Падвойнае жыццё Веранікі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Падвойнае жыццё ВеранікіM:
фр.: La double vie de Véronique
польск.: Podwójne życie Weroniki
Постар фільма
Жанр фэнтэзійны фільм[2] і артхаус
Рэжысёр
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Canal+, Norsk Film[d] і Zespól Filmowy "X"[d]
Працягласць 5 880 секунда
Зборы $2 млн. (ЗША)
Краіна
Мова французская мова і польская
Год 1991, 15 мая 1991 і 31 кастрычніка 1991[1]
IMDb tt0101765

«Падво́йнае жыццё́ Верані́кі»[6] (фр.: La double vie de Véronique, польск.: Podwójne życie Weroniki) — двухмоўны фільм польскага кінарэжысёра Кшыштафа Кеслёўскага, зняты ў 1991 годзе пры ўдзеле Польшчы, Францыі і Нарвегіі. Гэты фільм з’яўляецца першай карцінай кінарэжысёра, якую ён часткова здымаў за межамі Польшчы.

Фільм расказвае гісторыю дзвюх маладых жанчын: польскай харысткі Веронікі і, як дзве кроплі вады падобнай на яе, французскай настаўніцы музыкі Веранік. Жанчыны не ведаюць пра існаванне адна адной, але звязаны таямнічай эмацыйнай сувяззю, якую Кшыштаф Кеслёўскі падкрэслівае праз адлюстраванні, колеры, гукі і мноства іншых дэталяў, якія ўтвараюць безліч тонкіх паралеляў паміж дзвюмя гераінямі. У абрамленні бліскучай аператарскай працы Славоміра Ідзяка(польск.) бел. і таямнічай музыкі Збігнева Прайснера кінастужка ўяўляе сабой «адну з найбольш чыста метафізічных карцін», «незабыўную сімфонію пачуццяў»[7].

Прэм’ера фільма адбылася 15 мая 1991 года ў межах конкурснай праграмы Канскага кінафестывалю, дзе фільм быў адзначаны трымя ўзнагародамі, у тым ліку за найлепшую жаночую ролю .[8] «Падвойнае жыццё Веранікі» было абрана кандыдатам на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове ад Польшчы, але не патрапіла ў канчатковы спіс намінантаў.

Анатацыя[правіць | правіць зыходнік]

Лёс спрыяе маладой польскай жанчыне Вероніцы. Пасля імправізаванага спеву на сяброўчынай рэпетыцыі ёй прапаноўваюць сольную партыю ў канцэрце. Вероніка, аднак, пакутуе ад праблем з сэрцам і памірае падчас канцэрту. Незадоўга да смерці, ідучы Кракаўскай плошчай, яна на імгненне заўважае жанчыну, як дзве кроплі вады падобную на яе. Імя жанчыны Веранік, яна жыве ў Парыжы і працуе настаўніцай музыкі ў школе. Адразу ж пасля смерці Веронікі, аб чыім існаванні Веранік не падазрае, на яе накатвае хваля смутку і адзіноты. Па невядомых для яе самой прычынах яна кідае свае заняткі па вакале і звяртаецца да кардыёлага. Неўзабаве яна сустракае казачніка-лялькавода, які можа дапамагчы ёй разабрацца ў сабе і судакрануцца з таямніцай яе жыцця[9][10][11][12].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Польшча. Маці паказвае дзяўчынцы першую зорку ў вячэрнім небе. «Гэта зорка, якую мы чакалі, каб пачаць Вігілію» — кажа яна.
Францыя. Маці паказвае дзяўчынцы першы лісточак. «Зараз вясна, і хутка на ўсіх дрэвах з’явяцца лісточкі» — тлумачыць яна.

Польшча. Маладая жанчына Веро́ніка (Ірэн Жакоб) спявае ў хоры на вольным паветры. Знячэўку абрынаецца залева, і ўсе спевакі ўцякаюць. Вероніка адна працягвае цягнуць апошнюю ноту, усміхаючыся дажджу, што спадае ёй на твар. Пасля канцэрту Вероніка сустракае свайго каханага, Антэка (Ежы Гудэйка), і яны кіруюцца да яго на кватэру, дзе займаюцца каханнем. Вероніка гутарыць са сваім бацькам. Яна просіць яго паведаміць Антэку, што з’язджае да сваёй хворай цёткі ў Кракаў. Потым яна прызнаецца бацьку, што апошнім часам мае дзіўнае пачуццё, быццам яна не адна на свеце, але бацька не разумее яе слоў, а яна не можа патлумачыць.

Рынкавая плошча ў Кракаве, дзе Веро́ніка заўважае ў акне аўтобуса сваю двайніцу Верані́к.

Вероніка едзе ў Кракаў на цягніку. Дарогай яна разглядае пейзажы праз празрысты шарык: перакуленыя дамы, дрэвы, людзі. Прыехаўшы да цёткі (Халіна Грыгляшэўска), Вероніка расказвае ёй пра свае адносіны з Антэкам. Пазней яна дамаўляецца аб сустрэчы з сяброўкай, якая жыве ў Кракаве. Тая прапануе сустрэцца падчас рэпетыцыі хору, і Вероніка згаджаецца. Яна назірае за ходам рэпетыцыі, і ў пэўны момант пачынае падпяваць рэпетуючым мужчынам. У яе прыгожае звонкае сапрана, і хормайстар, азірнуўшыся, не прыпыняе яе. Пасля рэпетыцыі хормайстар прапануе Вероніцы прайсці праслухоўванне. Усцешаная Вероніка ляціць дамоў з папкай нот. Мінаючы Рынкавую плошчу, Вероніка трапляе ў натоўп пратэстуючых дэманстрантаў, якіх разганяюць сілавыя структуры. Адзін з уцякаючых дэманстрантаў на бягу сутыкаецца з Веронікай, і тая ўпускае папку і рассыпае ноты. Сабраўшы ноты, Вероніка заўважае маладую жанчыну, якая робіць здымкі пратэстуючых — жанчына выглядае дакладна як яна сама. Вероніка ў некаторай разгубленасці ўсміхаецца і назірае, як жанчына разам са сваёй турыстычнай групай сядае ў аўтобус і з’язджае.

На праслухоўванні Вероніка ўражвае сваімі вакальнымі здольнасцямі музычнага кіраўніка і дырыжора (Аляксандр Бардзіні). Аднак такое напружанне не праходзіць дарма. Па дарозе дамоў у Веронікі моцна прыхоплівае сэрца, аднак, перацярпеўшы, яна не звяртаецца да ўрачоў. Праз нейкі час Вероніцы паведамляюць, што яна выйграла конкурс і зацверджана салісткай. Калі цётка пытаецца, як у яе справы, Вероніка адказвае «Добра. Я нават спужалася, што занадта добра».

