Перайсці да зместу

Калона Коналі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Калона Коналі
Гады існавання 19361938
Краіна  Другая Іспанская Рэспубліка
Падпарадкаванне Інтэрнацыянальныя брыгады
Уваходзіць у XV інтэрбрыгада імя Аўраама Лінкальна
Тып рота
Колькасць 145 чалавек[1]
Дыслакацыя Альбасетэ
Заступнік Джэймс Коналі
Удзел у Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Фрэнк Раян

Калона Коналі (англ.: Connolly Column, ісп.: Columna Connolly, ірл.: Colún Uí Chonghaile) — падраздзяленне ірландскіх добраахвотнікаў, якое змагалася ў складзе інтэрнацыянальных брыгад на баку рэспубліканцаў падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Калона названа ў гонар Джэймса Коналі, дзеяча Велікоднага паўстання і камандзіра Ірландскай грамадзянскай арміі. Па памеры была роўна роце, уваходзіла ў 15-ю інтэрбрыгаду, дзе служылі ірландскія, брытанскія і амерыканскія добраахвотнікі.

У ліпені 1936 года лідар ірландскіх рэспубліканцаў Пітэр О’Донэл адправіўся ў Барселону для падрыхтоўкі Народных Алімпійскіх гульняў, якія планавалася правесці ў знак пратэсту супраць летняй Алімпіяды ў Берліне. У сувязі з грамадзянскай вайной, якая раптам пачалася ў краіне, ён падтрымаў урад «Народнага фронту».

Па вяртанні ў Ірландыю О’Донэл заклікаў стварыць групу ірландскіх добраахвотніцкіх палкоў, якія падтрымалі б дзеючыя ўлады. Добраахвотнікамі сталі запісвацца салдаты Ірландскай рэспубліканскай арміі і Рэспубліканскага кангрэса: сярод кіраўнікоў ІРА было даволі шмат прыхільнікаў «левых», і падтрымка ірландцамі іспанскіх камуністаў і антыфашыстаў здавалася штодзённай справай.

Падставай для адпраўкі ў Іспанію былі не толькі падтрымка Другой Іспанскай Рэспублікі, але і нянавісць да ірландцаў, якія пайшлі ваяваць на бок франкістаў — пераважна да сінекашульнікаў. Многія прыхільнікі Франсіска Франка ваявалі на баку Ірландскай Свабоднай дзяржавы падчас грамадзянскай вайны ў Ірландыі. З іх была створана Ірландская брыгада колькасцю 800 чалавек. З гэтай прычыны многія лічылі Іспанію працягам асабістых «разборак» і нават самой ірландскай грамадзянскай вайны.

У снежні 1936 года 80 добраахвотнікаў на чале з былым афіцэрам ІРА Фрэнкам Раянам прыбылі ў Іспанію. Большасць байцоў — з Ірландскай Свабоднай дзяржавы (даволі шмат было членаў Камуністычнай партыі Ірландыі), астатнія — з Паўночнай Ірландыі (пераважна з Белфаста). Добраахвотнікі прыбылі на цягніку ў Перпіньян (Паўднёвая Францыя), затым накіраваліся ў Альбасетэ разам з Андрэ Марці. Шэраг ірландцаў адмовіліся запісвацца ў Брытанскі батальён інтэрбрыгад з-за сваіх палітычных перакананняў, а камандзір Раян паспрабаваў нават застрэліць аднаго англічаніна, калі выявіў, што той у перыяд вайны Ірландыі за незалежнасць служыў у шэрагах антыірландскай арганізацыі Black and Tans. Некаторыя байцы вырашылі не ўступаць у 15-ю інтэрбрыгаду, якой і была падпарадкавана калона Коналі, таму сышлі ў іншыя падраздзяленні.

У лютым 1937 года калона прыняла ўдзел у бітве пры Хараме, дзе панесла вялікія страты. У ліпені 1938 года ірландцы змагаліся ў апошнім наступленні рэспубліканцаў — бітве на Эбра. У верасні таго ж года ўрад Іспанскай Рэспублікі расфармаваў інтэрбрыгады, усвядоміўшы, што замежнікі ўжо нічым не змогуць дапамагчы. Ірландцы вымушаны былі пакінуць краіну. З іх жывымі на радзіму не вярнуліся ад 36[2] да 61[1] чалавек.

  • Песню «Viva la Quinta Brigada» ірландскі спявак Крысці Мур прысвяціў ірландскім добраахвотнікам інтэрнацыянальных брыгад, натхніўшыся кнігай Майкла О’Рыардана «Калона Коналі».
  • Іспанскім панк-рок гуртам Boikot быў зняты кліп на песню «Jarama», прысвечаны ўдзелу ірландскіх добраахвотнікаў у бітве пры Хараме.

Зноскі

  1. а б Review of O’Riordan’s memoir(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 чэрвеня 2020. Праверана 15 верасня 2022.
  2. アーカイブされたコピー. Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2012. Праверана 6 красавіка 2012.
  • Cronin, Séan. 1980. Frank Ryan: The search for The Republic. Dublin: Repsol. ISBN 0-86064-018-3.
  • Doyle, Bob. 2006. Brigadista: An Irishman’s Fight Against Fascism. Dublin: Currach Press. ISBN 1-85607-937-6.
  • Hoar, Adrian. 2004. In Green and Red: The Lives of Frank Ryan. Kerry: Brandon. ISBN 0-86322-332-X.
  • McGarry, Fearghal. 1999. Irish Politics and the Spanish Civil War. Cork: Cork University Press. ISBN 1-85918-239-9.
  • Ó Duinnín, Eoghan. 1986. La Niña Bonita agus an Róisín Dubh. Dublin: An Clóchomhar.
  • О’Риордан, Майкл Колонна Коннолли: Рассказ об ирландцах, сражавшихся в рядах интернациональных бригад в национально-революционной войне испанского народа 1936—1939 гг. = Connolly Column: The story of the Irishmen who fought for the Spanish Republic 1936—1939. — М.: Политиздат, 1987. — 253 с.