калі яе не суправаджае кіно. Ці цвёрда яна стаіць на сваіх нагах, вырваная з кінематаграфічнага кантэксту? Каб праверыць гэта, я выбраў саляную шахту ў Вялічцы, непадалёк ад Кракава: патаемнае, загадкавае магічнае месца на глыбіні 130 метраў па зямлёй. Унікальная атмасфера з выключнай акустыкай»[23][22].

Рэквіем па маім сябры[правіць | правіць зыходнік]

«Рэквіем па маім сябры» — першая буйнамаштабная праца Прайснера, створаная адмыслова для студыйнага запісу і публічнага выканання. Прэм’ера «Рэквіема» адбылася 1 кастрычніка 1998 года ў Вялікім тэатры Варшавы. У тым жа месяцы запіс «Рэквіема» быў выпушчаны лэйблам Erato Disques (Warner Classics)[6]. Пазней, у 2011 годзе твор быў перавыдадзены на CD і вініле лэйблам Sony Poland[24].

«Рэквіем па маім сябры» прысвечаны памяці Кшыштафа Кеслёўскага. Твор складаецца з двух частак. Першую частку — «Рэквіем» — Прайснер напісаў за тры ночы адразу пасля смерці Кеслёўскага[25]. Пра гісторыю стварэння другой часткі, якая займела назву «Жыццё», Прайснер паведамляе наступнае: «Калі Кеслёўскі быў яшчэ жывы, мы мелі ідэю зрабіць мноства канцэртаў, ведаеце, нешта асаблівае, накшталт містэрыі, нешта паміж класічнай музыкай, операй і рок-канцэртам. Яго ідэя заключалася ў тым, каб крыху змяніць класічны канцэрт у філарманічным тэатры: даць больш прасторы, больш тэатральнасці, можа, больш жыцця, чым у звычайным тэатры, чым у оперы. І першы праект планаваўся ў Акропалі — назва канцэрта была „Жыццё“. Але, як вы ведаеце, Кшыштаф памёр»[25].

«Рэквіем» вызначаецца характэрнымі для Прайснера асаблівасцямі: доўгімі рэверберацыямі і экспрэсіўным вібрата. Ён выкарыстоўваецца малым мужчынскім хорам, струнным квартэтам, арганам і ўдарнымі. Як у першай, так і ў другой частцы дамінуе голас выдатнай польскай сапрана, Эльжбеты Таварніцкай. У другой частцы — «Жыццё» — твор узбагачаецца поўным хорам (Фестывальны хор Солсберы з 40 удзельнікаў) і аркестрам з 60 выканаўцаў (Канцэртны аркестр BBC), у які таксама ўваходзяць саксафон і блок-флейта[14].

На мяжы стагоддзяў[правіць | правіць зыходнік]

Пасля поспеху «Рэквіема па маім сябры» Прайснер пачаў больш увагі надаваць напісанню музыкі не для кіно. У 1999 годзе выйшаў альбом «10 простых п’ес для фартэпіяна» (англ.: 10 Easy Pieces for Piano) у выкананні Лешака Можджара. Гэтая музыка па сваіх якасцях моцна адрозніваецца ад той музыкі, якая яго праславіла. Сам Прайснер зазначае: «Мне вельмі падабаецца кантраснасць, і, стварыўшы музыку такога манументальнага маштабу, я хацеў зрабіць нешта простае. Да таго ж мне падабаецца фартэпіяна. І мне здаецца, што адной з форм музыкі, якая можа быць і простай, і складанай — з’яўляецца музыка для фартэпіяна»[26].

У тым жа годзе выйшаў і іншы альбом Прайснера: «Мае калядкі на канец стагоддзя». Альбом складаўся з двух аркестровых п’ес у пачатку і ў канцы, паміж якімі змяшчаліся 10 песень, напісаных Прайснерам у супрацоўніцтве з вядомымі польскімі пісьменнікамі і паэтамі. Сярод выканаўцаў былі задзейнічаны некаторыя спевакі, якія ўжо раней працавалі з Прайснерам, у тым ліку Эльжбета Таварніцка, Пётр Лыкоўскі, Анна Салапак і Беата Рыбатыцка. Сольныя інструментальныя партыі выканалі піяніст Лешак Можджар, гітарыст Джон Парычэлі і басіст Эндзі Паск[27].

Праца з Гілмарам[правіць | правіць зыходнік]

Канцэрт у Гданьску, 26.08.2006.

