Ганур-Дэпэ
Ганур-Дэпэ (туркм.: Goňur depe «карычневы пагорак») — помнік Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса ў Туркменістане. Агульная плошча — каля 20 га (у перспектыве можа скласці 50 га).
Археалогія
[правіць | правіць зыходнік]Ганур-Дэпэ месціцца за 326 км на ўсход ад Ашгабата. Першаадкрывальнікам помніку з'яўляецца Віктар Іванавіч Сарыяніды, які распачаў археалагічныя раскопкі ў 1972 — 1974 гг. і выкарыстаў так званы «шырокі падыход», які прадугледжваў даследаванне значнай плошчы, але не дэталёвае вывучэнне кожнага пласта. Дзякуючы гэтаму ўжо да канца першага этапа раскопак В. І. Сарыяніды быў упэўнены, што адкрыў буйное паселішча цывілізацыі бронзавага веку. Пазней яна атрымала назву Бактрыйска-Маргіянскага археалагічнага комплекса. З канца XX ст. раскопкі Ганур-Дэпэ набылі міжнародны характар.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Ганур-Дэпэ прынята ўмоўна падзяляць на 3 часткі: паўночную, паўднёвую і вялікі некропаль.
Паўночны Ганур-Дэпэ займае плошчу 330 м × 460 м і ўтрымоўвае храмава-палацавы комплекс. Рэшткі вялікага ўмацаванага будынка, які называюць палацам, займае цэнтральнае месца комплекса на тэрыторыі прыкладна 150 м x 140 м. У мінулым яны былі абаронены двайным мурам з 2 дварамі і восевымі калідорамі. Палац умяшчаў склад і пакоі, што маглі з'яўляцца жытламі або заламі для прыёмаў і аўдыенцый. Каля ўвахода знаходзіліся керамічныя трубы, па якіх падавалася вада з бліжэйшых крыніц. Мяркуецца, што наведвальнікі мелі магчымасць рытуальнага абмывання перад заходам унутр. Каля палаца месціліся будынкі-храмы, а таксама «валадарскі» некропаль з 8 падземных будынкаў і 3 ямін. У месцы пахавання знойдзены прадметы з каштоўных металаў, слановай косці, рэшткі пахаваных свойскіх жывёл, у тым ліку каня. Комплекс датуецца перыядам ад 2400 г. да н. э. да 1900 г. да н. э.
Паўднёвы Ганур-Дэпэ займае плошчу 130 м × 120 м. У ім знойдзены рэшткі недабудаванага ўмацавання 1900 — 1600 гг. да н. э. з двайным мурам, 12 вежамі і храмам у форме паралелаграма. В. І. Сарыяніды лічыў, што храм з'яўляўся найстаражытнейшым сведчаннем практыкі зараастрыйскіх культаў, але ў нашы дні яго версія выклікае сумніў.
Вялікі некропаль — адно з найбуйнейшых вядомых месцаў пахавання бронзавага веку. Яго тэрыторыя складае каля 10 га і ўтрымоўвае болей за 3000 магільняў, у тым ліку калектыўных.
Старажытнае грамадства
[правіць | правіць зыходнік]Даследчыкі мяркуюць, што Ганур-Дэпэ з'яўляўся важным палітычным і рэлігійным цэнтрам цывілізацыі старажытных Маргіяны і Бактрыі. Яго насельнікі з'яўляліся нашчадкамі тубыльцаў эпохі неаліту, а таксама суседняга Іранскага нагор'я. Яны займаліся сельскай гаспадаркай і рамёствамі, а падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з Іранам і гарадамі Індскай цывілізацыі. Заняпад Ганур-Дэпэ мог быць выкліканы зменамі клімату, спусташэннем водных рэсурсаў, засаленнем глебы, а таксама ўварваннем індаеўрапейцаў, прадстаўнікоў суседняй Андронаўскай культуры.