Заходні край
Заходні край, або заходнія губерні (руск.: Западный край, або западные губернии; польск.: Kraj Zachodni) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва васьмі-дзесяці губерняў Расійскай імперыі (Віленская, Ковенская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская, Кіеўская, Валынская, Падольская і Холмская губерні), якая пачала стала ўжывацца пасля падаўлення Лістападаўскага паўстання (1830—1831) аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г. — для абазначэння зямель, атрыманых Расійскай імперыяй у ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова тэрмін быў уведзены расійскім урадам як жаданне паказаць дынастычна «рускі», а не «польскі» характар гэтых зямель былой федэрацыйнай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай (якая размоўна менавалася проста як «Польшча»).
Як асобная адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура Заходні край ніколі не існаваў, а вызначаўся спецыфікай кіравання і рэжымам законаў — галоўным чынам дыскрымінацыйнага характару ў адносінах да многіх катэгорый мясцовага насельніцтва (у параўнанні з іншымі часткамі Расійскай імперыі).
Першапачаткова тэрмінам «Заходні край» сукупна называлі восем губерняў (Літоўска-Віленская, Літоўска-Гродзенская, Мінская, Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Кіеўская, Валынская і Падольская губерні), якія (па стану на сярэдзіну 1830-х гг.) уваходзілі ў склад трох генерал-губернатарстваў — Віленскага ваеннага генерал-губернатарства, Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства і Віцебскага генерал-губернатарства. У 1842 г. шляхам вылучэння са складу Віленскай губерні некаторых яе паветаў была створана дзявятая губерня Заходняга края — Ковенская губерня. У 1912 г. шляхам вылучэння са складу Люблінскай губерні асобных паветаў з пераважна ўкраінскамоўным сялянскім насельніцтвам была створана Холмская губерня, якая была вылучана з-пад улады варшаўскага генерал-губернатара і перайшла пад прамое кіраўніцтва міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, а з 1915 г. — пад фармальную ўладу кіеўскага генерал-губернатара. Холмская губерня таксама пачала адносіцца да Заходняга края.
З пачатку 1840-х гг. пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839), што ўспрымалася афіцыйнымі расійскімі ўладамі як духоўнае і этнічнае «вяртанне» Расійскай імперыяй насельніцтва «спрадвечна рускіх зямель»[1], заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб'яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй», «Заходне-рускім краем»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі вобласцямі», бо гэтай назвай хацелася падкрэсліць яшчэ і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель. Па гэтай прычыне Віленскае ваеннае генерал-губернатарства атрымала паралельную назву Паўночна-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўночна-Заходняя Русь, «Паўночна-Заходняя Расія»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства — Паўднёва-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўднёва-Заходняя Русь», «Паўднёва-Заходняя Расіія»)[2]. Віцебскае генерал-губернатарства працягвала паралельна менавацца як «беларускія губерні», «Беларускі край» ці «Беларусія».
Пасля пераводу ў 1863 г. (з-за пачатку паўстання 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губерняў пад уладу віленскага ваеннага генерал-губернатара тэрмін «паўночна-заходнія губерні» пачаў распаўсюджвацца і на гэтыя («беларускія») губерні. Пасля выхаду з-пад улады віленскага генерал-губернатара ў 1869 г. Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а ў 1870 г. — і Мінскай губерні, шэсць літоўска-беларускіх губерняў (Ковенская, Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская і Магілёўская губерні) працягвалі размоўна і публіцыстычна адносіцца да «паўночна-заходніх» (і адпаведна — да «заходніх губерняў»), а ўсе шэсць губерняў па ідэалагічных матывах захавалі сукупную назву «Паўночна-Заходні край» аж да падзення расійскага самадзяржаўя ў лютым 1917 г..
З пачатку 1840-х гг. часта «Паўночна-Заходні край» (г.зн. Віленскае ваеннае генерал-губернатарства) называўся як «Заходні край» («заходнія губерні»), хоць тэрмін «Заходні край» («заходнія губерні») ужываўся паралельна для абазначэння ўсіх дзевяці «заходніх губерняў» (Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, Ковенскай, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў).
Мясцовае каталіцкае і польскамоўнае дваранства Заходняга края, якое было генетычна нашчадкамі шляхты Рэчы Паспалітай і пераемнікамі яе культуры і традыцый, называла ў сваім асяроддзі гэтыя «заходнія губерні» як «Літва і Русь», карыстаючыся геаграфічнай і тапанімічнай тэрміналогіяй часоў Рэчы Паспалітай. У асяроддзі мясцовай шляхты таксама ўзнік і тэрмін «ziemie zabrane» («захопленыя землі»)[3], які меў сентыментальную і высокаэмацыянальную афарбоўку незадаволенасці існуючым становішчам, бо расійская ўлада цвёрда лічыла «заходнія губерні» «заходне-рускімі» і не жадала ні ў якім разе ўключаць («аддаваць») у склад супольнай аўтаноміі з польскімі землямі (Царствам Польскім), што нейкім чынам нагадвала б вобраз былой Рэчы Паспалітай. Да «захопленых зямель» адносілася таксама і Курляндыя — Курляндская губерня Расійскай імперыі.