Яшчэ ў юнацтве адным з наймацнейшых музычных захапленняў Прайснера стала творчасць гурта Pink Floyd. Гэта была першая заходняя поп-музыка, што аказала істотны ўплыў на станаўленне музычнага таленту Прайснера[28]. Таму не дзіўна, што калі ў 2005 годзе Дэвід Гілмар, лідар гурта Pink Floyd, даручыў Прайснеру аркестроўку свайго сольнага альбому, для яго гэта было здзяйсненнем неверагоднай мары. У межах гэтага праекта Прайснер напісаў новую аранжыроўку 9 песень Гілмара для струннага аркестру з 40 музыкаў. Альбом «На выспе» (англ.: On an Island) з аранжыроўкай польскага кампазітара быў выпушчаны ў 2006 годзе. Выхад альбома суправаджаўся канцэртным турам Дэвіда Гілмара, які завяршыўся 26 жніўня 2006 года канцэртам на Гданьскай суднаверфі(англ.) бел.. Канцэрт сабраў сто тысяч слухачоў і быў прымеркаваны да 26-й гадавіны стварэння прафсаюза Салідарнасць[29]. Канцэрт выконваўся з удзелам 38 струнных Сімфанічнага аркестра Балтыйскай філармоніі(руск.) бел.. Дырыжыраваў струннай секцыяй Збігнеў Прайснер[29][18]. Пазней, у 2008 годзе, запіс канцэрта быў выдадзены як асобны альбом пад назвай «Live in Gdańsk(англ.) бел.». У сувязі з гэтым праектам Прайснер жартаваў: «Зараз самы час скончыць кар’еру. Напісаць вялікую музыку для Кеслёўскага і выканаць выдатны канцэрт з Рычардам Райтам(англ.) бел. і Дэвідам Гілмарам у Гданьску — гэтага даволі!»[28]

Аднак творчая праца Прайснера на гэтым не спынілася, як не спынілася і яго супрацоўніцтва з Гілмарам. У 2015 годзе выйшаў новы сольны альбом лідара Pink Floyd «Rattle That Lock», дзе Прайснер зноў выступіў у ролі аркестроўшчыка[30].

Далейшая творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Збігнеў Прайснер і Ліза Джэрард — канцэрт у Стамбуле.

Наступны буйны твор для хора, аркестра і салістаў «Ціша, ноч і мроі» (англ.: Silence, Night and Dreams) Прайснер напісаў у 2007 годзе. Гэты твор напісаны па матывах біблейскай «Кнігі Ёва». У запісе для EMI Classics удзельнічала вакалістка гурта «Madredeus» Тэрэза Салгейру.[18] Сусветная прэм’ера твора «Ціша, ноч і мроі» адбылася ў Афінах 4 верасня 2007 года ў гістарычным амфітэатры Адэон Герода Атыка ў Акропалі.[31]

У 2010 годзе Прайснер выпусціў альбом «Танец смерці» (фр.: Danse Macabre) — музыка для тэатральнай пастаноўкі Томаса Вінтэрберга «Пахаванне».[32]

У 2013 годзе Прайснер рэалізаваў вялікі праект «Дзённікі надзеі» (англ.: Diaries of Hope), заснаваны на дзённіках і вершах польскіх дзяцей, ахвяр Халакосту.[33] Паводле ўспамінаў Прайснера, ідэя гэтага твора ўзнікла на пачатку 1990-ых гадоў, калі яны з Кеслёўскім былі на кінафестывалі ў Іерусаліме. Там ім давялося наведаць выставу, прысвечаную лёсу дзяцей падчас Халакосту. Пасля выставы Кеслёўскі сказаў Прайснеру: «Ты павінен апісаць усё, адчутае намі, праз музыку. Ты проста мусіш зрабіць гэта!»[18] Натхненнем да «Дзённікаў надзеі» паслужылі дзённікі Руткі Ласкер, Давіда Рубіновіча, вершы Абрама Капловіча і Абрама Цытрына. У праекце прыняла ўдзел вакалістка музычнага калектыву «Dead Can Dance» Ліза Джэрард.[18]

Выкарыстанне музыкі[правіць | правіць зыходнік]

Музычныя творы Прайснера неаднаразова выкарыстоўвалася ў кіно. Так музыка з фільма «Дэкалог, пяць» гучыць таксама ў фільме Вонга Карвая «2046»[34][35], а асобныя часткі «Рэквіема па маім сябры» ўвайшлі ў «Дрэва жыцця» Тэрэнса Маліка і «Вялікую прыгажосць» Паала Сарэнціна. Наконт апошніх двух Прайснер сцвярджае: «Я бачыў гэтыя фільмы і задаволены тым, як рэжысёры выкарысталі маю музыку. Найбольш захапляе тое, што зрабіў Тэрэнс Малік у „Дрэве жыцця“ — „Lacrimosa“ гучыць так, быццам была адмыслова напісана для гэтага фільма».[36]

Ван дэн Будэнмаер[правіць | правіць зыходнік]

Ван дэн Будэнмаер (Van den Budenmayer; 20.05.1755 — 1803) — выдуманы галандскі кампазітар канца XVIII стагоддзя, альтэр-эга Збігнева Прайснера.