Вероніка ў трамваі вучыць ноты і знянацку заўважае, што за трамваем на матацыкле едзе Антэк. Выйшаўшы з трамвая, Вероніка спрабуе выбачыцца, што не адказвала на яго званкі. Антэк жа толькі кажа, што кахае яе, і што калі яна захоча яму нешта сказаць, то яна можа патэлефанаваць яму. Антэк з’язджае, але Вероніка кідаецца за ім і, дагнаўшы, просіць адвезці яе дамоў. Яна абяцае яму патэлефанаваць.

Вероніка прыбіраецца да канцэрта. Яна выглядвае ў акно і бачыць старэнькую бабульку, што, сагнуўшыся, цягне торбы. Вероніка прапануе ёй дапамогу, але бабулька не адзываецца. Гэтым вечарам Вероніка ўпершыню саліруе на вялікай сцэне. Яна неверагодна спявае, але напружанне замоцнае для яе сэрца. Вероніка падае мёртвай на сцэне, яе душа пралятае над галовамі слухачоў.

У той жа час у Парыжы маладая францужанка па імені Верані́к (Ірэн Жакоб) займаецца каханнем з маладым чалавекам, але знянацку на яе накатвае хваля смутку. Яна просіць маладога чалавека пакінуць яе адну. Веранік адпраўляецца да свайго настаўніка музыкі, каб сказаць, што кідае заняткі. Той абвінавачвае Веранік у тым, што яна зарывае свой талент, але яна цвёрдая ў сваім рашэнні, хоць і не можа патлумачыць прычын.

Школу, дзе Веранік выкладае музыку, наведвае тэатр марыянетак, і яна вядзе дзяцей на прадстаўленне. Спектакль расказвае гісторыю балерыны, якая, танцуючы, ламае сабе нагу і памірае. Аднак потым яна паўстае з мёртвых, пераўтвараючыся ў матыля. Пакуль дзеці ў захапленні назіраюць за прадстаўленнем, Веранік сочыць за лялькаводам (Філіп Вальтэр), якога бачыць у адлюстраванні. Ён таксама заўважае яе. Вярнуўшыся ў клас, Веранік прапануе дзецям развучыць мелодыю, якая гучала ў спектаклі — твор Ван дэн Будэнмаера, галандскага кампазітара XVIII ст. Гэта той самы твор, падчас выканання якога памерла польская дзяўчына Вероніка. Пасля заняткаў, калі Веранік выходзіць са школы, у яе прыхоплівае сэрца, і яна адпраўляецца ў лякарню. Вечарам, вяртаючыся на аўтамабілі дамоў, Веранік спыняецца на чырвоны сігнал святлафора і спрабуе закурыць. Побач стаіць фургон. Кіроўца сігналіць, прыцягваючы ўвагу Веранік, і паказвае ёй, што яна трымае цыгарэту не тым бокам. Веранік пазнае ў кіроўцы фургона лялькавода. Ноччу раздаецца тэлефонны званок, Веранік прачынаецца і бярэ трубку, але там маўчанне. Яна кажа, што павесіць трубку, але голас адказвае «Не». У трубцы чуецца музыка Ван дэн Будэнмаера.

Веранік едзе да свайго бацькі. Яна прызнаецца яму, што ў некага закахалася, але не ведае ў каго. Таксама яна кажа, што нядаўна адчула, што засталася адна, нібыта нехта знік з яе жыцця. Вярнуўшыся ў Парыж, Веранік атрымлівае дзіўны ліст: у канверце няма анічога апроч шнурка ад абутку. Яна выкідвае ліст у сметніцу. Веранік будзіць блік святла. Яна выглядвае ў акно і бачыць, што суседскі хлопчык пускае ёй у твар сонечнага зайчыка. Хлопчык усміхаецца ёй і знікае ў сваёй кватэры, але і пасля яго зыходу блік святла працягвае блукаць па пакоі Веранік. Веранік знаходзіць у сметніцы выкінуты раней ліст са шнурком. Разглядваючы сваю кардыяграму, яна кладзе на яе шнурок і расцягвае яго ў прамую лінію — шнурок нагадвае кардыяграму чалавека, у якога спынілася сэрца.

Вакзал Сен-Лазар, дзе Верані́к шукае Аляксандра.

Веранік даведваецца, што лялькавод — аўтар дзіцячых кніг Аляксандр Фабры, а гісторыя пра балерыну заснавана на яго кнізе «Страказа і матылёк». Адна з іншых яго кніг прысвечана шнурку ад абутку. Наступныя дні Веранік праводзіць за чытаннем кніг Аляксандра. Калі паштальён прыносіць ёй чарговую пасылку, яна ўгадвае, што там будзе пустая каробка з пад сігар «Вірджынія». Веранік наведвае бацьку, і той перадае ёй пакунак, адрасаваны ёй. Гэтым разам гэта аўдыёкасета. Застаўшыся адна, Веранік слухае таямнічы запіс поўны розных гукаў: гукі скамечанай паперы, крокі, рыпенне дзвярэй, гукі чыгуначнай станцыі і абслугоўвання ў кафэ, фрагмент музыкі Ван дэн Будэнмаера і ў завяршэнне гукі аўтакатастрофы. Усе гэтыя гукі і паштовы штэмпель на лісце прыводзяць Веранік у кафэ ля вакзала Сен-Лазар, побач з кафэ стаіць згарэлая машына. Менавіта тут магла быць запісана гэта касета. У кафэ Веранік бачыць Аляксандра, які сядзіць адзін за столікам, нібыта чакаючы яе. Аляксандр гаворыць Веранік, што чакае яе тут ужо два дні. Ён працуе над новай кнігай і гэта быў своеасаблівы эксперымент: ён хацеў даведацца, ці можа ў сапраўдным жыцці жанчына адклікнуцца на тыя знакі, што ён ёй пасылаў. Засмучаная і ўзлаваная тым, што яе проста выкарыстоўвалі, Веранік уцякае і хаваецца ад Аляксандра, той пускаецца ўдагонку, тады Веранік ловіць таксі.

Веранік здымае нумар у гатэлі. Аднак, збіраючыся падняцца ў нумар, сутыкаецца з Аляксандрам, які, відаць, бег за таксі. Ён просіць яе аб прабачэнні, і яна дазваляе яму падняцца ў нумар, дзе яны абодва засынаюць. Сярод ночы Аляксандр будзіць Веранік і гаворыць ёй, што кахае яе. Яны займаюцца каханнем. Раніцай Аляксандр распытвае Веранік пра яе жыццё. У адказ Веранік высыпае на ложак усё са сваёй сумачкі. Аляксандр разглядвае памаду, акуляры, празрысты шарык. Сярод іншых рэчаў Аляксандра зацікаўлівае раскадроўка фотаздымкаў, якія Веранік зрабіла падчас экскурсіі ў Польшчы. На адным з іх ён знаходзіць саму Веранік, але Веранік упэўнівае яго, што гэта не можа быць яна. Яна ўважлівей прыглядваецца да здымка і знянацку пачынае плакаць. Аляксандр суцяшае яе, і яны зноў займаюцца каханнем.

