Капрэра
Капрэра | |
---|---|
італ. Caprera | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 15,7 км² |
Насельніцтва | 77 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 4,9 чал./км² |
Размяшчэнне | |
41°12′46″ пн. ш. 9°28′00″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Баніфача |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Капрэра (італ.: Caprera) — востраў на поўначы італьянскага аўтаномнага рэгіёна Сардзінія, частка архіпелага Ла-Мадалена. Плошча — 15,7 км². Насельніцтва (2009 г.) — 77 чалавек[1].
Уваходзіць у склад камуны Ла-Мадалена.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Капрэра месціцца ў 1,18 км ад паўночных берагоў вострава Сардзінія і ў 0,55 км на захад ад вострава Ла-Мадалена, з якім злучаны дамбай. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 8,64 км. Найбольшая шырыня — 3,36 км.
Суша складзена з граніту, на якім сустракаюцца асадкавыя горныя пароды. Берагі звілістыя са шматлікімі выступамі і залівамі. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Тэялонэ (212 м). На востраве ёсць некалькі невялікіх рэк. У цэнтральнай частцы — 2 вадасховішчы. Капрэра знакамітая хваёвымі лясамі.
Клімат міжземнаморскі са спякотным летам і адносна прахалоднай зімой, якую вызначае містраль.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Капрэра быў населены ў часы Старажытнага Рыма, аднак у перыяд Сярэднявечча быў пакінуты з-за нападаў карсараў. Улетку пастухі з суседніх астравоў прыганялі сюды коз, адкуль паходзіць сучасная назва Капрэры (ад лац.: capra «каза»).
У 1851 г. востраў набыла брытанская пара Рычарда і Эмы Колінз. У 1856 г. паўночная частка была выкуплена Джузэпэ Гарыбальдзі. Ён пабудаваў тут свой дом у стылі лацінаамерыканскай фасіенды, займаўся сельскай гаспадаркай, саджаў дрэвы, меў некалькі аслоў, якім даваў імёны сваіх асабістых ворагаў. Сваякі дапамаглі Джузэпэ Гарыбальдзі выкупіць у сям'і Колінз паўднёвую частку. У 1882 г. знакаміты італьянскі дзеяч памёр у сваім доме на востраве. У нашы дні гэты дом з'яўляецца музеем.
-
Дом Дж. Гарыбальдзі ў канцы XIX ст.
-
Дом-музей Дж. Гарыбальдзі ў нашы дні
Ахова
[правіць | правіць зыходнік]У 1982 г. востраў Капрэра быў абвешчаны прыродным запаведнікам. У 1994 г. уключаны ў склад нацыянальнага парка Ла-Мадалена.