Какосавае малако
Какосавае малако — малочна-белая саладкаватая вадкасць, якую вырабляюць з мякаці спелага какосавага арэха. Какосавае малако ўжываюць як складнік для гатавання розных страў пераважна ўсходняй кухні. Какосавае малако трэба адрозніваць ад какосавай вады (какосавага соку) — натуральнай вадкасці, якая знаходзіцца ўнутры какосавага арэха.
Змяшчэнне тлушчаў у какосавым малацэ ў сярэднім складае 27 %, вугляводаў — 6 %, бялкоў — 4 %. Акрамя гэтага, яно змяшчае вітаміны В1, В2, В3, С.
У адрозненне ад какосавай вады, какосавае малако — штучны прадукт, сумесь здробленай мякаці какоса і вады. У Малайзіі, Брунеі і Інданезіі какосавае малако звычайна называюць сантанам, на Філіпінах — гатай.
Какосавае малако звычайна вар’іруюць па ступені гушчыні (найбольш густое называюць какосавымі вяршкамі). Больш густыя гатункі звычайна ўжываюць для гатавання дэсертаў і тлустых соусаў, менш густыя — у супах (напрыклад, саюр-ладэ), а таксама для другіх страў.