Асоба кампазітара Ван дэн Будэнмаера ў карцінах Кеслёўскага — рэмінісцэнцыя выдуманага персанажа з твораў Збігнева Херберта, Спадара Когіта. Прайснер прыгадвае: «Пачалося ўсё з чыстай выпадковасці. У „Дэкалогу IX“ Кшыштаф хацеў выкарыстаць некалькі песень Малера, якія ніколі не запісваліся ў Польшчы. Запісаць іх каштавала б надзвычай дорага. І я сказаў: я напішу нешта іншае, непадобнае. Калі не атрымаецца, табе прыйдзецца набыць правы на Малера. Калі я напішу паршывую музыку, скажам, што гэта не я, а Ван дэн Будэнмаер. Калі ж напішу добрую — будзе мая».[13]

Музыка Ван дэн Будэнмаера гучыць у фільмах «Дэкалог, дзевяць», «Падвойнае жыццё Веранікі», «Тры колеры: Сіні» і «Тры колеры: Чырвоны». Апроч таго, у кожным з гэтых фільмаў асоба выдуманага кампазітара ўзбагачаецца ўсё новымі і новымі фактамі. У фільме «Падвойнае жыццё Веранікі» сцвярджаецца, што ён галандскі кампазітар XVIII стагоддзя, які аднак быў адкрыты зусім нядаўна. У адным з эпізодаў фільма можна ўбачыць даты нараджэння і смерці кампазітара, напісаныя крэйдай на школьнай дошцы: 1755—1803.[37] «Дата нараджэння была такой жа, як і мая, толькі на дзвесце год раней» — зазначае Прайснер.[13] Пазней, у фільме «Тры колеры: Чырвоны» галоўная гераіня слухае плытку Ван дэн Будэнмаера — на вокладцы можна пабачыць партрэт кампазітара. Імя Ван дэн Будэнмаера фігуруе і ў фінальных цітрах фільмаў, і на дысках з саўндтрэкамі.

У пачатку 1990-ых Кеслёўскі пачаў атрымліваць лісты ад складальнікаў розных энцыклапедычных выданняў. Сярод іх быў ліст ад Універсітэцкай прэсы Оксфарда (англ.: Oxford University Press): яны абнаўлялі энцыклапедыю класічнай музыкі і запрасілі інфармацыю пра Ван дэн Будэнмаера, бо іх даследаванні ні да чаго не прывялі. Кеслёўскі адказаў, што Ван дэн Будэнмаер — выдуманы персанаж, якога яны прыдумалі разам з кампазітарам Збігневам Прайснерам. Яны не паверылі. Бясплённае ліставанне доўжылася прыблізна паўгода, пасля чаго Кеслёўскі перастаў адказваць на лісты.[38]

Паводле слоў Прайснера «Ван дэн Будэнмаер выразна выяўляе сябе слухачам як праз музыку, так і праз выбар тэкстаў. Калі ён упершыню з’яўляецца ў 9-ай частцы „Дэкалога“, ён выкарыстоўвае кароткі ўрывак пра гарлачыкі галандскага паэта Фрэдэрыка ван Эдэна. У „Падвойным жыцці Веранікі“ ён цытуе „Чысцец“ і „Рай“ з „Боскай камедыіДантэ».[39]

" Ван дэн Будэнмаер – маё альтэр-эга. Альбо, магчыма, я – яго. Нашы стылі падобныя, але, на шчасце, я яшчэ пішу музыку. Ван дэн Будэнмаер памёр з Кеслёўскім.[40]
"

Уплывы і погляды[правіць | правіць зыходнік]

Кампазітарскі стыль Прайснера ўяўляе сабой вольную форму танальнага неарамантызму, з заўважным уплывам Паганіні і Яна Сібеліуса.[41] Прайснер падкрэслівае важнасць мелодыі ў музыцы і лічыць сучасную музыку, пазбаўленую мелодыі, штучнай музыкай, якую ён не любіць і не паважае.[42]

