Перайсці да зместу

Галісійцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галісійцы
(Galegos)
Агульная колькасць 4 593 тыс. (2012 г.)
Рэгіёны пражывання  Іспанія — 3 787 тыс.

 Партугалія — 16 тыс.
 Аргенціна — 697 тыс.
 Уругвай — 41 тыс.
 Мексіка — 12 тыс.

Мова галісійская
Рэлігія каталіцтва
Блізкія этнічныя групы іспанцы, партугальцы, каталонцы

Галісійцы (саманазва galegos) — народ у Іспаніі, асноўнае насельніцтва гістарычнай вобласці Галісія.

Тэрыторыя пражывання і колькасць

[правіць | правіць зыходнік]

Карэнным рэгіёнам пражывання галісійцаў з'яўляецца Галісія, а таксама іншыя тэрыторыі Іспаніі і суседняй Партугаліі. Агульная колькасць у Іспаніі - 3 787 тыс. чал., у Партугаліі - 16 тыс. чал. У выніку эміграцыі склаліся буйныя галісійскія групы ў Аргенціне (697 тыс.), Уругваі (41 тыс. чал.), Мексіцы (12 тыс. чал.) і г. д. Усяго ў свеце пражывае 4 593 тыс. чал. (2012 г.)[1].

Галоўны артыкул: Галісійская мова.

Галісійцы размаўляюць па-галісійску (больш за 90% насельніцтва Галісіі). Галісійская мова (гальега) належыць да заходне-раманскай падгрупы раманскай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і і блізкая да партугальскай. Пісьменнасць на аснове лацінкі. Біблію на галісійскую мову цалкам пераклалі ў 1989—1992 гг.

Этнагенез галісійцаў звязаны з плямёнамі галаікаў, што ўзніклі ў выніку змяшання міграцый кельтаў і карэнных эстрымніяў. З паходжання галісійцы спародненыя з партугальцамі. У Сярэднявеччы, у сувязі з далучэннем да Кастыліі (Іспаніі), былі аб'ектам кастылізацыі (іспанізацыі). З пачатку 19 ст. узнік рух за адраджэнне галісійскай нацыі, мовы і культуры галісійцаў. У канцы 19 — пачатку 20 стагоддзяў вялікая колькасць галісійцаў эмігравала ў Лацінскую Амерыку, у тым ліку ў Аргенціну і Уругвай. У 1981 годзе галісійцы атрымалі аўтаномію. З 1990-х гг. адбываецца ўздым цікавасці да нацыянальнай культуры сярод галісійцаў.

За ўсю сваю гісторыю Галісія мела дзяржаўнасць толькі аднойчы, у 1111 годзе, калі быў каранаваны галісійскі кароль. Але ўжо праз некалькі гадоў Галісійскае каралеўства было заваявана маўрамі, а яго паўднёвая частка адыйшла да Партугаліі.

Духоўная культура

[правіць | правіць зыходнік]

У духоўнай культуры (песенны фальклор) адчуваюцца кельцкія ўплывы. Традыцыйны музычны інструмент — гайта (дуда). У вуснай традыцыі пераважаюць жартоўныя казкі, показкі і жарты, у тым ліку антырэлігійнага зместу [2]. Арыгінальнасцю вызначаецца галісійскі танцавальны фальклор — сярод танцаў мужчынскія танцы-змаганні і змешаны танец муньейра.

У кафедральным саборы сталіцы Галісіі, горадзе Сант’яга-дэ-Кампастэла пахаваныя мошчы аднаго з 12 апосталаў Хрыста — святога Якава (па-іспанску: Яга, па-галісійску: Хаймэ). Паводле легенды святы Якаў, хрысціцель і патрон усяе Іспаніі, прайшоў пешкі ўсю дарогу на Пірэнейскі паўвостраў. Таму больш за 1000 гадоў існуе каталіцкі шлях-прошча — шлях святога Якава, які вядзе ў сталіцу Галісіі. Гэты шлях не раз бываў тэмай сюжэтаў літаратуры і кінамастацтва.

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Этнаграфічна галісійцы блізкія да рэшты насельніцтва Поўначы Пірэнейскага (Іберыйскага) паўвостраву.