Веранік прачынаецца ў доме Аляксандра і знаходзіць яго за працай: ён майструе новую марыянетку. У марыянеткі твар Веранік. Побач ляжыць яшчэ адна марыянетка — такая ж. Веранік цікавіцца, навошта яму дзве аднолькавыя марыянеткі. «Для спектакля я раблю некалькі лялек. Яны лёгка ламаюцца», — тлумачыць Аляксандр. Ён паказвае Веранік, як кіраваць марыянеткай, іншая ж марыянетка ляжыць на стале — без жыцця. Аляксандр чытае Веранік сваё новае апавяданне: «23 лістапада 1966 года было самым важным днём у іх жыцці. Гэта быў той дзень, калі а трэцяй гадзіне раніцы яны абедзве з’явіліся на свет у двух розных гарадах, на двух розных кантынентах. У абедзвюх былі цёмныя валасы і зялёныя вочы. Ім было па два гады, і яны ўжо ўмелі хадзіць. Адна апяклася, дакрануўшыся да печы. А цераз некалькі дзён другая пацягнулася да печы, але своечасова адхапіла руку. Хаця яна не ведала, што можа апячыся». «Табе падабаецца?» — пытае Аляксандр. — «Гэта можна назваць „Падвойнае жыццё“... Я пакуль не ведаю, якія ім даць імёны»[13].

Веранік едзе да бацькі. Яна спыняе аўтамабіль перад варотамі дома і, працягнуўшы руку праз адкрытае акно, кладзе далонь на дрэва. Яе бацька, што працуе ў доме, адчувае, што прыехала Веранік, хоць яшчэ не ўбачыў яе.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

 Акцёр   Персанаж 
Польшча Польская частка фільма
Ірэн Жакоб(фр.) бел. Вероніка
Халіна Грыгляшэўска(польск.) бел. цётка Веронікі
Каліна Ендрусік(польск.) бел. хормайстар
Аляксандр Бардзіні(польск.) бел. дырыжор аркестра
Уладыслаў Кавальскі(польск.) бел. бацька Веронікі
Ежы Гудэйка(польск.) бел. Антэк
Ян Стэрніньскі адвакат
Багуслава Шуберт(польск.) бел. дама ў шляпе
Жак Патэн мужчына ў шэрым паліто





 Акцёр   Персанаж 
Францыя Французская частка фільма
Ірэн Жакоб(фр.) бел. Веранік
Філіп Вальтэр(фр.) бел. Аляксандр Фабры, лялькавод, пісьменнік
Сандрын Дзюма(фр.) бел. Катрын, сяброўка Веранік
Луі Дзюкрэ(фр.) бел. прафесар
Клод Дзюнетон(фр.) бел. бацька Веранік
Ларэн Эваноф Клод
Гіём дэ Танкедэк(фр.) бел. Серж
Жыль Гастон-Дрэйфус(фр.) бел. Жан-П’ер, муж Катрын
Ален Фрэро паштальён
Юсэф Хамід чыгуначнік
Т’еры дэ Карбаньерэ настаўнік
Шанталь Найвірт(фр.) бел. парцье
Наўсікая Рампані Ніколь
Багуслава Шуберт(польск.) бел. дама ў шляпе

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Падбор акцёраў[правіць | правіць зыходнік]

Ірэн Жакоб
Ірэн Жакоб на Канскім кінафестывалі 1991 года.

«Падвойнае жыццё Веранікі» — першы фільм Кшыштафа Кеслёўскага, які ён здымаў за мяжой, не маючы досведу працы ў заходняй сістэме кастынгу. Першапачаткова рэжысёр меў намер аддаць галоўную ролю ў фільме амерыканскай актрысе Эндзі Макдаўэл(англ.) бел.. Адбылася сустрэча і актыса пагадзілася здымацца ў фільме. Аднак прадзюсар, вырашыўшы, што вуснай дамоўленасці дастаткова, адклаў падпісанне кантракту. У выніку актрыса прыняла прапанову ад амерыканскай кінастудыі, якая магла даць больш годны ганарар, чым еўрапейская стужка з невялікім бюджэтам[14]. Пасля гэтай няўдачы Кеслёўскі адмовіўся ад думкі здымаць у ролі францужанкі актрысу з іншай краіны, прадбачачы незадаволеннасць французкай публікі, і прыступіў да пробаў сярод французскіх актрыс. У выніку ролю атрымала дваццацічатырохгадовая франка-швейцарская актрыса Ірэн Жакоб(фр.) бел., якая да таго здымалася ў некалькіх малавядомых фільмах, а таксама зыграла невялікую ролю ў стужцы Луі Маля «Бывайце, дзеці(англ.) бел.»[15][11]. Аглядальнік Джонатан Ромні адзначае, што ўявіць некага іншага ў ролях Веронікі і Веранік даволі складана. З аднаго боку гэта звязана з тым, што актрыса не мела іншых яркіх роляў на момант здымкаў і стала асацыявацца з вобразам, створаным у фільме Кеслёўскага, з іншага ж боку — гераіні, якіх іграе Ірэн, практычна ўвесь фільм знаходзяцца ў кадры, і таму складана ўявіць некага іншага на яе месцы[11].

Галоўная мужчынская роля першапачаткова прызначалася італьянскаму кінарэжысёру Нані Марэці(італ.) бел.. Кеслёўскі адзначае, што ў Марэці спалучаюцца і мужчынская сіла, і дзіўная пяшчота, якія ён хацеў адлюстраваць у персанажы Аляксандра Фабры. І хоць Марэці нячаста выступаў у ролі акцёра і іграў пераважна ў сваіх жа фільмах, ён пагадзіўся здымацца. Аднак пазней па прычыне хваробы Марэці адмовіўся ад ролі. Яго замяніў французкі акцёр Філіп Вальтэр(фр.) бел., якога Кеслёўскі прыкмеціў у фільме «Настаўнік музыкі(фр.) бел.»[15].

Здымкі і аператарская праца[правіць | правіць зыходнік]

Фільм здымаўся пераважна на мясцовасці ў Кракаве, Клермон-Феране, затым у Парыжы[16][17]. Аператарам фільма выступіў паляк Славомір Ідзяк(польск.) бел., з якім Кеслёўскі ўжо здымаў некалькі карцін, у тым ліку «Шнар», «Дэкалог, пяць» і яго поўнаметражную версію «Кароткі фільм пра забойства».