Датычна кінамузыкі, катэгарычна адмаўляючы галівудскі падыход да яе стварэння, Прайснер сцвярджае наступнае: «Напісаць музыку для фільма вельмі проста. Пытанне заключаецца ў тым, навошта яна ўвогуле. Суадносіны паміж фільмам і музыкай цалкам метафізічныя, бо музыку немагчыма пабачыць; вы толькі адчуваеце яе, і мне здаецца, што найлепшай музыкай у кіно з’яўляецца поўная цішыня. Пры стварэнні музыкі для большасці амерыканскіх фільмаў залучаюцца кампазітары накшталт Джона Уільямса — у выніку музыка гучыць на працягу ўсяго фільма і дыктуе вам, аб чым думаць і што адчуваць. Небяспека: крыху пужаючых валторн. Любоўная сцэна: рамантычныя струнныя. Але французскі пісьменнік Бадлер быў правы, кажучы, што задача мастака апісаць не тое, што ён бачыць, але тое, што адчувае».[9]

Удакладняючы ролю музыкі і цішыні ў кіно Прайснер адзначае: «Найважнейшай музыкай у фільме з’яўляецца цішыня. Але каб „пачуць“ цішыню, нешта мусіць гучаць перад ёй і пасля яе».[16]

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дыскаграфія саўндтрэкаў[правіць | правіць зыходнік]

Год Назва(ы) фільма(ў) Арыгінальная(ыя) назва(ы) Рэжысёр(ы) Сп.
1991 «Дэкалог» «Dekalog», «Décalogue» Кшыштаф Кеслёўскі [43] [44]
1991 «Падвойнае жыццё Веранікі» фр.: «La Double Vie De Véronique»,
англ.: «The Double Life of Veronika»,
польск.: «Podwójne życie Weroniki»
Кшыштаф Кеслёўскі [45] [46]
1992 «Аліўе Аліўе / Еўропа Еўропа» «Olivier Olivier / Europa Europa» Агнешка Холанд [47] [48]
1992 «Шкода» «Damage», «Fatale» Луі Маль [49] [50]
1992 «Гульні ў палях Госпада» «At Play In The Fields Of The Lord» Эктар Бабенка [51]
1993 «Патаемны сад» «The Secret Garden» Агнешка Холанд [52] [53]
1993 «Тры колеры: Сіні» «Trois Couleurs: Bleu» Кшыштаф Кеслёўскі [54] [55]
1994 «Тры колеры: Белы» «Trois Couleurs: Blanc», «Trois Couleurs: White» Кшыштаф Кеслёўскі [56] [57]
1994 «Тры колеры: Чырвоны» «Trois Couleurs: Rouge», «Trois Couleurs: Red» Кшыштаф Кеслёўскі [58] [59]
1994 «Калі мужчына кахае жанчыну» «When a Man Loves a Woman» Луіс Мандокі [60] [61]
1994 «Квартэт у 4 частках» «Quartet in 4 movements» Лукіа Рыкакі [62] [63]
1995 «Ліпеньскае свята» «Feast of July» Крыстафер Менол [64] [65]
1995 «Эліза» «Élisa» Жан Бекер [66]
1997 «Казка: Праўдзівая гісторыя» «FairyTale: A True Story» Чарльз Сцёрыдж [67] [68]
1997 «Парывы жадання» «Mouvements du Désir» Леа Пул [69]
2000 «Апошні верасень» «The Last September» Дэбара Уорнэр [70] [71]
2000 «Абердзін» «Aberdeen» Ганс Петэр Моланд [72] [73]
2001 «Вайзер» «Weiser» Войцэх Марчэўскі [74] [75]
2002 «Між незнаёмцамі» «Between Strangers» Эдаарда Понці [76] [77]
2003 «Дзіўныя сады» «Effroyables jardins» Жан Бекер [78] [79]
2004 «Гэта ўсё пра любоў» «It’s All About Love» Томас Вінтэрберг [80] [81]
2005 «Прыгожая краіна» «The Beautiful Country» Ганс Петэр Моланд [82] [83]
2008 «Ананімка — Жанчына ў Берліне» «Anonyma — Eine Frau In Berlin» Макс Фэрбербёк [84] [85]
2013 «Сакрэт / Менахем і Фрэд» «Un Secret / Menachem & Fred» Клод Мілер («Сакрэт»); Роніт Керцнер, Офра Тэвет («Менахем і Фрэд») [86] [87]
2013 «Аглая» «Aglaja» Крысціна Дэак [88] [89]
2016 «Каралева Іспаніі» «La Reina de Espana» Фернанда Труэба [90] [91]
2018 «Даліна ценяў» «Valley of Shadows» Ёнас Матсаў Гулбрандсен [92]