-
Палажэнне Камітэта міністраў 17 лютага 1853 г. Аб парадку цэнзуравання рукапісных пропаведзяў, казаных у рымска-каталіцкіх касцёлах. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 28, аддз. 1, №27017. (пачатак)
-
Палажэнне Камітэта міністраў 17 лютага 1853 г. Аб парадку цэнзуравання рукапісных пропаведзяў, казаных у рымска-каталіцкіх касцёлах. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 28, аддз. 1, №27017. (заканчэнне)
-
Тэндэнцыйная карта дзевяці губерняў «Заходне-рускага края», створаная афіцыйнай расійскай імперскай навукай, дзе праваслаўныя («рускае племя») адзначаны зялёным колерам, а каталікі — цёмна-ружовым (1864 г.). Картограф А.Ф. Рыціх
-
Карта «Літвы і Русі: Літва, Беларусь, Падолія, Валынь і Украіна», 1911 г. Картограф Юзаф Міхал Базевіч
-
«Захоплены край» (жоўты колер) на фоне граніц Рэчы Паспалітай (1771) і Расійскай імперыі (1834)
-
Карта Холмскай губерні
-
Вокладка часопіса «Litwa i Ruś» (Вільня), 1911 г.
Зноскі
- ↑ У тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне.
- ↑ Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 103.
- ↑ Тэрмін «ziemie zabrane» у 1834 г. упершыню ў публіцыстыку ўвёў Маўрыцый Махнацкі (1803—1834), відны ўдзельнік паўстання 1830—1831 гадоў.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Камітэт заходніх губерняў (1831—1848)
- Заходні камітэт (1862—1865)
- заходнерусізм
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Большакова, О.В. Российская империя: система управления. Современная зарубежная историография: аналитический обзор / О.В. Большакова ; Центр социал. науч.-информ. исслед. Отд. отеч. и зарубеж. истории; Отв. ред. В.М. Шевырин. — М., 2003. — 92 с. [1](недаступная спасылка)
- Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — Москва: Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
- Западный край // Энциклопедический словарь; изд. Ф.А. Брокгауз, И.А. Эфрон. — СПб : Тип. И.А. Эфрона, 1894. — Т. XII. — С. 247.
- Западный край // Большая энциклопедия: Словарь общедоступных сведений по всем отраслям знания; под ред. С.Н. Южакова. — СПб : Тип. Тов-ва «Просвещение», 1902. — Т. 9. — С. 507.
- Каппелер, А. Россия — многонациональная империя: Возникновение. История. Распад / А. Каппелер; пер. с нем. С. Червонная. — М. : Традиция, 2000. — 344 с. — ISBN 5-89493-009-Х
- Коялович, М.О. Чтения по истории Западной России / М.О. Коялович. — СПб, 1884. — 341 с.
- Липранди, А.П. «Отторженная возвратих»: Падение Польши и воссоединение Западно-Русского края / А.П. Липранди (А. Волынец). — СПб : Калашниковск. тип. А.Л. Трунова, 1893. — 80 с.
- Лысенко, Л.М. Губернаторы и генерал-губернаторы Российской империи (XVIII – начало XX века) / Л.М. Лысенко. — М. : МПГУ, 2001. — 2-е изд. — 358 с.
- Реклю, Э. Россия европейская и азиатская : в 2 т. / Э. Реклю. — Т. 1. Европейская Россия. До Урала. — СПб. : А. Ильин, 1883. — 700 с.
- Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX века / Ред. В.П. Панютич. — Минск : Наука и техника, 1980. — 224 с.
- Столпянский, Н.П. Девять губерний Западно-Русского края в топографическом, геогностическом, статистическом, экономическом, этнографическом и историческом отношениях : (С карт. девяти губерний края) / Н.П. Столпянский. — СПб : тип. Гогенфельдена и К°, 1866. — 200 с.
- Устрялов, Н.Г. Исследование вопроса, какое место в русской истории должно занимать Великое княжество Литовское? / Н.Г. Устрялов. — Санкт-Петербург : тип. Экспедиции заготовления гос. бумаг, 1839. — 42 с.
- Устрялов, Н. Русская история: в 2 ч. / Н. Устрялов. — Изд. 5-е. — Санкт-Петербург : тип. Апполона Фридрихсона, 1855. — Ч. 2. Новая история. — 600 с.
- Цьвікевіч, А. «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. / А. Цьвікевіч. — 2-е выд. — Мінск : Навука і тэхніка, 1993. — 352 с.
- Эркерт, Р.Ф. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России : (с атласом) / [соч.] Полк. Р. Ф. Эркерта. — Санкт-Петербург : тип. Дома призрения малолет. бедных, 1864. — 72 с.
- Rodkiewicz, W. Russian Nationality Policy in the Western Provinces of the Empire (1863—1905) / W. Rodkiewicz. — Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998. — 257 s.
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Заходні край