Аператарская праца Ідзяка ў «Падвойным жыцці Веранікі» надзвычай «манерная». Працягваючы эксперыменты, пачатыя пры здымках «Дэкалога», Ідзяк стылізуе «карцінку» ў своеасаблівай каляровай гаме з перавагай залацістых адценняў[18]. Сам рэжысёр тлумачыў выкарыстанне каляровых фільтраў неабходнасцю збалансаваць халодную шэрасць гарадскіх дэкарацый, сярод якіх здымаўся фільм[11]. Фільтры надаюць выяве змазанасць, расплывістасць, прывіднасць сна[19]. У цёплых «восеньскіх» фарбах праламляюцца асаблівасці светаўспрымання галоўных гераінь, а абраная колеравая гама надае стужцы адчуванне цеплыні і інтымнасці[19], што дапамагае здзяйсненню рэжысёрскай задумы глыбокага пранікнення ва ўнутраны свет абедзвюх дзяўчын.

Колеравая гама на працягу ўсяго фільма неаднастайная. Так, бураватыя колеры польскай восені ў першай траціне фільма на парадак больш змрочныя за французскія сцэны, насычаныя сонечным святлом Міжземнамор’я (здымаліся ў Клермон-Феране і Парыжы)[19]. Сцэны паўсядзённага жыцця кантрастуюць з кульмінацыйнымі сцэнамі ў канцэртных залах: смерць Веронікі падчас канцэрту, перараджэнне памерлай балярыны ў пастаноўцы лялечнага тэатра. Гэтыя дзве сцэны пабудаваны на амаль пагрозлівым спалучэнні чорнага з мігатлівым зеленаватым святлом рампы, уносячы трывожную ноту блізкасці чагосьці «тагасветнага»[19].

У многіх сцэнах камеру і прадмет падзяляе шкляная перашкода ў выглядзе акна ці шкляных дзверэй, у выніку чаго свет аказваецца праломленым пад нечаканым вуглом, прадметы — дзіўна скажонымі, экранныя прасторы множацца, у «карцінкі» ўзнікае «другое дно»[19]. У самым пачатку фільма такі эфект дасягаецца здымкамі праз лупу, у якую малая Веранік разглядае лісток. Затым функцыю «магічнага крышталя» бярэ на сябе дзіцячая цацка абедзвюх гераінь — сіліконавы шарык з зорачкамі. Да такіх прасторавых скажэнняў — нечаканых ракурсаў, люстэркава адлюстраваных або перавернутых на 180° вобразаў — Кеслёўскі звяртаецца і ў наступных сваіх працах.

Тэатр марыянетак[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівай увагі заслугоўвае тэатр марыянетак, які не толькі займае важнае месца ў сюжэце, але і выконвае значную ролю ў вобразным шэрагу фільма. Паводле ўспамінаў Кшыштафа Кеслёўскага, прафесія галоўнага героя, Аляксандра, была прыдумана цалкам выпадкова. Кеслёўскі і Пясевіч тады яшчэ не ўяўлялі, кім мусіць быць Аляксандр, і тут адзін з іх прыгадаў, што неяк бачыў па тэлевізары фрагмент выдатнага лялечнага спектакля. Пасля некаторых пошукаў удалося выясніць, што гэта фрагмент з цыкла фільмаў Джыма Хэнсана(англ.) бел. пра лялечнікаў, якія стварылі свае ўласныя тэатры, у прыватнасці туды ўвайшлі інтэрв’ю з Брусам Шварцам(англ.) бел. і фрагменты з яго спектакляў. Паглядзеўшы ўвесь цыкл, Кеслёўскі адзначыў для сябе, што Шварц з’яўляецца найлепшым з лялечнікаў. Шварц быў запрошаны да ўдзелу ў фільме, і хоць аказалася, што ён кінуў працу з лялькамі, прачытаўшы сцэнарый, Шварц згадзіўся вярнуцца да сваёй былой прафесіі[20].

У адрозненні ад большасці лялькаводаў, якія апранаюць цёмныя пальчаткамі, або карыстаюцца вяровачкамі і палачкамі, Шварц не хавае рукі падчас прадстаўлення, але маніпулюе лялькамі такім чынам, што глядач перастае звяртаць на іх увагу. Кеслёўскі адзначае, што гэты момант аказаўся істотным для фільма, бо глядач мусіў бачыць рукі Аляксандра, рукі таго, хто нечым маніпулюе[21].

Здымкі тэатральнага прадстаўлення з марыянеткамі адбываліся ў Клермон-Феране. Шварц прызнаўся, што ніколі не выступаў перад дзецьмі, дый яшчэ перад такой вялікай аўдыторыяй, бо ў здымках прымалі ўдзел каля двух соцень дзяцей. Шварц непакоіўся, што дзеці могуць не зразумець яго прадстаўлення, але адбылося ўсё дакладна наадварот: дзеці выказвалі самую непасрэдную рэакцыю, а пасля выступлення палтары гадзіны закідвалі Шварца пытаннямі, тлумачылі, як самі зразумелі казку. Па словах Кеслёўскага, менавіта гэта вызначыла атмасферу сцэны і зрабіла яе адной з самых узрушваючых у фільме[22].

Мантаж і варыятыўнасць сюжэту[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі выказвае думку, што па-сапраўднаму фільм нараджаецца не падчас здымкаў, але ў мантажнай. Здымкі ж — гэта толькі збор матэрыялу, падрыхтоўка магчымасцяў[23]. Паводле ўспамінаў Кеслёўскага, працуючы над «Падвойным жыццём Веранікі», разам з мантажорам Жакам Віта(англ.) бел. яны падрыхтавалі каля дваццаці чарнавых варыянтаў мантажу. У адных гісторыя апавядалася даволі празрыста, у іншых — станавілася значна больш няяснай. У адной версіі, напрыклад, фільм куды больш канцэнтраваўся на пабочнай сюжэтнай лініі, дзе Веранік згаджаецца ілжыва сведчыць у судзе на карысць сваёй сяброўкі. У іншай версіі гэта інтрыга знікала цалкам[11]. На пэўным этапе вытворчасці Кеслёўскі нават разглядаў магчымасць стварэння цэлага шэрагу версій фільма, каб у кожным кінатэатры падчас пракату ішла свая ўнікальная версія. Версіі маглі розніцца настроем, канцоўкамі, наяўнасцю ці адсутнасцю тых ці іншых сцэн і нават сюжэтных ліній. Сцэнарый быў напісаны з улікам такіх магчымасцяў, і адзнятага матэрыялу было дастаткова, аднак гэтая задума так і не была рэалізавана з-за недахопу часу і бюджэту[24]. У рэшце рэшт, адзначае крытык Джонатан Ромні, той варыянт фільма, які мы зараз маем — гэта толькі адна з мноства магчымых версій. І менавіта гэтая незавершанасць, гэтае пачуццё часовага і выпадковага ў канечным выніку забяспечвае пачуццё таямніцы фільма[11].

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

О чытачы, прашу, паверце мне вы,
Чым плыць у лодцы, хісткай і малой,
За караблём маім і слухаць спевы,

Вяртайцеся хутчэй на бераг свой!
За мною небяспечна плыць па моры —
Згубіцца можна ў далечы марской.

Плыву я ў невядомыя прасторы.
Спрыяе Апалон, Мінерва дзьме,
дапамагаюць музы бачыць зоры.