Іншыя музычныя творы і кампіляцыі[правіць | правіць зыходнік]

Год Назва Арыгінальная назва Каментарый Сп.
1995 «Музыка Прайснера» англ.: «Preisner's Music» Запіс канцэрта кінамузыкі, які адбыўся 15 чэрвеня 1995 года ў Вялічцы. [23] [93]
1998 «Рэквіем па маім сябры» польск.: «Requiem dla mojego przyjaciela»,
англ.: «Requiem for my friend»
Першы буйнамаштабны музычны твор Прайснера, створаны адмыслова для студыйнага запісу і публічнага выканання. [24] [94]
1999 «10 простых п’ес для фартэпіяна» польск.: «10 Łatwych utworów na fortepian»,
англ.: «10 Easy Pieces for Piano»
Выканаўца: Лешак Можджар. [26] [95]
1999 «Мае калядкі на канец стагоддзя» польск.: «Moje kolędy na koniec wieku» [96] [97]
2001 «Галасы» польск.: «Głosy» [98]
2003 «Кеслёўскі» «Kieślowski» Кампіляцыя музыкі да фільмаў Кшыштафа Кеслёўскага. [99]
2006 «На выспе» англ.: «On an Island» Альбом Дэвіда Гілмара ў аранжыроўцы Прайснера. [100]
2007 «Ціша, ноч і мроі» англ.: «Silence, Night & Dreams» Сумесна з вакалісткай Тэрэзай Салгейру. [31] [101]
2010 «Танец смерці» фр.: «Danse Macabre» Музыка для п’есы Томаса Вінтэрберга «Пахаванне». [32]
2010 «Галасы Прайснера» англ.: «Preisner's Voices» Кампіляцыя вакальных твораў Прайснера і альбом «Танец смерці». [102]
2013 «Дзённікі надзеі» англ.: «Diaries of Hope» Вакалісты: Ліза Джэрард, Арчы Б’юкэнан. [33] [103]
2014 «Чатыры колеры Лодзі» англ.: «The Four Colors of Łódź» Запіс канцэрта, які адбыўся 14 верасня 2013 года ў Лодзі.[104] [105]
2015 «10 п’ес для аркестра» англ.: «Ten Pieces For Orchestra» [106]
2015 «У пошуку шляхоў. Новыя і старыя калядкі» польск.: «W poszukiwaniu dróg. Nowe i stare kolędy» [107] [108]
2017 «2016 Куды?» польск.: «2016 Dokąd?» Сумесна з Евай Ліпскай. [109] [110]
2018 «Прайснер: Фартэпіянная музыка» англ.: «Preisner: Piano Music» «10 простых п’ес для фартэпіяна» і кінамузыка Прайснера ў выкананні галандскага піяніста Еруна ван Вэна. [111]

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Манумент на алеі зорак у Мендзыздроях у гонар Кшыштафа Песевіча, Кшыштафа Кеслёўскага і Збігнева Прайснера.

Атрымаўшы сусветную вядомасць у пачатку 1990-ых гадоў, Прайснер няраз уганароўваўся значнымі ўзнагародамі за музыку, напісаную для кіно. Так Прайснер тры гады запар быў адзначаны Прэміяй асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса за найлепшую музыку (1991[112][113], 1992[114], 1993[115]), двойчы быў узнагароджаны прэміяй «Сезар» (1995, 1996)[116], двойчы намінаваўся на кінапрэмію «Залаты глобус» (1992, 1994)[117], быў узнагароджаны Сярэбраным мядзведзем на Берлінскім кінафестывалі[6].

22 верасня 2018 года ў межах 34-га Міжнароднага кінафестывалю ў Хайфе Прайснеру была ўручана ганаровая прэмія за выдатны мастацкі ўклад у сусветнае кіно[118].

Паводле інфармацыі сайта Internet Movie Database за дасягненні ў галіне музыкі Збігнеў Прайснер быў 14 разоў намінаваны на значныя кінапрэміі і ўзнагароджаны васьмю з іх[119].

