Відзаўская мячэць
Славутасць | |
Відзаўская мячэць | |
---|---|
| |
55°23′20″ пн. ш. 26°38′01″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Відзаўская мячэць — мячэць ў г. п. Відзы (Віцебская вобласць).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мусульманскі прыход у Відзах быў арганізаваны ў 1816 г., аднак пэўны час свайго храму вернікі не мелі. У рапарце Браслаўскага земскага суда да губернскіх уладаў за 1829 г. адзначалася, што «в здешнем уезде татарских мечетей не находится». Настаўнік М. Посах у кніжцы «Видзы» (1895) пісаў, што мячэць узведзена ў 1857 г. і што «па знешнему выгляду мячэць нічым не адрозніваецца ад хрысціянскага храма, толькі на мінарэце ў выглядзе званіцы замест крыжа ўстаноўлены паўмесяц».
У Каўнаскім акружным архіве зхнаходзіцца справа (F. 473, воп. 1, спр. 2789), з яе вынікае, што ініцыятарам узвядзення святыні быў Якуб сын Мустафы Якубоўскі, які належаў да дваранскага саслоўя. Ён арганізаваў зварот прыхажан да Таўрычаскага (у Крыме) духоўнага праўлення з просьбай аб садзейнічанні ў будаўніцтве мячэці. Узнікла ініцыятыва прыкладна ўвосені 1860 г. Для Відз быў распрацаваны праект, які арыентаваўся на праект мячэці перад тым узведзенай у г. Акермане (сучасны г. Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобл.). Узводзілася мячэць пасля 1861 г. Яна служыла для патрэб мусульман-татар Відзаў (у канцы ХІХ ст. іх налічавалася каля 150 чалавек), а таксам іншых паселішчаў Нова-Аляксандраўскага, Дзісенскага і Свянцянскага паветаў.
У гады Першай сусветнай вайны мусульманская святыня была знішчана. Пасля віхурных падзей вайны і рэвалюцыі колькасць вернікаў-мусульман зменшылася (1923 г. — 94 чалавекі). Жыццё абшчыны прыходзілася арганізоўваць нанава: храм не ацалеў, кнігі і пячаткі былі адвезены ў Сімферопаль (да 1-й сусветнай вайны Відзскі прыход падпарадкоўваўся Крымскаму муфцію).
1 ліпеня 1923 г. у Відзах адбыўся першы арганізацыйны сход відзскіх татар. Сход абраў мулой Аляксандра Радкевіча, які займаў гэту пасаду і да вайны. Было вырашана аднавіць мячэць. Гарадскі камітэт па аднаўленню святыні ўзначаліў мула. Кожны з прысутных абяцаў дапамагаць справе і фінансава і сваім удзелам у працах. Улічваючы, што самі вернікі значна пацярпелі ад вайны, сход звярнуўся да ўлад з просьбай аказаць дапамогу. У 1927 г. быў пабудаваны парафіяльны дом, які дзейнічаў і як малітоўны. У тым жа годзе быў зроблены праект новай мячэці (аўтар невядомы).
Рэалізаваць задуманае ўдалося толькі праз 11 гадоў. Мячэць была ўрачыста адчынена 15 чэрвеня 1934 г. Прысутнічалі вернікі Відзаў і наваколля, прадстаўнікі ўладаў. Першую службу правёў муфцій Рэчы Паспалітай Якуб Шынкевіч (пасля аднаўлення дзяржаўнасці Польшчы, татары краіны абралі асобнага муфція, які меў рэзідэнцыю ў Вільні. У 1925 г. у Польшчы налічвалася 19 татарскіх парафій, у т.л. у Віленскім ваяводстве — 7, Наваградскім — 9).
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Гэта быў драўляны будынак, блізкі ў плане да квадрата (14,3x14,5 м), з адной вежай мінарэта. Дах чатырохсхільны, пакрыты бляхай, з дзвюма люкарнамі на папярочнай восі. На заходнім (галоўным) фасадзе па ўсёй шырыні сцяны мелася прыбудова, пакрытая дахам, з ганкам з шасцю слупамі, размешчанымі ў пару. Над ганкам быў узведзены мінарэт у выглядзе чатырох-яруснай вежы. У кожным з першых трох ярусаў меліся вокны рознай формы. Мінарэт быў пакрыты маленькім чатырохсхільным дахам з паўмесяцам уверсе. Агульная вышыня 14,9 м. Мячэць мела два асобны ўваходы: у левы бок для жанчын, у правы — для мужчын. Міраб пяцівугольны, адносна шырокі і высокі (5 м), пакрыты пяцісхільных дахам з карнізам. Вокны прамавугольныя. У малітоўнай залі галерэя трымалась на двух слупах.
Як сведчаць старажылы, аздабленне інтэр’ера мячэці было вельмі сціплым. Адметнай дэталью любой мячэці была абсалютная чысціня. Побач з Відзаўскай мячэццю знаходзіўся калодзеж, вада якога вылучалася асаблівай празрыстасцю і якасцю. Святыня служыла людзям зусім мала, па вайне мячэць зачынілі і выкарыстоўвалі пад розныя гаспадарчыя патрэбы, а потым увогуле разабралі.
З красавіка 1994 г. у Відзах зноў пачала дзейнасць мусульманская абшчына. Набажэнствы дагэтуль праводзяцца ў прыстасаваным памяшканні.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Відзаўская мячэць на сайце Radzima.org