Музыка да фільма «Падвойнае жыццё Веранікі» была напісана польскім кампазітарам Збігневам Прайснерам. У фільме музыка займае вядучае месца, не толькі ствараючы адмысловую атмасферу, але і адыгрываючы ролю ў сюжэце. Абедзве галоўныя гераіні ў фільме адораныя вакалісткі, і адным з цэнтральных момантаў фільма з’яўляецца канцэрт, у якім Вероніка выконвае сольную партыю. Прайснер прыгадвае, што Кеслёўскі дрэнна разбіраўся ў музыцы, але выдатна разумеў яе ролю ў кіно. Так, даючы ўказанне наконт канцэрта, дзе павінна саліраваць Вероніка, Кеслёўскі наступным чынам апісаў неабходную музыку: «Ведаю, што гэта мусіць быць прыгожая песня. Мы павінны паказаць, што гэта дзяўчына — геній»[25]. Пры працы над фільмам большая частка музыкі пісалася да пачатку здымкаў. «Для „Веранікі“ я запісаў каля 80 працэнтаў музыкі да таго, як фільм быў зняты», — сцвярджае Прайснер[26].

Аўтарства вышэй згаданага канцэрта як у сюжэце, так і ў цітрах фільма, а таксама на дыску з саўндтрэкам прыпісваецца выдуманаму галандскаму кампазітару канца XVIII стагоддзя Ван дэн Будэнмаеру[27]. Апроч «Падвойнага жыцця Веранікі» яго музыка гучыць у фільмах «Дэкалог, дзевяць», «Тры колеры: Сіні» і «Тры колеры: Чырвоны». Гаворачы аб адрозненнях паміж уласнай творчасцю і творчасцю створанага ім кампазітара, Прайснер адзначае, што «Ван дэн Будэнмаер выразна выяўляе сябе слухачам як праз музыку, так і праз выбар тэкстаў»[28]. Так, у аснову канцэрта з «Падвойнага жыцця Веранікі» лёг фрагмент з «Боскай камедыі» ДантэРай», II, 1—9).

Саўндтрэк карціны быў выпушчаны ў 1991 годзе і сабраў шматлікія хвалебныя водгукі. Так, аглядальнік Міхнэ Мандутэану ў сваёй рэцэнзіі сцвярджае, што «Падвойнае жыццё Веранікі» — гэта фільм пра музыку, бо музычнае афармленне тут багатае, поўнае значэння і іграе не менш важную ролю, чым акцёрскае майстэрства. Паводле слоў рэцэнзента гэты фільм можна разглядаць як оперу з уласцівымі ёй харавымі спевамі, мелодыямі, што паўтараюцца, і шматчасткавай кампазіцыяй[27].

За музыку да фільма Збігнеў Прайснер быў узнагароджаны Прэміяй асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса[29][30].

Тэмы і вобразы[правіць | правіць зыходнік]

Тэма двайніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Тэма двайніцтва мае вытокі ў літаратуры эпохі рамантызму ў творах такіх аўтараў, як Гофман і Дастаеўскі. Даволі часта двайнік, ці допельгангер, уяўляе сабой адваротны бок персанажа («Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містара Хайда»), а ў псіхааналізе асацыіруецца з выцесненымі са свядомасці, «забароненымі» імпульсамі і жаданнямі. Часам, як у «Уільяме Уілсане(англ.) бел.», з’яўленне двайніка тоіць у сабе зародак гібелі героя; часам, як у Дастаеўскага, двайнік літаральна выцясняе «арыгінал» з яго жыцця і падмяняе яго сабой[19].

У кіно тэма містычнага двайніцтва закраналася пераважна ў экранізацыях літаратурных твораў, так як кіно гістарычна імкнулася да большага рэалізму экраннай рэчаіснасці, у той час як тэма двайніцтва разумее пад сабой некаторыя «тагасветныя» дапушчэнні накшталт перасялення душ і існавання паміж людзьмі тэлепатычных сувязяў. Часцей за іншых да гэтай тэмы звярталіся экспрэсіяністы(англ.) бел., напрыклад у нямецкім фільме «Пражскі студэнт(англ.) бел.» (1913), дзе таямнічы незнаёмец забірае адлюстраванне галоўнага героя ў люстэрку. Містычныя душэўныя сувязі і «абмен асобамі» паміж двума жанчынамі — тэма фільма Інгмара Бергмана «Персона(англ.) бел.» (1966), які ён лічыў адным з цэнтральных у сваёй творчасці[31]. Пазней да гэтай тэмы звярталіся і амерыканскія кінематаграфісты — у прыватнасці, Роберт Олтмен у «Трох жанчынах(англ.) бел.» (1977) і Дэвід Лінч у фільме «Малхоланд Драйв(англ.) бел.» (2001).

У фільме «Падвойнае жыццё Веранікі» двух незнаёмых між сабой гераінь злучае мноства нябачных для іх саміх нітачак:

  • Празрысты шарык з зорачкамі ўнутры, які абедзве Веранікі носяць у кішэнях і праз які любяць углядацца ў навакольны свет. Калі Веранік падносіць шарык да вока — у ім узнікаюць вобразы кракаўскай архітэктуры, якія нібыта прыйшлі з жыцця яе польскай двайніцы. Узнікненне гэтага вобразнага шэрагу звязана, верагодна, з тым, што рэжысёр, паводле ўспамінаў членаў здымачнай групы, меў звычку разглядаць сцэну праз прызму шклянкі з гарбатай ці бутэлькі з мінеральнай вадой[32].
  • Шнурок — бачны вобраз кардыяграмы і намёк на хваробы сэрца ў абедзвюх Веранік (на гэты сімвалізм указвае сам рэжысёр)[19].
  • Просты металічны пярсцёнак, якім абедзве дзяўчыны маюць звычку церці ніжняе века.
  • Падзенне на бягу, якое здараецца з абедзвюма дзяўчынамі. У выпадку Веронікі, якая падае на Рынкавай плошчы Кракава, гэтае падзенне нібы прадвесціць хуткую смерць гераіні.
  • Шаркаючая згорбленая бабулька, якая трапляецца на вочы абедзвюм гераіням — верагодна, сімвал тленнасці быцця.
  • Жанчына, якая праводзіць нядобразычлівым позіркам Веранік на вакзале Сен-Лазар а перад тым застаецца незадаволенай выступленнем яе польскай двайніцы на экзамене. Акрамя «дамы з нядобрым позіркам» (як яна названа ў сцэнарыі), у адным з парыжскіх эпізодаў павінен быў з’явіцца і бачаны ў Кракаве «мужчына ў шэрым паліто з футравым каўняром», але сцэна з яго ўдзелам была выразана[32].
  • Нумар 287 у кракаўскай і парыжскай гасцініцах, дзе спыняюцца Вероніка і Веранік.