Кінапрэмія / Кінафестываль Год Фільм(ы) Катэгорыя Вынік Сп.
Прэмія асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 1991 «Падвойнае жыццё Веранікі»,
«Гульні ў палях Госпада»,
«Еўропа Еўропа»
Найлепшая музыка Перамога
1992 «Шкода» Найлепшая музыка Перамога
1993 «Тры колеры: Сіні»,
«Патаемны сад»,
«Аліўе Аліўе»
Найлепшая музыка Перамога
Залаты глобус 1992 «Гульні ў палях Госпада» Найлепшая арыгінальная музыка — Драма Намінацыя [117]
1994 «Тры колеры: Сіні» Найлепшая арыгінальная музыка — Драма Намінацыя
Сезар 1992 «Падвойнае жыццё Веранікі» Найлепшая музыка Намінацыя [116]
1994 «Тры колеры: Сіні» Найлепшая музыка Намінацыя
1995 «Тры колеры: Чырвоны» Найлепшая музыка Перамога
1996 «Эліза» Найлепшая музыка Перамога
2008 «Сакрэт» Найлепшая музыка Намінацыя
Прэмія Джыні 2003 «Між незнаёмцамі» Найлепшыя дасягненні ў галіне музыкі — Арыгінальная музыка Намінацыя
Берлінскі міжнародны кінафестываль 1997 «Выспа на Птушынай вуліцы» Сярэбраны берлінскі мядзведзь за выдатнае персанальнае дасягненне (за музыку да фільма) Перамога [120]
Гран-пры бразільскага кіно 2016 «Гісторыя вечнасці» Найлепшая арыгінальная музыка Перамога
Уэльскі міжнародны кінафестываль 2017 «Хлусня, што мы гаворым» Найлепшая музыка Перамога [121]
Міжнародны кінафестываль у Хайфе(англ.) бел. 2018 Прэмія за выдатны мастацкі ўклад у сусветнае кіно Перамога [122][118]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #123838959 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 27 красавіка 2014.
  2. Zbigniew Preisner // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Zbigniew Preisner // Discogs — 2000. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #123838959 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
  5. http://culture.pl/en/artist/zbigniew-preisner
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 Zbigniew's biography. Праверана 31 студзеня 2018.
  7. Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy, 2011, с. 13
  8. 8,0 8,1 Film Music: Screencraft, 2000
  9. 9,0 9,1 The man who says no to Hollywood (Will Hodgkinson). Праверана 31 студзеня 2018.
  10. Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy, 2011, с. 17
  11. Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy, 2011, с. 20
  12. Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy, 2011, с. 27
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 13,6 Інтэрв’ю з кампазітарам Збігневам Прайснерам. «Double Life of Veronique», Criterion Collection DVD, 2006. Выток: http://cinema-translations.blogspot.com.by/2011/06/zbigniew-preisner-working-with.html
  14. 14,0 14,1 14,2 Tess James Review of Zbigniew Preisner, Requiem for my Friend (англ.) . Society for Music Theory (1 верасня 1999). Праверана 31 студзеня 2018.
  15. Zbigniew Preisner (польск.) . Państwowa Wyższa Szkoła Filmowa, Telewizyjna i Teatralna im. Leona Schillera w Łodzi. Праверана 31 студзеня 2018.
  16. 16,0 16,1 16,2 16,3 Bilge Ebiri Zbigniew Preisner Discusses His Longtime Collaboration With Krzysztof Kieslowski (англ.)  (1 верасня 2016). Праверана 31 студзеня 2018.
  17. Geoffrey Macnab, Chris Darke Working with Kieślowski // Sight and Sound. — 1996. — Т. 6. — № 5. — С. 20.
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 Małgorata Kosińska Zbigniew Preisner (англ.)  (October 2006, upd. March 2014). Праверана 31 студзеня 2018.
  19. Preisner Studio. Праверана 31 студзеня 2018.
  20. World Art Underground - program. Праверана 31 студзеня 2018.
  21. Sztuka w krainie soli. Праверана 31 студзеня 2018.
  22. 22,0 22,1 Zbigniew Preisner, «Preisner’s Music», Virgin France, 1995.
  23. 23,0 23,1 Albums: Preisner's Music (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  24. 24,0 24,1 Albums: Requiem for my friend (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  25. 25,0 25,1 Edoardo Ponti Edoardo Ponti's interview with Zbigniew Preisner (англ.) . Праверана 31 студзеня 2018.
  26. 26,0 26,1 Albums: Ten Easy Pieces for Piano (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  27. Albums: Moje Koledy (англ.) . «Preisner.com». Праверана 3 снежня 2018.
  28. 28,0 28,1 Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy, 2011, с. 21
  29. 29,0 29,1 Echoes: The Complete History of Pink Floyd, 2010, с. 310
  30. David Gilmour – Rattle That Lock (англ.) . «Discog». Праверана 4 лістапада 2018.
  31. 31,0 31,1 Albums: Silence, Night and Dreams (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  32. 32,0 32,1 Albums: Danse Macabre (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  33. 33,0 33,1 Albums: Diaries of Hope (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  34. Various ‎– 2046 (Original Soundtrack From Wong Kar Wai's Film) (англ.) . «Discogs». Праверана 14 чэрвеня 2018.
  35. 2046 — Original Soundtrack (англ.) . «AllMusic». Праверана 14 чэрвеня 2018.
  36. Contemporary Film Music, 2017, с. 62