Галісійцам уласцівыя дробныя пасяленні, змешчаныя недалёка адно ад аднаго і без строгай планіроўкі, а таксама хутары. Адмыслова галісійскае жытло — пальёса.

У нацыянальных касцюмах пераважаюць цёмныя колеры і тоўстыя ваўняныя тканіны, сукно, фланелі. Жаночы нацыянальны касцюм — доўгая спадніца і кофта з карсажам, ў якасці дэталяў — спадніца-накідка (мантэо) і хустка-дэнгэ, якою закрывалі спіну, а завязвалі накрыж на грудзях. Жаночае адзенне звычайна аздобленае стужкамі і ўпрыгожаннямі з бурштыну. Галаўны ўбор — таксама хустка. Мужчынскі нацыянальны касцюм галісійцаў складаецца з вузкіх (святочныя) альбо шырокіх (будзённых, дзеля працы на палетку) штаноў да кален, кашулі, камізэлькі і кароткай курткі. Мужчынскі і жаночы абутак — скураныя чаравікі.

Галісійская кухня адзначаецца простасцю і сціпласцю. Нацыянальныя стравы — пульпада, потэ гальега, каўбаскі са свініны (чарысас), суп з гародніны (кальда гальега), сала з дадаткамі розных спецый і жытні хлеб. Сярод напояў папулярныя, як і паўсюль у Іспаніі, віно і лікёры.

У галісійскай кухні да нядаўняга часу існавала негалосная забарона на ўжыванне грыбоў, тым болей дзіўная, што Галісія — лясістая краіна. Непрыйманне грыбоў у галісійскай культуры было такім моцным, што нават існавала прыслоў'е: «Найпрасцейшы спосаб памерці — з'есці грыб». Гэтае табу знікла толькі пад уплывам глабалізацыі.

У сусветнай цывілізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Галісійскія крыніцы ахвотна называюць вялізнае мноства палітычных, ваенных, культурніцкіх дзеячаў з галісійскімі каранямі, але вядомых у свеце як іспанцы, аргенцінцы і пад., бо галісійцы — недзяржаўны этнас. Звычайна такіх дзеячаў разрозніваюць на тры групы: 1) галісійцаў; 2) галісійцаў паводле паходжання, але вядомых у іншых культурных кантэкстах; 3) асоб, чыё галісійскае паходжанне спрэчнае.

Знаны галісійскі дудар Карлас Нуньес

Сярод вядомых галісійцаў:

  • Мендыньё, сярэднявечны галісійскі паэт-трубадур, які жыў у 13—14 стагоддзях. Захавалася яго паэма.
  • Радрыка дэ Кірога Лопес дэ Улоа (1512—1580), заваёўнік Амерыкі, двойчы быў каралеўскім генерал-губернатарам Чылі.
  • П. Мантоха-і-Пасарон, адмірал, камандуючы іспанскім флотам у час бітвы ў Манільскай бухце ў час іспанска-амерыканскай вайны (1898).
  • Аншо Кінтана, палітык, дзеючы кіраўнік Галісійскага Нацыяналістычнага Блока (Bloque Nacionalista Galego), вядучай патрыятычнай партыі галісійцаў.
  • Ш. Л. Ферын (Ferrín), галісійскі пісьменнік, прапанаваны ў 1999 годзе Асацыяцыяй галісійскіх пісьменнікаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі з літаратуры.
  • Спартсмены — Мічэль Сальгада, гулец зборнай Іспаніі па футболу і Оскар Перэйра, пераможца Тур-дэ-Франс 2006 года.

Сярод галісійцаў паводле паходжання:

Сярод вядомых асоб, чыё галісійскае паходжанне спрэчнае або недаведзенае:

  • амерыканскі астранаўт Ф. Кальдэйра (нашчадак галісійскіх эмігрантаў); аўстрыйскі аўтагоншчык, тройчы пераможца Чэмпіянату Формулы-1 Нікі Лаўда. Таксама лічыцца, что галісійскае паходжання мелі Сімон Балівар (паводле іншых звестак, у яго баскскія карані), Хуан Перон і нават Мігель Сервантэс.

Зноскі

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
па-галісійску