Тэма сексуальнасці[правіць | правіць зыходнік]

«Падвойнае жыццё Веранікі» змяшчае цэлы шэраг сцэн сексуальнага зместу, аднак сексуальнасць у фільме не з’яўляецца прамалінейнай і адназначнай.

Джонатан Ромні адзначае, што Вероніка і Веранік з’яўляюцца адначасова сексуальнымі і дэсексуалізаванымі. З аднаго боку, абедзве жанчыны вядуць актыўнае палавое жыццё, але з іншага боку, сапраўднага экстазу гераіні дасягаюць у зусім несексуальных сітуацыях. Кінематаграфічны вобраз жаночага задавальнення тут выяўлены, напрыклад, у падстаўленым дажджу твары Веронікі, якая спявае, або у лунаючым руху камеры над Веранік, калі яна ўстае з ложку пасля чытання. Такое выяўленне стварае ўражанне, што перад гледачом не дзве дарослыя жанчыны, а хутчэй дзеці дасексуальнага ўзросту, падуладныя ўплыву і маніпуляванню аўтарытэтнымі дарослымі: лялечнікам, улюбёным бацькам або шаноўным дырыжорам[11].

Аналізуючы сексуальную складаючую фільма, канадская пісьменніца Дораці Камінгс Мак-Лін выказвае меркаванне, што Вероніка ў тым узросце, у той краіне, у тыя часы і пры яе характары не магла б так бесклапотна ставіцца да сексу да шлюбу, які ўяўляе сабой цяжкі грэх. Аднак, указваючы на далёкасць фільма ад якой-кольвек дакументальнасці, пісьменніца бачыць шэраг матываў, якія, магчыма, праследаваў рэжысёр у дадзеных сцэнах. Cцэна з Веронікай у пачатку фільма, паводле Мак-Лін, служыць ілюстрацыяй імпульсіўнасці гераіні, яе самазахопленасці і пэўнай нясталасці ў адносінах. Сцэны ж з Веранік — гэта выяўленне таго, што секс не з’яўляецца найпрасцейшым шляхам да эмацыйнай блізкасці а таксама якой нікчэмнай заменай сапраўднай блізкасці з’яўляецца секс[33].

Пракат і зборы[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ерны паказ фільма «Падвойнае жыццё Веранікі» адбыўся ў межах Канскага кінафестывалю 15 мая 1991 года. 7 верасня 1991 года фільм упершыню быў паказаны на амерыканскім кантыненце на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта. 20 верасня адбылася прэм’ера ў Злучаных Штатах Амерыкі ў межах Міжнароднага кінафестывалю ў Нью-Ёрку. У кастрычніку фільм быў прадстаўлены яшчэ на двух кінафествалях: на Варшаўскім кінафестывалі і на Міжнародным кінафестывалі ў Чыкага[34].

У шырокі пракат фільм выйшаў адначасова з канскай прэм’ерай: 15 мая — у Францыі, 16 мая — у Італіі. 20 верасня фільм выйшаў у скандынаўскіх краінах: Фінляндыі, Нарвегіі і Швецыі[34][35].

У французскім пракаце фільм заняў 52-е месца па зборах за 1991 год, агульная колькасць прададзеных квіткоў склала 592 241[36]. У Паўночнай Амерыцы фільм стартаваў у адным кінатэатры і сабраў за прэм’ерны ўікенд 8 572 долары. Агулам у паўночнаамерыканскім пракаце фільм ішоў у 22 кінатэатрах і сабраў 1 999 955 долараў, што з’яўляецца даволі значнай сумай для замежнага арт-хаўснага кіно[37].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie 4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 зорак[38]
Empire 4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 звёзд4 з 5 зорак[39]
Internet Movie Database 7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 звёзд7.9 з 10 зорак7.9 з 10 зорак7.9 з 10 зорак[40]
Metacritic 8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 звёзд8.6 з 10 зорак8.6 з 10 зорак[41]
Roger Ebert 4 з 4 звёзд4 з 4 звёзд4 з 4 звёзд4 з 4 звёзд[42]
Rotten Tomatoes 8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 звёзд8.5 з 10 зорак8.5 з 10 зорак[43]

Прэм’ера кінастужкі «Падвойнае жыццё Веранікі» на Канскім кінафестывалі прывяла крытыкаў у захапленне[11]. Кінааглядальнік «Financial Times» назваў Кеслёўскага гіпнатызёрам, які здольны заваражыць аўдыторыю нават фільмам з бессэнсоўным сюжэтам — «ды так, як не заварожваў ні адзін еўрапейскі фільм апошніх часоў»[11]. Джорджыя Браўн завяршыла свой хвалебны водгук у «Village Voice» параўнаннем сваёй рэцэнзіі з натужным менуэтам, выкананым ёй на глебе захаплення, якое выклікаў у яе прагляд фільма[11].

Польскія рэцэнзенты, усхваляваныя крахам сацыялістычнага строю ва Усходняй Еўропе, успрынялі «Падвойнае жыццё Веранікі» больш насцярожана, як крок Кеслёўскага ад сацыяльнай праблематыкі яго папярэдніх прац у бок «безадказнага» артхауса і «паверхневай метафізікі»[19]. На змену жорстка рэалістычнаму адлюстраванню паўсядзённых рэалій прыйшлі экзістэнцыяльныя загадкі[19]. Значны спецыяліст па польскім кіно, Пол Коўтс, абвінаваціў Кеслёўскага ў тым, што ён таксама, як і яго гераіня, дарма растрачвае дадзены яму талент. Між іншага ён адзначыў, што, не гледзячы на віртуознасць і ўсю прыгажосць, фільм пакідае па сабе пачуццё «нямоглага ўпрыгожвальніцтва»[19].

За межамі Польшчы новы фільм Кеслёўскага выдатна ўпісаўся ў стэрэатып еўрапейскага арт-хаўса замаруджаным тэмпам дзеяння, стылізаванай кінематаграфіяй, мноствам самацытат і магчымасцю разнастайных інтэрпрэтацый таго, што адбываецца на экране[19]. Гейлін Стадлар (прафесар кінамастацтва ў Мічыганскім універсітэце) успрымае «Падвойнае жыццё Веранікі» як занавес класічнага еўрапейскага арт-хаўса, у якім характарыстыкі фільмаў Рэнэ і Бергмана згушчаны да парадыйнага гучання[19]. Марэк Хальтаў параўноўвае познія працы Кеслёўскага са спагеці-вестэрнамі Серджа Леонэ, у якіх нагнятанне прыкмет адпаведнага жанра (вестэрна) стварае эфект свядомага маньерызма на мяжы пародыі[19].

Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт у сваім першапачатковым аглядзе 13 снежня 1991 года адзначыў фільм 3,5 зоркамі з 4[44]. Аднак пазней змяніў сваё меркаванне: у новым аглядзе фільма, апублікаваным 25 лютага 2009 года, Роджэр Эберт падняў ацэнку фільма да 4 зорак і змясціў яго ў свой спіс «Выдатных фільмаў» (англ.: Great Movies)[42].