  37. Contemporary Film Music, 2017, с. 64
  38. Patrick Abrahamson Kieslowski's Many Colours (англ.) . Oxford University Student newspaper (2 чэрвеня 1995). Праверана 31 студзеня 2018.
  39. Contemporary Film Music, 2017, с. 61-62
  40. Contemporary Film Music, 2017, с. 61
  41. The Bible in Music, 2017, с. 119
  42. Zbigniew Preisner (англ.) . Праверана 31 студзеня 2018.
  43. Soundtracks: Dekalog (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  44. Zbigniew Preisner ‎– The Decalogue (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  45. Soundtracks: La Double Vie de Veronique (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  46. Zbigniew Preisner ‎– La Double Vie De Véronique – The Double Life Of Veronika (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  47. Soundtracks: Olivier Olivier / Europa Europa (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  48. Zbigniew Preisner ‎– Olivier Olivier / Europa Europa (2 Original Soundtrack Recordings) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  49. Soundtracks: Damage (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  50. Zbigniew Preisner ‎– Damage (Original Motion Picture Soundtrack) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  51. Zbigniew Preisner ‎– At Play In The Fields Of The Lord (Original Soundtrack) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  52. Soundtracks: The Secret Garden (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  53. Zbigniew Preisner ‎– The Secret Garden (Original Motion Picture Soundtrack) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  54. Soundtracks: Three Colours Blue (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  55. Zbigniew Preisner ‎– Trois Couleurs: Bleu (Bande Originale Du Film) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  56. Soundtracks: Three Colours White (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  57. Zbigniew Preisner ‎– Trois Couleurs: Blanc (Bande Originale Du Film) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  58. Soundtracks: Three Colours Red (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  59. Zbigniew Preisner ‎– Trois Couleurs: Red (Bande Originale Du Film) (англ.) . Праверана 6 лютага 2018.
  60. Soundtracks: When A Man Loves A Woman (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  61. Zbigniew Preisner ‎– Music From The Original Motion Picture Soundtrack "When A Man Loves A Woman" (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  62. Soundtracks: Quartet In 4 Movements (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  63. Zbigniew Preisner ‎– Quartet In 4 Movements (Original Soundtrack) (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  64. Soundtracks: Feast Of July (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  65. Zbigniew Preisner ‎– Feast Of July (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  66. Soundtracks: Elisa (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  67. Soundtracks: Fairytale: A True Story (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  68. Zbigniew Preisner ‎– FairyTale: A True Story (Music From The Motion Picture) (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  69. Zbigniew Preisner ‎– Bande Originale Du Film 'Mouvements Du Désir' (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  70. Soundtracks: The Last September (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  71. Zbigniew Preisner ‎– The Last September - Original Film Soundtrack (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  72. Soundtracks: Aberdeen (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  73. Zbigniew Preisner ‎– Aberdeen – Original Film Soundtrack (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  74. Soundtracks: Weiser (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  75. Zbigniew Preisner ‎– Weiser – Original Film Soundtrack (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  76. Soundtracks: Between Strangers (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  77. Zbigniew Preisner ‎– Between Strangers (Original Film Soundtrack) (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  78. Soundtracks: Effroyable jardins (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  79. Zbigniew Preisner ‎– Effroyables Jardins - Musique Originale Du Film (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  80. Soundtracks: It's All About Love (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  81. Zbigniew Preisner ‎– It's All About Love (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  82. Soundtracks: The Beautiful Country (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  83. Zbigniew Preisner ‎– The Beautiful Country (Original Soundtrack) (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  84. Soundtracks: Anonyma (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  85. Zbigniew Preisner ‎– Anonyma – Eine Frau In Berlin (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  86. Soundtracks: Un Secret / Menachem & Fred (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  87. Zbigniew Preisner ‎– Un Secret / Menachem & Fred (Original Soundtrack) (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  88. Soundtracks: Aglaja (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  89. Zbigniew Preisner ‎– Aglaja – Original Soundtrack (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  90. Soundtracks: Queen Of Spain (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  91. Zbigniew Preisner ‎– La Reina De Espana (англ.) . Праверана 8 лютага 2018.
  92. Valley of Shadows (англ.) . «Soundtrack.Net». Праверана 17 жніўня 2018.
  93. Zbigniew Preisner ‎– Preisner's Music (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  94. Preisner ‎– Requiem For My Friend (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  95. Zbigniew Preisner – Leszek Możdżer ‎– 10 Łatwych Utworów Na Fortepian (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  96. Albums: Moje Koledy (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  97. Preisner ‎– Moje Kolędy Na Koniec Wieku (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  98. Zbigniew Preisner ‎– Głosy (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  99. Zbigniew Preisner ‎– Kieślowski (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  100. Latest News: David Gilmour / On An Island (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  101. Zbigniew Preisner & Teresa Salgueiro ‎– Silence, Night & Dreams (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  102. Zbigniew Preisner ‎– Preisner's Voices (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  103. Zbigniew Preisner Featuring Lisa Gerrard And Archie Buchanan ‎– Diaries Of Hope (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  104. Dariusz Pawłowski Łódź w muzyce Preisnera. Niezwykły koncert w Wytwórni (польск.) . «Dziennik Łódzki» (15 верасня 2013). Праверана 18 мая 2018.
  105. Zbigniew Preisner ‎– The Four Colors Of Łódź (англ.) . Праверана 18 мая 2018.
  106. Albums: Ten Pieces For Orchestra (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  107. Albums: W poszukiwaniu dróg. Nowe i stare kolędy (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  108. Zbigniew Preisner ‎– W Poszukiwaniu Dróg: Nowe I Stare Kolędy (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  109. Albums: 2016 Dokąd? (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  110. Ewa Lipska, Zbigniew Preisner ‎– 2016 Dokąd? (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  111. Preisner: Piano Music (англ.) . «Brilliant Classics». Праверана 31 сакавіка 2018.
  112. 17th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.) . Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 5 чэрвеня 2018.
  113. David J. Fox 'Bugsy' Top Film for L.A. Critics : Movies: The film takes 3 awards, including best director; Nick Nolte, Mercedes Ruehl earn top acting honors (англ.) . «Los Angeles Times» (16 снежня 1991). Праверана 5 чэрвеня 2018.
  114. 18th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  115. 19th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.) . Праверана 10 лютага 2018.
  116. 116,0 116,1 ZBIGNIEW PREISNER (фр.) . Праверана 31 студзеня 2018.
  117. 117,0 117,1 Golden Globe Awards for 'Zbigniew Preisner' (англ.) . Праверана 31 студзеня 2018.
  118. 118,0 118,1 Acclaimed composer Zbigniew Preisner will be the festival's guest of honor (англ.) . «Haifa International Film Festival». Праверана 30 верасня 2018.
  119. Zbigniew Preisner: Awards. Праверана 3 сакавіка 2018.
  120. Prizes & Honours 1997 (англ.) . «berlinale.de». Праверана 31 студзеня 2018.
  121. IFFW 2017 (англ.) . Праверана 3 сакавіка 2018.
  122. Ben Dalton. Haifa Film Festival 2018 to open with 'The Other Story', close with 'First Man' (англ.) . «Screen Daily» (7 верасня 2018). Праверана 30 верасня 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Mark Russell, James Young. Film Music: Screencraft — Woburn, MA: Focal Press, 2000.
  • Glenn Povey. Echoes: The Complete History of Pink Floyd — Chicago Review Press, 2010. — 368 p. — (An a cappella book). — ISBN 978-1-56976-313-1.
  • Nicholas W. Reyland. Zbigniew Preisner's Three Colors Trilogy: Blue, White, Red: A Film Score Guide — Scarecrow Press, 2011. — 482 p. — ISBN 978-0-810-88365-9.
  • Lindsay Coleman, Joakim Tillman. Contemporary Film Music: Investigating Cinema Narratives and Composition — Palgrave Macmillan UK, 2017. — XVI, 272 p. — ISBN 978-1-137-57374-2.
  • Robert Ignatius Letellier. The Bible in Music — Cambridge Scholars Publishing, 2017. — 579 p. — ISBN 978-1-443-86848-8.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]