Падагульняючы меркаванні крытыкаў, можна адзначыць, што фільм быў прыняты пераважна станоўча. Паводле дадзеных агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 26 рэцэнзентаў 22 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 85%[43]. Іншы папулярны агрэгатар крытычных аглядаў, «Metacritic», дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 86 балаў са 100 магчымых на аснове 10 рэцэнзій[41].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Кінапрэмія / Кінафестываль Дата і месца Катэгорыя / Узнагарода Намінант Вынік Сп.
44-ы[en] Канскі кінафестываль 09-20.05.1991
Каны
Palme-d-or.png «Залатая пальмавая галіна» Кшыштаф Кеслёўскі Намінацыя [45]
Найлепшая актрыса Ірэн Жакоб Перамога
Прыз ФІПРЭСІ Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
Прыз экуменічнага журы Кшыштаф Кеслёўскі Перамога
7-ы Варшаўскі міжнародны кінафестываль 04-14.10.1991
Варшава
Прыз глядацкіх сімпатый Кшыштаф Кеслёўскі Перамога [46]
49-я прэмія[en] «Залаты глобус» 18.01.1992
Беверлі-Хілз
Найлепшы фільм на замежнай мове Францыя Намінацыя [47]
17-я Прэмія асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 21.01.1992 Найлепшая музыка Збігнеў Прайснер («Падвойнае жыццё Веранікі», «Гульні ў палях Госпада», «Еўропа Еўропа») Перамога [29][30]
17-я прэмія[en] «Сезар» 22.02.1992
Парыж
Найлепшая актрыса Ірэн Жакоб Намінацыя [48]
Найлепшая музыка Збігнеў Прайснер Намінацыя
40-я прэмія Асацыяцыі кінакрытыкаў Аргенціны(англ.) бел.
«Сярэбраны кондар»
2012
Буэнас-Айрэс
Найлепшы замежны фільм «Падвойнае жыццё Веранікі», Кшыштаф Кеслёўскі (Францыя, Польшча) Намінацыя [49]
3-я прэмія «20/20» 22.02.2012
Сіэтл
Найлепшы фільм на замежнай мове «Падвойнае жыццё Веранікі» Намінацыя [50][51]

Уплыў на кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Вераніка і Амелі

Славомір Ідзяк, як і многія іншыя, задаваўся пытаннем аб магчымасці таго, што «Падвойнае жыццё Веранікі» паслужыла крыніцай натхнення для «Амелі» («Неверагодны лёс Амелі Пулен»): «Мяркую, Жан-П’ер Жэнэ многае пачарпнуў з “Падвойнага жыцця” для сваёй “Амелі”, будзь то моманты дзяцінства, яе ўзаемаадносіны з бацькам, разважанні аб уласным жыцці, або сцэна з матацыклам ці агульная каляровая гама. Гэтыя охрыстыя тоны. Тая ж аддаленасць, той жа іранічны тон. І дзяўчына ў цэнтры свету». Дык што? Хаця рэжысёр заявіў пасля выхаду фільма, што не задумваў такога, і агульнага з Кеслёўскім у яго зусім няшмат, некаторыя супадзенні застаюцца хвалюючымі: сустрэча на вакзале, пошукі дзяўчыны, яе схільнасць да маленькіх задавальненняў, дасылкі лістоў, важнасць некаторых прадметаў... Нарэшце, у Амелі кволае здароўе (сэрца), і яна спрабуе патлумачыць бацьку, што яна закаханая (але той не слухае).

Alain Martin. «La Double vie de Véronique, au coeur du film de Kieslowski»[52]

Ніводзін іншы польскі кінарэжысёр не знайшоў столькі вучняў і паслядоўнікаў у міжнародным кіно, як Кшыштаф Кеслёўскі. Глыбей за ўсё ў свядомасці кіна-паслядоўнікаў адбіліся познія фільмы рэжысёра, у якіх ён адмаўляецца ад рэалізму дзеля духоўна-кінематаграфічных пошукаў. Менавіта познія працы Кеслёўскага, сярод якіх тэлецыкл «Дэкалог», фільм «Падвойнае жыццё Веранікі» і трылогія «Тры колеры», часцей за ўсё зноў вяртаюцца на экраны ў выглядзе цытат, амажаў і аўтарскіх транскрыпцый у творах майстроў сучаснага кіно[53]. Біёграф рэжысёра, Станіслаў Завісліньскі, пералічвае ў сваім даследаванні не менш за два дзясяткі фільмаў, у якіх ёсць «нешта ад Кеслёўскага». Сярод адзначаных ім кінастужак ёсць творы такіх сусветна вядомых аўтараў, як Алехандра Гансалес Іньярыту, Том Тыквер, Жан-П’ер Жэнэ і Вонг Кар-Вай, а таксама творы польскіх кінематаграфістаў Ежы Штура, Кшыштафа Краўзе і Грэга Зглінскага[53].

Найбольш вядомым і паспяховым фільмам, створаным пад уплывам «Падвойнага жыцця Веранікі», з’яўляецца «Неверагодны лёс Амэлі Пулен» Жан-П’ера Жэнэ[53][52]. «Вераніку» і «Амелі» яднаюць многія кінематаграфічныя аспекты, пачынаючы ад падабенства сюжэтных матываў, асобных сцэн, вобразаў і дробных дэталяў, і сканчваючы падобнымі спосабамі пабудовы сюжэту і сюррэалістычнай эстэтыкай. Абодва фільмы расказваюць гісторыю родных душ, якія жывуць далёка адна ад адной, але мараць аднойчы сустрэць некага блізкага ім. У абодвух фільмах прысутнічае матыў гульні, калі адзін герой кіруе дзеяннямі другога, падаючы розныя знакі. У Амелі, як і ў Веранікі, няма братоў і сясцёр, абедзвюх гераінь яднае матыў хваробы сэрца[53]. Аднак «Вераніка» і «Амелі» маюць і істотнае ідэйнае адрозненне: тым часам, як фільм польскага рэжысёра тычыцца звышнатуральнага свету і можа быць асэнсаваны ў рэлігійным ці метафізічным сэнсе, гісторыя, расказаная Жэнэ, з’яўляецца па сваёй сутнасці чыста свецкай[53].

Матывы «Падвойнага жыцця Веранікі» таксама рэхам гучыць у фільме Алехандра Гансалеса Іньярыту «Вавілон» (2006), дзе лёсы некалькіх героеў, якія жывуць у розных кутках свету, нейкім чынам пераплятаюцца[53]. Да тых жа ідэй Кеслёўскага з «Падвойнага жыцця Веранікі» звяртаюцца і стваральнікі серыялу «Восьмае пачуццё(англ.) бел.», знятага для сеткі Нэтфлікс. Серыял, аўтарамі якога выступілі Майкл Дж. Старчынскі і браты Вачоўскі(англ.) бел., расказвае пра групу людзей, якія жывуць на розных кантынентах, але аказваюцца метафізічна звязанымі між сабой[53].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. http://www.zelluloid.de/filme/index.php3?id=22307 Праверана 10 красавіка 2018.
  2. 2,0 2,1 http://www.imdb.com/title/tt0101765/ Праверана 11 красавіка 2016.
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 http://stopklatka.pl/film/podwojne-zycie-weroniki Праверана 11 красавіка 2016.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=97414.html Праверана 11 красавіка 2016.
  5. 5,00 5,01 5,02 5,03 5,04 5,05 5,06 5,07 5,08 5,09 5,10 http://www.imdb.com/title/tt0101765/fullcredits Праверана 11 красавіка 2016.
  6. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-11-0198-2 (т. 12), ISBN 985-11-0035-8. С. 501
  7. The Criterion Collection: The Double Life of Véronique (англ.) . «The Criterion Collection». Праверана 22 чэрвеня 2018.
  8. La Double Vie de Veronique: Festival de Cannes (англ.) . Праверана 22 чэрвеня 2018.
  9. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 260-261
  10. Ewa Nawój. Podwójne życie Weroniki (англ.) . «Сulture.pl» (Красавік 2011). Праверана 24 чэрвеня 2018.
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 11,4 11,5 11,6 11,7 11,8 11,9 Jonathan Romney. The Double Life of Véronique: Through the Looking Glass (англ.) . «The Criterion Collection» (2 лютага 2011). Праверана 18 чэрвеня 2018.
  12. Peter Bradshaw. The Double Life of Véronique (англ.) . «The Guardian» (17 сакавіка 2006). Праверана 25 снежня 2018.
  13. La Double vie de Véronique, 2006, с. 14
  14. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 174
  15. 15,0 15,1 Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 175
  16. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 197
  17. La double vie de Véronique: Filming & Production (англ.) . «Internet Movie Database». Праверана 23 чэрвеня 2018.
  18. The Red and the White: The Cinema of People's Poland, 2005
  19. 19,00 19,01 19,02 19,03 19,04 19,05 19,06 19,07 19,08 19,09 19,10 19,11 19,12 The Cinema of Krzysztof Kieślowski, 2004
  20. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 180
  21. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 181
  22. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 181-182
  23. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 202
  24. Kieślowski on Kieślowski, 1993, с. 187-188
  25. Інтэрв’ю з кампазітарам Збігневам Прайснерам. «Double Life of Veronique», Criterion Collection DVD, 2006. Выток: http://cinema-translations.blogspot.com.by/2011/06/zbigniew-preisner-working-with.html
  26. Geoffrey Macnab, Chris Darke. Working with Kieślowski // Sight and Sound. — 1996. — Т. 6. — № 5. — С. 20.
  27. 27,0 27,1 Mihnea Manduteanu. Soundtrack review: La double vie de Veronique (Zbigniew Preisner – 1991) (англ.) . «SoundtrackDreams.com» (18 лістапада 2017). Праверана 9 лютага 2019.
  28. Contemporary Film Music, 2017, с. 61-62
  29. 29,0 29,1 17th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.) . Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 5 чэрвеня 2018.
  30. 30,0 30,1 David J. Fox. 'Bugsy' Top Film for L.A. Critics : Movies: The film takes 3 awards, including best director; Nick Nolte, Mercedes Ruehl earn top acting honors (англ.) . «Los Angeles Times» (16 снежня 1991). Праверана 5 чэрвеня 2018.
  31. Lloyd Michaels. Ingmar Bergman’s Persona. Cambridge University Press, 2000. ISBN 0-521-65698-2. Page 8.
  32. 32,0 32,1 La Double vie de Véronique, 2006
  33. Dorothy Cummings McLean. The Double Life of Veronica (англ.) . «Ignatius Press Novels» (10 снежня 2014). Праверана 2 снежня 2018.
  34. 34,0 34,1 La double vie de Véronique: Release Info (англ.) . «Internet Movie Database». Праверана 23 чэрвеня 2018.
  35. Podwójne życie Weroniki (1991): daty premier filmu (англ.) . «Filmweb». Праверана 24 чэрвеня 2018.
  36. La Double vie de Véronique (The Double Life of Veronique) (1991) — JPBox-Office (фр.) . «JP's Box-Office». Праверана 30 кастрычніка 2018.
  37. The Double Life of Veronique (1991) — Box Office Mojo (англ.) . «Box Office Mojo». Праверана 30 кастрычніка 2018.
  38. The Double Life of Veronique (1991) (англ.) . «AllMovie». Праверана 5 чэрвеня 2018.
  39. David Parkinson. The Double Life of Veronique Review: Empire (англ.) . «Empire» (1 студзеня 2000). Праверана 5 чэрвеня 2018.
  40. La double vie de Véronique: IMDb (англ.) . «Internet Movie Database». Праверана 23 чэрвеня 2018.
  41. 41,0 41,1 The Double Life of Veronique Reviews: Metacritic (англ.) . «Metacritic». Праверана 5 чэрвеня 2018.
  42. 42,0 42,1 Роджэр Эберт. The Double Life of Veronique Movie Review (1991): Roger Ebert (англ.) . Роджэр Эберт (25 лютага 2009). Праверана 5 чэрвеня 2018.
  43. 43,0 43,1 La Double Vie de Véronique (The Double Life of Veronique) (1991): Rotten Tomatoes (англ.) . «Rotten Tomatoes». Праверана 5 чэрвеня 2018.
  44. Роджэр Эберт. The Double Life of Veronique Movie Review (1991): Roger Ebert (англ.) . Роджэр Эберт (13 снежня 1991). Праверана 4 чэрвеня 2018.
  45. Awards 1991: All Awards (англ.) . Праверана 3 сакавіка 2018.
  46. 7. Warszawski Festiwal Filmowy — 1991 (польск.) . «wff.pl». Праверана 19 ліпеня 2018.
  47. Winners & Nominees: The Double Life of Veronique (англ.) . Праверана 4 чэрвеня 2018.
  48. Palmarès 1992 — 17ème Cérémonie des César (фр.) . Праверана 4 чэрвеня 2018.
  49. Argentinean Film Critics Association Awards (1992): IMDb (англ.) . «Internet Movie Database». Праверана 25 лістапада 2018.
  50. 2012 Nominees – 3rd Annual 20/20 Awards (англ.) . «20/20 Awards». Праверана 19 ліпеня 2018.
  51. 3rd Annual 20/20 Awards - Recap (англ.) . «20/20 Awards» (19 сакавіка 2012). Праверана 19 ліпеня 2018.
  52. 52,0 52,1 La Double vie de Véronique, 2006, с. 196
  53. 53,0 53,1 53,2 53,3 53,4 53,5 53,6 Bartosz Staszczyszyn. Cinema After Kieślowski: The Master Lives On (польск.) . «Culture.pl» (19 чэрвеня 2015). Праверана 14 жніўня 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]